У краіне райскай птушкі

аповесьць Янкі Маўра 1926 году

«У краі́не ра́йскай пту́шкі» — прыгодніцкая аповесьць Янкі Маўра, асноўныя падзеі якой разгортваюцца на востраве Новай Гвінэі. Аповесьць пабудаваная на сацыяльным канфлікце, на прамалёўцы двух варожых бакоў — прыгнечаных папуасаў і гаспадароў-калянізатараў. У аповесьці «Ў краіне райскай птушкі» вызначыліся асноўныя асаблівасьці мастацкае манэры Я. Маўра — прыгодніка, які здолеў увабраць у сябе энэргію, характар ​​і традыцыі заходняй прыгодніцкай клясыкі.

У краіне райскай птушкі
Жанр: аповесьць
Аўтар: Янка Маўр
Мова арыгіналу: беларуская
Публікацыя: 1926
Электронная вэрсія

У аповесьці пераплеценыя адразу тры сюжэтныя лініі:

  • кітайца Чунг-Лі і яго ангельскіх прыгнятальнікаў-плянтатараў;
  • папуаса-місіянэра Саку;
  • Хунь-Чжы — брата Чунг-Лі і папуаса Качу.
Новая Гвінэя на мапе.

Першая лінія ў пакручастай фабуле аповесьці галоўная, другая ў найбольшай меры адлюстроўвае ідэйныя пошукі аўтара.

На паўднёва-ўсходнім беразе вострава Новай Гвінэі разьмясьціліся брытанскія факторыі, дзе на прылеглых плянтацыях у неймаверна складаных умовах зьбіраюць гумавы сок з каўчукавых дрэў наёмныя працаўнікі. На плянтацыі, дзе працуе Чунг-Лі — галоўны герой аповесьці — каляніяльную адміністрацыю прадстаўляюць ангельцы: чапурасты містэр Скот і жорсткі містэр Брук, да белых «гаспадароў» адносіцца і хітры грэк Кандаракі.

 
Рака Флай

Завязкай аповесьці стаў канфлікт Чунг-Лі з Брукам: кітаец у парыве роспачы разьбівае збан з гумай аб галаву ангельца і ўцякае. Год бадзяньняў па неабсяжным востраве прывёў Чунг-Лі да адкрыцьця ў гарах россыпу самароднага золата. Узяўшы некалькі кавалкаў каштоўнага мэталу, Чунг-Лі вярнуўся на плянтацыю, каб вызваліць свайго брата Хунь-Чжы і ўцячы зь ім на Радзіму. Аднак яго сустракае навіна, што Хунь-Чжы ўцёк чатыры дні таму з папуасам Качу. Яшчэ горшай становіцца справа Чунг-Лі, калі яго заўважае малаец-нагляднік Файлу. Чунг-Лі хапаюць і містэр Брук ужо задаволена плянуе сваю помсту, але пры палоньніку знаходзіцца золата і, паводле парады Кандаракі, Чунг-Лі абяцаюць жыцьцё й свабоду, калі ён правядзе калянізатараў да россыпу каштоўнага мэталу. Чунг-Лі згаджаецца.

Паколькі золата знойдзенае ў гарах цэнтральнае часткі вострава, а іншых шляхоў, акрамя водных, у цэнтральныя раёны Новае Гвінэі не існавала ні ў 1919, ні ў 2019, удзельнікі экспэдыцыі едуць на маторным катэры па рацэ Флай. На станцыі Доэр у вусьці ракі Флаі да 14 удзельнікаў экспэдыцыі далучаецца папуас-місіянэр Саку. Пакуль Флай — другая па велічыні рака Новай Гвінэі — шырокая і шматводная, катэр шпарка прасоўваецца ўверх па цячэньні, не сустракаючы ніякіх перашкодаў. Толькі конь (неверагодная жывёліна для лясоў вострава!) з адным-двума вершнікамі, што час ад часу мільгае на беразе, крыху непакоіць брытанцаў. У месцы зьліцьця Флай і Стрыклэнда катэр пакідае Саку — ён ідзе несьці імя Хрыста ў племя Какаду, што некалі паланіла ягоную маці. Мапу, правадыр Какаду, прыязна сустракае місіянэра, вырашыўшы скарыстаць яго кантакты з Богам дзеля перамогі над варожым племем Муку.

Тым часам, два папуасы з племя Какаду бяруць у палон Брука, што захапіўся паляваньнем на кенгураня. Такі смачны брытанец, безумоўна, мусіць быць зьедзены. Аднак Саку дапамагае Бруку вызваліцца, а калі пагоня засьпявае яго ва ўцёках, на дапамогу Бруку пасьпявае карны атрад з катэра. Белыя не задавальняюцца вызваленьнем Брука, яны праводзяць паказальную карную апэрацыю, у ход ідуць нават бомбы. Атрад вяртаецца на катэр і экспэдыцыя працягваецца.

Дайшоўшы як мага вышэй па цячэньні, Скот пакідае катэр з Брукам і трыма салдатамі аховы, і экспэдыцыя ідзе пехатою. Пачынаецца горная частка маршруту, цяпер дарогу ведае адзін Чунг-Лі. На адной з галавакружных сьцежак Чунг-Лі кідаецца ў прорву й імітуе сваю сьмерць. Насамрэч ён, чапляючыся за хмызы, дапаўзае да каменнай паветкі. Яго манэўр разгадвае малаец Файлу й кідаецца за сваім ворагам. Адбываецца бойка, падчас якое Чунг-Лі дапамагаюць Хунь-Чжы і Качу, што прыехалі сюды на кані і даўно чакалі пад паветкай, згодна з плянам Чунг-Лі. Акрыленыя посьпехам кітайцы й папуас дражняць канваіраў, а тыя кідаюцца за імі й неўзабаве адшукваюць іх у даліне, поўнай расыпных самародкаў. Чунг-Лі зь сябрамі хаваюцца за струменем вадаспада, а Скот, Кандаракі і сыпаі, замест таго каб дабіць ворагаў, запальваюцца прагай золата й пачынаюць пхаць самародкі ў кішэні. Разьвярзаецца трапічная ўлева й мклівая паводка змывае ўсіх, акрамя кітайцаў і папуаса пад вадаспадам.

Выжытыя рэшткі экспэдыцыі вяртаюцца да месца, дзе, на іхнюю думку, іх чакае катэр. Але катэр даўно захоплены папуасамі, дзякуючы палкаводніцкаму таленту Саку, што, адрынуўшы хрысьціянскага Бога, стаў вадаром аб’яднанага племя Какаду-Муку. Саку вырашае пакараць толькі Скота (папуасы былі б не супраць зьесьці ўсіх палонных), але ганарлівы брытанец пасьпявае пусьціць сабе кулю ў лоб. Чунг-Лі і Хунь-Чжы прабіраюцца ў галяндзкую частку вострава, а адтуль вяртаюцца ў Кітай, дзе набываюць зямельны надзел, але неўзабаве йдуць у кітайскую чырвоную армію змагацца за шчасьце ўсіх працоўных.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць