Вагонь
Касьмі́чная літарату́ра – напрамак культурнага, этычнага й эстэтычнага разьвіцьця чалавецтва. Тэрмін уведзены беларускім пісьменьнікам Міколам Калядным для найменьня этапу мастацкага ўдасканаленьня цывілізацыі, што заканамерна прыходзіць пасьля росквіту зямное літаратуры, прадметам і вобразам якой зьяўляецца фізычны чалавек у акрэсьленай матэрыяльнай прасторы – на плянэце Зямля.
Касьмічная літаратура вынікае ад зямное літаратуры, нараджаецца і сьпее ў ёй, ужывае аднолькавыя выяўленчыя й моўныя сродкі. Яна вельмі блізкая да навукова-фантастычнай і касьмічна-прыгодніцкай літаратуры. Але ў адрозьненьне ад празьмернай тэхнатроннасьці і запрадмечанасьці апошняй яе праблематыка кранае выключна духоўныя сфэры жыцьця, глыбокія псыхічныя ўзрушэньні істотаў падчас значных касьмічных пераўтварэньняў. Тэматычна касьмічная літаратура ахоплівае мэтафізычныя й ірэальныя працэсы Сусьвету, мадэлюе транспамежныя станы сьвядомасьці, паказвае звышнатуральнае жыцьцё.
Мікола Калядны сьцьвярджае, што на сутыку XX і XXI стагодзьдзяў сталі адбывацца кардынальныя зьмены ў сусьветнай літаратуры. Ранейшыя вобразныя схэмы, калі існасьць злучалася толькі зь зямным чалавекам і ягонымі фізычнымі магчымасьцямі, адышлі, страцілі сваё значэньне і спарадзілі ўсеагульны інтэлектуальны крызіс. У выніку мысьлёвая актыўнасьць людзей заняпала, прыпынілася, каб успрыняць і прыстасавацца да новага штуршку касьмічнае думкі. Гэты зорны энэргетычны выбліск закрануў перш-наперш касьмічную літаратуру, якая цяпер (XXI стагодзьдзе) запавяшчае асноўныя прынцыпы ўсеагульных зьменаў. У такім рэчышчы ладуе свае літаратурныя творы беларускі пісьменьнік Мікола Калядны.
КРЫНІЦЫ
- Шылец А., Пра кармічныя вандроўкі душы / А.Шылец // ЛІМ. — 2009. — 27 сакавіка. — Рэц. на кн. М.Каляднага «Астрахрышча».
- Чарняўская Д., Чалавек не ведае шмат чаго. І гэта натхняе /Д.Чарняўская// Звязда — 2015 — 6 кастрычніка — пра сустрэчу з пісьменьнікам М.Калядным.
- Радыё "Свабода", Культура, 2018, 18 жніўня — расповед пра творчасьць пісьменьніка М.Каляднага.
- Смірнова Д., Касмічная плынь / Д.Смірнова // ЛІМ. — 2019. — 21 чэрвеня. — Рэц. на кн. М.Каляднага «Судуманьне».
- Калядны М., Усе стануць сінімі! Хуткія развагі пра прэмію Е.Гедройца /М.Калядны// Беларуская праўда (web) — 2019 — 30 верасьня.