Харчовае атручаньне
Харчо́вае атру́чаньне — хвароба, выкліканая ўжываньнем сапсаванай і атручанай ежы. Пачынаецца праз 2-3 гадзіны пасьля ежы. У дзяцей, людзей сталага веку і людзей з захворваньнямі страўнікава-кішачнага тракту можа праявіцца праз 20 хвілінаў пасьля ежы. Віды: мікробнае (прыклад: сальманэлёз), немікробнае[1].
Папярэджаньне
рэдагавацьПрадухіленьню атручаньня спрыяе праверка тэрміна прыдатнасьці набыванай ежы, перавозка ежы ў поліэтыленавым пакеце і закрытай сумцы, захоўваньне сырой і прыгатаванай ежы ў халадзільніку асобна і ва ўпакоўцы. Карысна размарожваць замарожаную ежу ў халадзільніку і мікрахвалёвай печы, выкарыстоўваць розны посуд і разьдзелачныя прылады для сырой і гатовай ежы, пазьбягаць ужываньня хуткапсавальнай ежы (салат) і гатовых страваў у дарозе. Таксама варта мыць рукі з мылам перад гатаваньнем і прыёмам ежы, пасьля вяртаньня з вуліцы і наведваньня прыбіральні. Гародніну, садавіну і ягады варта абдаваць гатаванай вадой і мыць перад ужываньнем[1]. Карысна выбіраць у краме гародніну і садавіну без пашкоджаньняў, унікаць спажываньня падталага і потым зноў замарожанага марозіва і вяршкоў[2].
Чыньнікі
рэдагавацьМікробнаму атручаньню спрыяе ўжываньне ежы з празьмернай колькасьцю жывых узбуджальнікаў і таксынаў. Немікробнае атручаньне могуць выклікаць: атрутныя расьліны і атрутная ежа жывёльнага паходжаньня; атрутнае насеньне пустазельля ў муцэ, якое трапляе ў збожжа падчас збору ўраджаю; сапсаваная ежа; празьмерная колькасьць пэстыцыдаў, соляў цяжкіх мэталаў і харчовых дадаткаў у ежы, якія трапляюць з абсталяваньня, прыладаў, тары і ўпакоўкі[1].
Праявы
рэдагавацьАтручаньне выяўляецца праз ваніты звыш 2 разоў на дзень, паўтаральны панос (да 10-15 разоў), тэмпэратуру +37°C — +37,5 °C, млосьць, слабасьць, боль у жываце, падлыжачнай або каляпупочнай вобласьці. Часам адзначаюцца хуткае сэрцабіцьцё, паніжаны артэрыяльны ціск, страта прытомнасьці і сутаргі цягліцаў[1].
Беларусь
рэдагавацьУ 2011 годзе ў Беларусі мужчыны гінулі ад харчовага атручаньня ў 3,6 разу часьцей за жанчынаў, што было наўпрост зьвязана з ужываньнем алькаголю[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Сьвятлана Барысенка. Нешта зьелі // Зьвязда : газэта. — 29 сакавіка 2012. — № 60 (27175). — С. 12. — ISSN 1990-763x.
- ^ А. Халецкая. Лета і кішачныя інфэкцыі. Як пазьбегнуць атручаньня // Газэта «Патрыёт», 13 ліпеня 2015 г. Праверана 23 верасьня 2016 г.
- ^ Сьвятлана Барысенка. Жанчыны стабілізуюць. Мужчыны ствараюць або разбураюць // Зьвязда : газэта. — 13 чэрвеня 2012. — № 111 (27226). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула па мэдыцыне. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |