Усьцім Кармалюк
Усьцім Якімавіч Кармалюк (таксама Кармелюк, Карманюк; па-ўкраінску: Усти́м Яки́мович Кармалюк; 10 лютага 1787, Галоўчынцы, Ліцінскі павет Падольскай губэрні, цяпер с. Кармалюкава, Жмэрынскі раён, Віньніцкая вобласьць — 22 кастрычніка 1835, Шляховыя Карычынцы, Хмяльніцкая вобласьць) — украінскі нацыянальны герой, кіраўнік паўстанцкага руху на Падольлі ў 1813—1835 гадах супраць нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту.
Усьцім Кармалюк | |
Дата нараджэньня | 27 лютага (10 сакавіка) 1787 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 10 (22) кастрычніка 1835 (48 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | агнястрэльная рана[d] |
Месца пахаваньня | |
Занятак | паўстанец, вайсковец |
Кармалюк увайшоў у фальклёр як народны помсьнік, бясстрашна абараняў абяздоленых і пакрыўджаных (за што да яго вобразу прывязаліся эпітэты «ўкраінскі Робін Гуд» і «апошні Гайдамак»)[1].
Затое дасьледаваньні гісторыкаў Валерыя Дзячкі і Ўладзімера Любчанкі сьведчаць аб тым, што Кармалюк быў злачынцам і разбойнікам, які ў большай ступені рабаваў менавіта сялянаў[2][3][4][5][6].
Жыцьцяпіс
рэдагавацьПрыгонны селянін Усьцім Карманюк (Кармалюка) нарадзіўся ў лютым-сакавіку 1787 году ў сяле Галоўчынцы. Быў ахрышчаны з імем Савастыян 27 лютага (10 сакавіка) 1787 году ў Сьвята-Пакроўскай царкве в. Галоўчынцы. Дату хрышчэньня прынята лічыць датай нараджэньня, хаця яно магло адбыцца празь некалькі дзён пасьля нараджэньня. У розныя гады ў мэтрычных кнігах запісаны з рознымі падобнымі імёнамі: 27 лютага (10 сакавіка) 1787 — «Савастыян»; 28 студзеня (9 лютага) 1806 — «Усьціян», 8 (20) лістапада 1806 — «Усьціян», 1808 — «Аўгустын», 4 (16) чэрвеня 1810 — «Іўстыян», 24 студзеня (5 лютага) 1811 — «Севастыян»", 24 лютага (7 сакавіка) 1812 — «Аўгустын», 8 (20) трыўня 1815 — «Севастыян», 25 лютага (9 сакавіка) 1821 — «Агусьцін»[7].
Валодаў граматай і разумеў расейскую, польскую мовы і ідыш. У 1793 годзе, у выніку Другога падзелу Рэчы Паспалітай Падольская зямля ўвайшла ў склад Расейскай імпэрыі. Ва ўзросьце 17 гадоў яго забралі да двара пана Піглоўскага. У 1806—1811 гадах — дваравы чалавек памешчыка Андрэя-Юзафа Піглоўскага. Кармалюк выратаваў ім ад сьмерці пані Разалію Піглоўскую (коні, запрэжаныя ў брычку, панесьлі, але Кармалюк здолеў спыніць жывёл), аднак за гэта быў разьюшаны і магнат, і яго жонка, таму Кармалюка высяклі бізунамі.
У 1811 годзе памешчык запісаў Усьціма ў рэкруты. На яго ўжо падала падазрэньне ў крадзяжы срэбра. Таму яго ўзялі пад варту. Каб не ісьці ў войска, а служба тады працягвалася 25 гадоў, ён зьдзейсьніў першыя ўцёкі. Аднак пазьней вярнуўся бяз двух пярэдніх ніжніх зубоў: ён выбіў іх сам, спадзеючыся пазьбегнуць рэкрутства.
Толькі ў 1812 годзе Кармалюка «пагалілі» і ён стаў рэкрутам царскай арміі. Служыў у 4-ым Украінскім казацкім палку (камандзір — маёр Д. І. Мініцкі) Украінскага казацкага войска, які стаяў ў Камянцы-Падольскім (26 кастрычніка 1816 г. Украінскае казачае войска было перафармаванае ва Ўкраінскую ўланскую дывізію).
У 1813 годзе ўцёк з палка. Хаваўся па лясах разам са стрыечным братам Мікітам Удодавым (Удадзюком), які таксама пазьбягаў рэкрутства. Там яны сустрэліся зь селянінам суседняй вёскі Дубовае Іванам Ткачуком і са сваяком Кармалюка дэзэрцірам Данілам Хронам. Ва ўрочышчы Скала захавалася Кармалюкова пячора, якая ў тую пару служыла ўцекачам домам. У сакавіку зьдзейсьнілі напад у сяле Дубовае на вясковых багатыроў Фёдара Шаўчука і Івана Сала (ён памёр празь некалькі дзён пасьля зьбіцьця). У чэрвені яны спалілі бровар памешчыку Піглоўскаму, а самога памешчыка прылюдна высеклі. Неўзабаве іх злавілі. Камісія вайсковага суду пакарала іх 500 ударамі шпіцрутэнамі і зноў адправіла служыць у Крым. На шляху да батальёну Кармалюк і Хрон зьбеглі з-пад варты.
У 1814—1817 гадах яго атрад дзейнічаў у Лецічаўскім, Ліцінскім і Вольгапольскім паветах Падольскай губэрні. У студзені 1817 году Кармалюк быў схоплены і дастаўлены ў Камянец-Падольскі. Падчас сьледзтва Кармалюк і Хрон доўга адхрышчваліся ад абвінавачаньняў, а асабліва — ад забойства Івана Сала. Тым ня менш, віна была даказана. У верасьні 1818 году вайсковы суд прыгаварыў Кармалюка да сьмяротнага пакараньня. Падольскі ваенны губэрнатар Бахмецьеў замяніў пакараньне сьмерцю на 25 ўдараў бізуном, выжыганьнем таўра і высылку ў Іркуцкую губэрню на 10 гадоў катаржных работ.
У сьнежні 1818 году, падчас перасылкі Кармалюку ўдалося ўцячы зь Вяцкай перасыльнай турмы. Вярнуўшыся на Падоле вясной 1819 году, працягнуў хавацца ў лесе і помсьціць. У 1821 годзе зьдзейсьніў напад на эканомію памешчыцы Паплінскай. У лютым 1822 году яго ахвярай стаў заможны хутаранін Павел Апалоўскі, атрад Кармалюка ўзяў 2 000 залатых і чацьвёрку коней, а Апалоўскі памёр ад ранаў[8].
Увосень 1822 году Ўсьцім Кармалюк, маючы намер жыць спакойным сямейным жыцьцём, хацеў перасяліцца ў Чарнаморскія стэпы, аднак жонка Марыя была супраць іх выезду з роднай вёскі. Кармалюк учыніў напад на шляхціца Леська Базіліцкага. Шляхціц Астроўскі, эканом вёскі Камароўцы, высачыў атрад Кармалюка, на наступны дзень Астроўскі на чале 20 пешых і 15 вершнікаў маючы 5 стрэльбаў гнаўся за атрадам Кармалюка, потым да Астроўскага прыйшло падмацаваньне — 40 чалавек зь некалькімі стрэльбамі, узначаленым Фесам. Кармалюк быў схоплены ў вёсцы Галузіны. Закаванага ў кайданы Ўсьціма даставілі ў Літын.
Падчас сьледзтва ён выдаваў сябе за аўстра-вугорскага салдата-дэзэртыра Васіля Гаўрыленку, які быў родам з Галічыны (або Галіцкага павету Кастрамскай губэрні). Была вочная стаўка з жонкай і сынамі: старэйшым Іванам ад першага шлюбу, васьмігадовым Астапам і пяцігадовым Іванам. «Першы з іх паўтараў паказаньне сваё, а апошнія, цалуючы бацьку ў рукі і ў твар, сьцьвярджалі, што ён насамрэч іх бацька родны… Кармалюк адмаўляецца, паўтараючы, што ён не зьяўляецца іх бацькам, халасты, што ён не Усьцім Кармалюк, а Васіль Гаўрыленка».
Пасьля зьняволеньня ў Камянец-Падольскай крэпасьці Кармалюк разам зь іншымі вязьнямі арганізаваў свае чацьвёртыя ўцёкі. 12 сакавіка 1823 году пры спробе да ўцёкаў быў паранены, затым схоплены і прыкаваны да каменнага слупа ў вежы, пазьней названай Кармалюковай.
Усяго за 1813—1822 гады яго ахвярамі былі пераважна сяляне (24 дакумэнтальна даказаныя выпадкі: 15 крадзяжоў, дзевяць разбойных нападаў, падпал, забойства), жыды-арандатары і карчмары. Шляхціцы пацярпелі толькі ад аднаго нападу і двух падпалаў. Усяго зафіксавана 35 злачынных дзеяньняў. Непасрэдны ўдзел у іх бралі 13 чалавек, напады звычайна ажыцьцяўлялі тры-чатыры чалавекі.
У красавіку 1823 году на Камянецкім майдане Кармалюк «пакараны 101-м ударам пугі, яму зноў выпалена кляймо на ілбе, пасьля чаго сасланы ў вечную катаргу ў Сыбір». Жонка Кармалюка «пакараная розгамі на плошчы ў горадзе Ліціне і чатырохтыднёвым арыштам» за ўкрывальніцтва мужа. Наступныя два гады Кармалюк разам зь іншымі катаржанамі правёў у пешым канваіраваньні ў Табольск. У 1825 годзе з Табольскай катаржнай турмы пераведзены ў Ялутораўск. Неўзабаве ён зноў зьбег, але быў схоплены і прысуджаны да яшчэ больш суровых умоў утрыманьня.
Наступныя ўцёкі — адзін з самых знакамітых задакумэнтаваных выпадкаў. Увосень 1825 году, падчас начной буры, Кармалюк выламаў краты, сабраў кашулі ўсіх сукамэрнікаў і зьвязаў іх у доўгую вяроўку. Да канца канату прывязаў камень і перакінуў яго праз турэмны частакол. Пры дапамозе гэтага падвеснага масту проста з акна за агароджу адзін за адным зьбеглі ўсе катаржнікі — да раніцы камэра была пустая.
На Падоле дабраўся ўвесну 1826 году. Ажыцьцявіў шэраг нападаў на карчмароў і памешчыкаў. За паўгода ў навакольлях Бара, дзе дзейнічаў Кармалюк, было выкрадзена 2000 валоў і 400 коней, не лічачы хатніх рэчаў і адзежы. Карчмары скуплялі іх за бясцэнак, а потым перапрадавалі, карыстаючыся сваімі сувязямі. Лісінае футра ў разбойнікаў яны прымалі па 4 злотых, каня — па 2 рублі. А за вала давалі 10 злотых. Васіль Дабравольскі быў арандатарам трактавай карчмы пад лесам на палях вёскі Хадак, а яго жонка стала палюбоўніцай Кармалюка.
У чэрвені 1827 году, з-за здрады шляхціца Антонія Альшэўскага, Кармалюк і яго саўдзельнікі Васіль Дабравольскі і Ілько Скацінчук былі схоплены памешчыкам Феліксам Янчэўскім у сяле Кальная-Дзяражня. Шляхце дапамаглі мясцовыя сяляне, якім зьвязаны Кармалюк крыкнуў у роспачы: «Чаму ж вы іх (паноў) не вяжаце за тое, што яны вас прыгнятаюць?». Гэта адзінае зафіксаванае ў дакумэнтальных крыніцах выказваньне, якое можна ўспрыняць як заклік змагацца з памешчыкамі. Вайсковая каманда ў колькасьці 50 салдат даставіла закаванага ў кайданы Кармалюка ў горад Лецічаў.
У пачатку сьнежня 1827 году Ўсьцім пераведзены зь Лецічаўскай турмы ў Ліцінскую, дзе было працягнута сьледзтва. Была спроба ўцёкаў і бунт у турме ў сьнежні 1827 году. Бунт быў выкліканы адмовай турэмнага начальства дазволіць Кармалюку спатканьне з каханкай Марыяй (або Магдаленай) Дабравольскай, якая сядзела тут жа. Ён выламаў дзьверы і пайшоў да палюбоўніцы. А калі яе перавялі на гаўптвахту, пачаў падбухторваць зьняволеных да бунту. Не атрымаўшы падтрымкі, адабраў у іх сутачныя пайкі хлеба і забарыкадзіраваўся з двума саўдзельнікамі. На чацьвёрты дзень бунтаўшчыкі зьмірыліся: Васіль Дабравольскі (муж Марыі) і Сотнічук былі закаваныя ў кайданы, а Кармалюк, насуперак афіцыйнай забароне, прыкаваны «на ланцугі да слупа ў камеры».
У сакавіку 1828 году Кармалюк быў асуджаны галоўным Падольскім судом да пакараньня 101-м ударам бізуна, Скацінчуку і Дабравольскаму прысудзілі па 50 удараў, Дабравольскай — 25. І ўсім — пажыцьцёвая катарга. 180 менш вінаватых разбойнікаў аддалі ў салдаты або саслалі ў Сібыр, а астатніх проста высеклі, у тым ліку і шляхціца Альшэўскага. Кармалюк быў адпраўлены на Бараўлянскі катаржны бровар (з 1830 году — шклозавод) у Курганскім павеце Табольскай губэрні (цяпер у Бараўлянскім сельсавеце Белазерскага раёну Курганскай вобласьці). У 1829 годзе ён зьдзейсьніў адтуль уцёкі.
У студзені 1830 году затрыманы ў Нежыне «за адсутнасьцю пісьмовага выгляду». Паверыўшы, што гэта дэзэртыр Павел Багданаў, яго пакаралі 100 ударамі шпіцрутэнамі, затым адпраўлены на вайсковую службу ў Наўгародзкую губэрню ў Архангелагародзкі пяхотны полк. Ён зьдзейсьніў няўдалыя ўцёкі. Напрыканцы году новы арышт у сяле Новая Сінява эканомам Сяклецкім. Усьцім быў зьняволены ў Ліцінскую турму.
У сьнежні 1831 году прыгавораны Ліцінскім павятовым судом: 101-м ударам бізуном і катаржныя работы. У красавіку 1832 году Кармалюк разабраў столь у сваёй камэры і ўцёк зь Ліцінскай турмы.
Пасьля 1825 году зьбеглы катаржнік Кармалюк быў самай аўтарытэтнай фігурай у крымінальным сьвеце Падольля. Тэрыторыя дзеяньняў саўдзельнікаў Кармалюка пашыралася — аж да Балцкага павету Падольскай губэрні і Бесарабскай вобласьці на поўдні і да Валынскай губэрні і Кіева на поўначы. Дасьледнікі лічаць, што гэта было зьвязана з гандлем крадзенымі канямі. Імі было зьдзейсьнена 74 злачынствы. У 31 выпадку яны былі накіраваныя супраць сялянаў (1 забойства, 6 разбойных нападаў, 24 крадзяжы), у 17 — супраць мяшчан-гандляроў (1 забойства, 3 крадзяжы, 13 разбояў), у 22 — супраць шляхты (1 забойства, 5 разбойных нападаў, 16 крадзяжоў), у чатырох — супраць духавенства розных канфэсій (крадзяжы). Непасрэдны ў рабунках удзел прымала каля паўсотні чалавек (у некаторых нападах было да дзесяці ўдзельнікаў з агнястрэльнай зброяй). Адзін з самых буйны трафэяў яны захапілі ў 1833 годзе. Пры рабаваньні карчмы ў выпадковага пацярпелага падпалкоўніка ў адстаўцы Дэмбіцкага забралі куфэрак з грашыма, у якім было 400 чырвонцаў, 200 рублёў срэбрам і 175 рублёў асыгнацыямі. Куфар той зьнік бясьсьледна: нават пагроза струганьня шклом пальцаў не дапамагла знайсьці яго.
Казалі нават, што нейкі час Кармалюк адышоў ад крымінальшчыны і батрачыў на нейкім хутары. Там яго знайшоў даўні паплечнік П. Капчук (за чатыры дэзэрцірствы пакараны ў агульнай складанасьці 4500 ударамі шпіцрутэнаў) і ўгаварыў зноў прыняць атаманства.
А 4 гадзіны ўночы 10 (22) кастрычніка 1835 году Кармалюк быў забіты стрэлам у галаву з засады 18-гадовым шляхціцам Ф. Руткоўскі ў доме Алены Процкавай у вёсцы Карычынцы Шляхова (Шляхавыя Карыченцы) Дзеражнянскай воласьці ў Падольскай губэрні. У паданьнях казалі, што забіты ён быў не куляй, а срэбным «заказным» гузікам — толькі так можна было забіць «ведзьмака», якім лічылі Кармалюка. Раней схоплены П. Капчук паведаміў уладам пра Алену Процкаву. Яна расказала мясцовым ўладам аб чаканым прыходзе Ўсьціма. І ён, хоць і быў папярэджаны аб сачэньні, усё ж прыйшоў на сустрэчу ўдакладніць плян нападу на памешчыка Валянскага. Па сьцьвярджэньні дасьледчыка С. Якімовіча, пачуўшы аб пагрозе нападу на пана Валянскага, па дапамогу суседу пасьпяшаўся пан Хлапіцкі. Таго дома не было, затое ў ягонай дачкі гасьцяваў жаніх — Руткоўскі. Яны ўгаварыла зрабіць засаду. Па паданьнях, Ф. Рудкоўскі потым хваліўся асабістай сустрэчай зь Мікалаем I у Санкт-Пецярбургу, на якой яму падаравалі дыямэнтавы пярсьцёнак і пажыцьцёвае вызваленьне ад выплаты падаткаў. Пасьля таго як Кармалюка забілі, Пракопа (мужа Алены) суд прыгаварыў да высылкі ў Сыбір, а яго жонку памілаваў.
З мэтай запалохваньня непакорлівых сялянаў разадранае цела Кармалюка яшчэ доўга вазілі па гарадах і сёлам. Пахавалі яго ў Лецічаве, па-за межамі ляцічаўскіх могілак (сапраўднае месца пахаваньня так і не вядома) без хрысьціянскага абраду. Афіцыйны канцылярскі запіс аб яго сьмерці заканчваўся наступнымі словамі: «Сім чынам скончыў жыцьцё сваё слаўны злачынствамі Кармалюк, пакараны тры разы шпіцрутэнамі, а тры разы бізуном, які столькі ж разоў уцёк з катаржнай працы, які непакоіў многія гады тутэйшую акругу, і меў мяжу. Які зрабіўся, сказаць можна, сябрам усяго зла і гэтым прывёў многіх простых людзей у згубу і сам нават атрымаў забабоннае ўсеагульнае аб яго сілах і магутнасьці».
У 1830—1835 сялянскі рух пад кіраўніцтвам Кармалюка ахапіла ўсё Падоле, суседнія зь ім раёны Бесарабіі і Кіеўшчыны. Агулам у яго дзейнасьць бралі ўдзел каля 20 тысячаў чалавек. Для барацьбы з паўсталымі расейскі ўрад у лістападзе 1833 году стварыў Галузінецкую камісію, якую ўзначальваў чыноўнік па асобых даручэньнях Візерскі. Камісія зафіксавала больш за 1 000 нападаў арміі кармалюкаўцаў на памешчыкаў, аддала пад суд больш за 2700 чалавек.
Творы пра Кармалюка
рэдагавацьФільмы
рэдагавацьПра Кармелюка зьнялі такія кінастужкі:
- «Кармалюк» (1931 — нямая вэрсія, 1935 — агучаная вэрсія з украінскімі песьнямі); рэжысэр — Фаўст Лапацінскі
- «Кармелюк» (1938) на расейскай мове; рэжысэр — Георгі Тасін
- «Кармелюк» (1986, т/ф, 4 сэрыі) на расейскай мове; рэжысэр — Рыгор Кохан. Быў роблены ўкраінскі дубляж на студыі 1+1 у 1990/2000-х
Музыка
рэдагаваць- Кірыл Стэцэнка. Опэра «Кармелюк» (1905—1911)
- Уладзімер Ёрыш. Опэра «Кармелюк» (1929)
- Валянцін Касценка. Опэра «Кармелюк» (1930)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кармалюк (Кармелюк) Устим — Українці світу
- ^ В. Б. Любченко. Кармалюк (Кармелюк, Карменюк, родинне прізв. — Карманюк) Устим Якимович // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України . — К. : Наук. думка, 2007. — Т. 4 : Ка — Ком. — С. 115. — ISBN 978-966-00-0692-8.
- ^ Дячок В. Устим Кармалюк (Карманюк) та розбійництво на Поділлі: конкретно-історичний та джерелознавчий аспекти // Наукові записки. Історичні науки. — Острог: Вид-во Національного університету «Острозька академія», 2008. — Вип. 12. — 300 с.
- ^ Любченко В. Б. Кармалюк чи Карманюк?
- ^ Устим Кармалюк: герой чи злочинець?
- ^ Богдан Шумилович. Фольклор не обманює. Хвороблива любов до міфів…
- ^ В. Б. ЛЮБЧЕНКО (Київ) Кармалюк чи Карманюк?
- ^ Истории от Олеся Бузины. Устим Кармалюк: «партизан» и свинокрад.