Францішак Сыман

польскі біскуп

Франці́шак А́льбін Сы́ман (па-польску: Franciszek Albin Symon; 3 студзеня 1841, Дубавец — 26 траўня 1918, Кракаў) — рыма-каталіцкі сьвятар, рэктар Духоўнай акадэміі ў Пецярбургу (1884—1897).

Францішак Сыман
Адукацыя
Дзейнасьцькаталіцкі сьвятар, каталіцкі дыякан, каталіцкі біскуп
Нарадзіўся3 студзеня 1841(1841-01-03)
Памёр29 траўня 1918(1918-05-29) (77 гадоў)
Пахаваны
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Сыман.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Сын валынскіх шляхцічаў Пятра Сымана і Аўгустыны зь Серачынскіх. Пачатковую адукацыю атрымаў у Траянаве(d). У 1852—1855 навучаўся ў Наваград-Валынскай дваранскай вучэльні. У 1856 року паступіў у Жытомірскую рыма-каталіцкую духоўную сэмінарыю, адкуль у 1859 року пераведзены ў Каталіцкую духоўную акадэмію ў Пецярбургу, дзе ў 1862 атрымаў ступень акадэміка багаслоўя. Працягнуў навучаньне тэалёгіі ў Мюнхэнскім унівэрсытэце, дзе ў 1864 абараніў доктарскую дысэртацыю па тэалёгіі. 9 кастрычніка таго ж году прыняў капланскія пасьвечаньні ў Рыме.

З 1865 року быў выкладчыкам Санкт-Пецярбурскай акадэміі. Сьпярша выкладаў біблійную археалёгію; у 1866—1870 узначальваў катэдру царкоўнай гісторыі і кананічнага права; у 1870—1877 роках — катэдру Сьвятога пісьма. У 1874 року стаў ганаровым канонікам Магілёўскай архікатэдры, у 1876 — канонікам Луцка-Жытомірскай катэдры. У 1877 року звольнены з акадэміі «за неляяльнасьць».

Пасьля звальненьня стаў пэнітэнцыярам пры жытомірскай катэдры. З 1883 року выкладаў грэцкую мову і дагматычнае багаслоўе ў тамтэйшай духоўнай сэмінарыі. У 1883 атрымаў сан катэдральнага прэлата.

У 1884—1897 роках быў рэктарам Пецярбурскай Духоўнай акадэміі і кіраўніком катэдры Сьвятога пісьма.

У 1890 року атрымаў сан прэлата Папскага двара. 17 сьнежня 1891 стаў тытулярным біскупам Зянопалісу і дапаможным біскупам Магілёўскай архідыяцэзіі. Біскупскія сьвечаньні прыняў 27 сакавіка 1892 у Пецярбургу з рук Аляксандра Берасьневіча. З прычыны благога стану здароўя мэтрапаліта Шымана Казлоўскага у 1892—1897 роках выконваў абавязкі фактычнага адміністратара Рыма-Каталіцкага касьцёлу ў Расеі. На гэтай пасадзе наведваў каталіцкія парафіі на тэрыторыі Расейскай імпэрыі, бараніў правы і аўтаномію Касьцёла, процістаяў ягонай канчатковай русіфікацыі.

Пасьля 1866 у Менскай дыяцэзіі каля трыццаці пробашчаў пачалі ўводзіць у сваіх касьцёлах расейскую мову, некаторыя з прычыны ціску ўладаў, а некаторыя — дзеля іхняга залагоджваньня. Вернікі пратэставалі супраць гэтага, адмаўляючыся наведваць такія касьцёлы. Апостальскі пасад нават выдаў дэкрэт з асуджэньнем практыкі пробашчаў, але там і надалей ужывалася расейская мова.

Пасьля далучэньня Менскай дыяцэзіі да Магілёўскай замест памерлых пробашчаў, якіх называлі рытуалістамі, магілёўскія архібіскупы не прызначалі новых. Аднак і расейскія ўлады не згаджваліся вярнуць ужываньне ў касьцёлах беларускай або польскай моваў. Да 1897 року каля 20 парафіяў ня мелі пробашчаў. Пасьля неаднаразовых зваротаў да цара і папы рымскага у 1897 была заключаная дамова, паводле якой новапрызначаныя пробашчы атрымалі дазвол на адпраўленьне набажэнстваў і выкананьне сакрамантаў лацінскай мовай.

 
Магіла Францішка Сымана на Ракавіцкіх могілках Кракава

Пасьля гэтага біскуп Францішак Сыман аб’ехаў амаль усе вакантныя парафіі, праінфармаваўшы кожнага з новапрызначаных пробашчаў пра дамову між расейскім урадам і Апостальскім пасадам. На пытаньні, якімі ж мовамі вучыць дзяцей катэхізісу, чытаць Эвангельле, прамаўляць казань, задаваць пытаньні пры сакрамантах, абвяшчаць сьвяты, посты і да т. п., Сыман адказваў, што ўгода тычыцца толькі літургічных набажэнстваў, а ўсё астатняе мае адбывацца мовай парафіянаў. Такім парадкам расейская мова зноў была выцесьненая з усёй дыяцэзіі. Урад спадзяваўся, што архібіскуп Казлоўскі, вярнуўшыся на пасаду, скасуе ўказаньні свайго намесьніка, але гэтага ня сталася. Расейцы адпомсьцілі Сыману пазьней: калі ў 1897 року яго прызначылі плоцкім біскупам, улады не зацьвердзілі прызначэньня і выслалі таго ў Адэсу. Толькі ў 1901 року Францішак Сыман выехаў з Расеі і адмовіўся ад далейшых спробаў заняць біскупскую пасаду ў Плоцку. У якасьці кампэнсацыі за страчанае біскупства Папа рымскі надаў яму пасаду тытулярная архібіскупа Аталеі і візытатарам для польскіх каталіцкіх парафій у Злучаных Штатах Амэрыкі. Расейскі ўрад прызначыў яму пажыцьцёвую пэнсію 2500 рублёў у год і «права пражываньня, дзе яму падабаецца, аднак з забаронай правядзеньня будзь-якой дзейнасьці ў Расеі»[1].

У 1913 асеў у Кракаве, дзе да канца жыцьця быў архіпрэсьбітэрам пры парафіяльным касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Пахаваны ў Кракаве на Ракавіцкіх могілках[2].

  1. ^ Ks. Franciszek Albin Symon // Kurier Lwowski. — 1 жніўня 1912. — № 349. — С. 3—4.
  2. ^ J. S. Pietrzak. Zgon arcypasterza-patrioty // Nowości Illustrowane. — 1918. — № 22. — С. 2—4.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць