Тытаны
Тыта́ны (па-старажытнагрэцку: Τιτάν) — у старажытнагрэцкай міталёгіі боствы першага пакаленьня, 6 братоў (Акіян, Кей, Крыюс, Гіпэрыён, Япэт, Кронас) і 6 сясьцёр-тытанід (Тэфіда, Фэба, Мнэмазіна, Тэя, Тэміда, Рэя), народжаных Уранам і Геяй. Яны ўвасабляюць стыхійныя сілы прыроды.
Паводле мітаў, Кронас вылегчыў Урана й стаў вярхоўным богам. У сваю чаргу сын Кронаса й Рэі Зэўс — правадыр новага пакаленьня багоў-алімпійцаў — адабраў вярхоўную ўладу ў Кронаса. У 10-гадовай вайне з алімпійцамі тытаны (акрамя Акіяна) пацярпелі паражэньне й былі скінуты ў Тартар.
Тытаніды сталі жонкамі сваіх братоў і нарадзілі новае пакаленьне багоў: Праметэя, Эас, Геліёса, Муз, Лето, Гестыю, Гэру.
У пазьнейшых мітах тытаны атаясамліваліся з гігантамі. Часам у мітах і літаратуры тытанамі называюць і тытанідаў — дзяцей і ўнукаў уласна тытанаў (напр, Праметэя, сына Япэта).
У пераносным сэнсе тытанамі называюць выключна таленавітых людзей.