Фамалікан Віла-Нова-дзі-Фамалікан
«Фамаліка́н» (па-партугальску: Famalicão) — партугальскі футбольны клюб з гораду Віла-Нова-дзі-Фамалікану. Заснаваны 21 жніўня 1931 году. Свае хатнія матчы ладзіць на Муніцыпальным стадыёне 22 чэрвеня, які здольны зьмясьціць крыху больш за 5 тысячаў гледачоў.
Фамалікан | |
Поўная назва | Futebol Clube de Famalicão |
---|---|
Заснаваны | 21 жніўня 1931 |
Горад | Віла-Нова-дзі-Фамалікан, Партугалія |
Стадыён |
Муніцыпальны 22 чэрвеня Умяшчальнасьць: 5307 |
Кіраўнік | Айдан Афэр[d] |
Галоўны трэнэр | |
Чэмпіянат | Прымэйра-Ліга |
· 2023—2024 | 8 месца |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы fcfamalicao.pt (парт.) |
Гісторыя
рэдагавацьКлюб «Фамалікан» паўстаў 21 жніўня 1931 году, дзякуючы шасьці сябрам. Першы свой матч клюб зладзіў на сваім стадыёне Кампу да Бэрбэрыя супраць клюбу «Порту» ў 1932 годзе. Першапачаткова каманда гуляла ў зялёна-белых колерах, але дзеля ўсталяваньня партнэрскіх стасункаў з «Порту» клюбныя колеры былі зьмененыя на сіні і белы. Ад пачатку «Фамалікан» пачаў браць удзел у рэгіянальных спаборніцтвах. У сэзоне 1945—1946 гадоў, ачоленая вугорскім трэнэрам Янашам Саба, каманда дасягнула паўфіналу Кубка Партугаліі, дзе саступіла з буйным лікам 11:0 лісабонскаму «Спортынгу»[2]. У наступным сэзоне 1946—1947 гадоў «Фамалікан» браў удзел у найвышэйшым дывізіёне чэмпіянату Партугаліі, але ўтрымацца ня атрымалася. Наступнае ўзвышэньне да элітнага першынства адбылося на сэзон 1978—1979 гадоў, але клюб зноў ня даў рады ў першым жа розыгрышы. Даволі пасьпяховым можна лічыць пачатак 1990-х, калі «Фамалікан» зрэшты чатыры сэзоны спаборнічаў у Прымэйра-Лізе, але кожным разам фінішаваў у ніжняй частцы табліцы ля зоны вылету.
У 2000-х гадах «Фамалікан» прыйшоў у заняпад. Клюб апусьціўся ажно да рэгіянальных чэмпіянатаў, беручы ўдзел у першынстве футбольнае асацыяцыі Брагі ў 2008 годзе. Вяртаньне ў Другую лігу адбылося толькі праз 19 гадоў у траўні 2015 году. Росквіт клюбу пачаўся з набыцьцём на пачатку 2018—2019 гадоў 51% акцыяў клюбу ізраільскім бізнэсоўцам Айданам Афэрам, якому таксама належыць доля мадрыдзкага «Атлетыка»[3]. Клюб адразу жа прасунуўся ў Прымэйры. У студзені 2020 году «Фамалікан» пасьля гасьцявой перамогі над «Пасуш дзі Фэрэйра» зь лікам 1:0, другі раз з 1946 году прасунуўся да паўфіналу Кубка Партугаліі. У лютым клюб у першым матчы паўфіналу прагуляў «Бэнфіцы» зь лікам 3:2, пры гэтым пераможны гол лісабонцаў быў здабыты на апошніх хвілінах. Матчы ў адказ скончыўся ўнічыю зь лікам 1:1, дзякуючы чаму «Бэнфіка» рушыла ў фінал.