Уладзімер Бутрамееў
Уладзімер Пятровіч Бутрамееў (20 сакавіка 1953, в. Расна, Дрыбінскі раён, Магілёўская вобласьць) — беларускі пісьменьнік, драматург.
Уладзімер Бутрамееў | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 20 сакавіка 1953 (71 год) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | драматург, пісьменьнік |
Жанр | лірыка |
Мова | беларуская мова |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 20 сакавіка 1953 году ў в. Расна Дрыбінскага раёну Магілёўскай вобласьці ў сям’і настаўнікаў. У 1974 годзе скончыў геаграфічны факультэт Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту.
Працаваў у школах Горацкага і Чэрыкаўскага раёнаў настаўнікам і загадчыкам навучальнай часткі. У 1980 годзе пераехаў у пасёлак Альбярцін пад Слонімам. Працаваў на Слонімскай папяровай фабрыцы, настаўнікам у вячэрняй школе, у Слонімскім прафэсійна-аматарскім тэатры. У 1986 годзе скончыў Вышэйшыя двухгадовыя курсы сцэнарыстаў і рэжысэраў у Маскве, атрымаў спецыяльнасьць кінадраматурга. У 1989 годзе залічаны на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1987 году. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў[1].
Творчасьць
рэдагавацьУладзімер Бутрамееў пачынаў шлях у літаратуру як празаік. Яго кнігі выходзілі ў Маскве на расейскай мове. Аўтар кніг аповесьцяў і апавяданьняў «Кахаць і верыць» (1986), «Зрух» (1990), аповесьці «Дзе сьвята, там і я, ці Казка-байка пра тое, як жыў, па свеце бадзяўся, памёр і жывым застаўся спрытны мужык Несьцерка» (зборнік «Дні гэтага году», 1986). У 1993 годзе пабачыў свет зборнік прозы на беларускай мове «Задарожжа».
Вядомасьць У. Бутрамееву як драматургу прынёс спэктакль на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы «Страсьці па Аўдзею» (другая назва — «Крык на хутары», 1989). Пастаноўку п’есы зьдзейсніў рэжысэр Валер Раеўскі. Канфлікт у драме Бутрамеева — паміж філязофіяй селяніна-працаўніка і сілай руйнаваньня, якую ўвасабляе сталінская калектывізацыя. Аўдзей, аднаасобнік на хутары, трымаецца спрадвечнага, традыцыйнага ўкладу жыцьця. Галоўная крыніца яго дабрабыту — праца: цяжкая, катаржная, але самаахвярная і сумленная. І неадольнае жаданьне селяніна мець кавалак уласнай зямлі, гаспадарыць на ёй, мець плён ад працы, быць гаспадаром лёсу. Аўтар паказвае прывязанасьць Аўдзея да зямлі як абсалютна натуральнае чалавечае пачуцьцё. Гісторыя раскулачваньня Аўдзея падаецца як ачышчальная пакута, як ахвярніцкі акт — адсюль і эвангельская назва сьпектаклю.
П’еса «Ізноў Несьцерка» (1986) — рымейк. Яна створаная паводле фальклёрных крыніцаў. Перад чытачом паўстае кемлівы і спрытны, дасьціпны і знаходлівы, практычны і крыху хітраваты селянін. Да таго ж ён — сапраўдны жыцьцялюб, па-народнаму мудры беларус.
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. А. Бельскага, М. Тычыны. — Менск, Адукацыя і выхаванне, 2009. ISBN 978-985-471-320-5