Царкоўная унія
У гэтым артыкуле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
Царкоўная унія — аб’яднаньне дзьвюх цэркваў (або іх часткі) на аснове агульных традыцыяў, літургіі, дактрыны і арганізацыі (або некаторых з гэтых элемэнтаў) з падпісаньнем акту аб кананічнай сулучнасьці. Панятак «царкоўная унія» найчасьцей выкарыстоўваюць у адносінах да вызнаўцаў усходняга хрысьціянства, якія зьядналіся з Каталіцкай царквой, аднак царкоўныя уніі заключалі між сабою таксама і пратэстанцкія цэрквы і супольнасьці, а таксама праваслаўныя.
Галоўным натхненьнем для ўсіх царкоўных уніяў была ідэя вяртаньня да першаснай еднасьці ўсіх хрысьціянаў, да агульных каранёў хрысьціянства. Да царкоўнай уніі магла прыступаць уся царкоўная супольнасьць або яе частка. Асноўным закідам супраць практыкі уніяў зьяўляецца празэлітызм.
Утвораныя ў выніку царкоўных уніяў каталіцкія ўніяцкія цэрквы маюць герархічную структуру пад зьверхніцтвам рымскага папы, у той час як пратэстанцкія цэрквы, як правіла, маюць фэдэрцыйны характар.
Каталіцтва
рэдагавацьЦаркоўныя уніі ў гісторыі Каталіцкай Царквы ўяўляюць сабой зьяднаньне Ўсходняй (праваслаўнай ці старажытнаўсходняй) царквы або яе часткі з Заходняй (рымска-каталіцкай) царквой на ўмовах прызнаньня Ўсходняй Царквою каталіцкай эклезіялёгіі і дагматыкі (уключаючы папскі прымат), але пры захаваньні ёю ўсходняга літургічнага абраду. Цэрквы, якія ўтварыліся ў выніку такой уніі, называюцца ўсходнімі каталіцкімі цэрквамі.
Ад XIII стагодзьдзя заключэньня царкоўнай уніі дамагаліся ня толькі Рымскія папы, але і бізантыйскія імпэратары, якія разьлічвалі на дапамогу папства ў барацьбе супраць шматлікіх ворагаў Бізантыі, найперш супраць туркаў-сэльджукаў.
Аднак ня ўсе ўсходнія каталіцкія Цэрквы зьяўляюцца ўніяцкімі.
Усходнія Каталіцкія Цэрквы бізантыйскага (грэцкага) абраду называюцца грэка-каталіцкімі (у праваслаўных крыніцах яны часта называюцца ўніяцкімі).
Уніі былі падпісаны каталіцкай царквой таксама і з некаторымі старажытнымі ўсходнімі цэрквамі (дахалкідонскімі), у выніку чаго былі створаны ўніяцкія цэрквы халдэйскага (у Іраку), мараніцкага (у Лібане і Сырыі), армянскага (на чале з патрыярхам кілікійскім у Турэччыне), сірыйскага, копцкага (у Эгіпце) абрадаў. Першая унія Армянскай апостальскай царквы з Рымам доўжылася з 1195 году да 1375 году.
Найбольш значнымі, але няўдалымі спробамі падпісаньня царкоўных уніяў з усходнімі хрысьціянамі былі:
- Ліёнская унія 1274 году
- Флярэнцкая унія 1439 году
Найбольш значныя з царкоўных уніяў, якія прывялі да афармленьня новых усходніх каталіцкіх Цэркваў:
- Унія з Асырыйскай царквой усходу ў 1553 годзе (Халдэйская Каталіцкая Царква).
- Берасьцейская унія 1596 году ў Рэчы Паспалітай для ўкраінцаў і беларусаў, якія пражывалі на яе тэрыторыі (Украінская і Беларуская Грэка-Каталіцкія Цэрквы).
- Унія з Этыёпскай царквой у 1622 годзе (Эфіёпская Каталіцкая Царква).
- Вужгарадзкая унія 1649 году для праваслаўнага насельніцтва Закарпацьця і сучаснай Славаччыны, якая ў 1699 годзе была распаўсюджана таксама і на праваслаўнае насельніцтва Трансыльваніі ў сучаснай Румыніі (Русінская, Славацкая і Румынская Грэка-Каталіцкія Цэрквы).
- У 1664 годзе была падпісана унія ў Мукачаве, якая далучыла да грэка-каталіцкай Царквы праваслаўнае насельніцтва Закарпацьця і вугорскай япархіі Гайдудораг.
- Унія з часткай сіра-якабітаў ў 1677 годзе (Сірыйская Каталіцкая Царква).
- У 1713 годзе была заключана унія ў Марамурэшы (сёньня — Румынія). Да 1721 году ўсе праваслаўныя сьвятары Закарпацьця прызналі унію.
- Унія з Антыяхійскай праваслаўнай царквой у 1729 годзе (Мельхіцкая Каталіцкая Царква).
- Унія з часткай коптаў у 1741 годзе (Копцкая Каталіцкая Царква).
- Унія з часткай армянаў у 1742 годзе (Армянская Каталіцкая Царква).
Пасьля Другой сусьветнай вайны пад ціскам савецкіх уладаў і пракамуністычных рэжымаў Усходняй Эўропы большасьць грэка-каталіцкіх цэркваў зазнала рэпрэсіі і былі забаронены. Было абвешчана пра скасаваньне уніяў:
- Берасьцейскай уніі — у 1946 годзе;
- Вужгарадзкай унія — у 1948 годзе (у Румыніі), 1949 годзе (у Закарпацьці, СССР) і ў 1950 (у Чэхаславакіі).
Да 1968 году ў Чэхаславакіі і да 1990 году ў СССР грэка-каталіцкія цэрквы былі забаронены, а грэка-каталіцкія супольнасьці існавалі толькі падпольна. У той жа час структуры і асобныя парафіі забароненых у сацыялістычных краінах усходніх каталіцкіх цэркваў існавалі ў Эўропе, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Бразыліі, Аргентыне ды ў іншых краінах сярод эмігранцкай дыяспары. Пасьля 1990 году ў СССР, а затым і ва ўтвораных пасьля яго распаду незалежных дзяржавах (у першую чаргу ва Ўкраіне і ў Беларусі), грэка-католікі вядуць свабодную дзейнасьць.
Пратэстантызм
рэдагавацьПерашай у сьвеце пратэстанцкай спробай стварыць уніяцкую Царкву была Сандамірская згода паміж лютаранамі, кальвіністамі і чэскімі братамі, падпісаная 14 красавіка 1570 году ў Сандаміры.
Пратэстанцкія эвангельскія ўнійныя Цэрквы, якія ўтварыліся ў выніку падпісаньня царкоўных уніяў:
- Эвангельская Царква чэскіх братоў (кальвінска-лютаранская супольнасьць у Чэхіі)
- Эвангельская Царква вальдэнсаў
- Зьяднаная Царква Хрыста
- Зьяднаная Эвангельская Царква (існавала ў 1947—1988 гг. у Польшчы)
Праваслаўе
рэдагавацьІдэя царкоўнай уніі была выкарыстана і Расейскай праваслаўнай царквой у дачыненьні да стараабраднікаў. У 1800 годзе было аформлена адзінавер’е — кірунак, прыхільнікі якога падначальваліся Сыноду, але службу ім дазвалялася адпраўляць паводле сваіх старых абрадаў.
У 1839 годзе ў Полацку ў выніку закулісных царкоўных інтрыгаў Ёсіфа Сямашкі новапаўсталая (незацьверджаная Рымскім апостальскім пасадам) герархія Ўніяцкай царквы ў Расейскай імпэрыі падпісала акт царкоўнага злучэньня з Расейскай праваслаўнай царквой.
Акт царкоўнага злучэньня падпісалі Расейская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату і Расейская праваслаўная царква за граніцай (РПЦЗ). 17 траўня 2007 году адпаведны акт аб кананічных зносінах падпісалі патрыярх Алексій II і Першаярарх РПЦЗ мітрапаліт Лаўр ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве.