Тадас Блінда. Пачатак

летувіская гісторыка-прыгодніцкая кінадрама 2011 году пра разбойніка Тадаса Блінду

«Тадас Блінда. Пачатак» — летувіская гісторыка-прыгодніцкая кінадрама 2011 году пра разбойніка Тадаса Блінду (1846—1877). Фільм ствараўся цягам 5 гадоў. Вытворчасьць каштавала 1 млн эўра (каля 3,4 млн літаў), што зрабіла фільм найдаражэйшым у гісторыі незалежнай Летувы. Пагатоў Міністэрства культуры Летувы вылучыла 2 млн літаў. Зь верасьня 2011 году па студзень 2012 году, цягам 5 месяцаў ішлі паказы ў кінатэатрах Летувы, дзе яго паглядзелі звыш 300 000 чалавек (10% насельніцтва краіны). Па касавых зборах, якія перавысілі 3,7 млн літаў (1,1 млн эўра), абышоў папулярныя замежныя кінастужкі і стаў найбольш пасьпяховым фільмам Летувы за 20 гадоў. Грунтаваўся на рамане Рымантаса Шавеліса «Тадас Блінда» 1987 году. Быў прыквэлам 4-сэрыйнага фільма «Тадас Блінда» Баліса Браткаўскага 1972 году[1].

«Тадас Блінда. Пачатак»
лет. Tadas Blinda. Pradžia
Жанр драма
Рэжысэр Данатас Улвідас
Сцэнарыст Ёнас Баніс
Прадусар Жыльвінас Наўёкас
У ролях Мантас Янкавічус, Агнэ Дзіткаўскітэ
Кампазытар Лінас Рымша
Апэратар Альгімантас Мікуценас
Вытворчасьць «Таўрас Фільм»
Дата выхаду 20 верасьня 2011 (12 гадоў таму)
Працягласьць 106 хвілінаў
Краіна Летува
Мова летувіская
Бюджэт 1 млн эўра (3,4 млн літаў)
Прыбытак 1,1 млн эўра (3,7 млн літаў)
Папярэдні «Партрэт прэзыдэнта» (2009)
Старонка на IMDb

У пачатку траўня 2012 г. прэм’ера фільма адбылася ў менскім кінатэатры «Цэнтральны»[1]. У 2012 годзе фільм выйшаў на DVD і Блюрэй. 12 траўня 2012 году ўдзельнікі фільма атрымалі 4 летувіскія кінаўзнагароды «Срэбраны журавель» у намінацыі: лепшы актор 2-га пляну — Відас Пяткевічус, лепшы апэратар — Рамунас Грэйчус, лепшы саўндтрэк — Кіпрас Машанаўскас, прафэсійнае майстэрства — Жыльвінас Наўёкас.

Мантас Янкавічус у ролі Тадаса Блінды (ліпень 2010 г.)

Дзея рэдагаваць

  Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Улетку 1861 году ў Жамойці (Ковенская губэрня, Расейская імпэрыя) селянін Тадас Блінда выпраўляецца зь сябрам Вінцэсем у лес. Па дарозе Тадас апавядае сябру пра сьмерць на паляваньні папярэдняга земляўласьніка Адама Разумоўскага і самагубства яго жонкі. У лесе сябры бачаць дачку шляхціца Крысьціну Груйнітэ, якая спрабуе дастаць з пруда гарлачык (вадзяную лілею). Спалоханая дзяўчына падае ў пруд, куды Тадас дае нырца дзеля яе ўратаваньня. Тым часам, у падвале асабняка аканом Эдмундас заляцаецца да замужняй шляхцянкі Канстанцыі Груйненэ. Тая выбягае ў калідор, дзе кажа мужу Бэрнардасу Груйнюсу, што шукала ў падвале кухара. Эдмундас жа хаваецца ў куфар. Бэрнардас забягае ў падвал і нікога не знаходзіць. У Санкт-Пецярбургу міністар дзяржаўнай маёмасьці Расейскай імпэрыі Міхаіл Мураўёў загадвае афіцэру Янаку Разумоўскаму рыхтаваць войскі для здушэньня чаканага сялянскага паўстаньня ў Паўночна-Заходнім краі ў сувязі са скасаваньнем прыгону расейскім імпэратарам Аляксандрам ІІ.

Эдмундас пагражае Бэрнардасу выдачай яго таямніцы, бо той спазьняецца з выплатай хабару. Янак прыяжджае ў маёнтак Бэрнардаса з паведамленьнем пра навіны зь Пецярбургу. Сяляне адзначаюць Купальле. Тым часам шляхта абмяркоўвае Маніфэст Аляксандра ІІ ад 19 лютага 1861 году аб скасаваньні прыгоннага права. Янак Разумоўскі папярэджвае шляхцічаў пра набыцьцё сялянамі свабоды безь зямлі ў якасьці падставы для паўстаньня. Эдмундас паведамляе сялянам пра наданьне ім свабоды і накіроўвае іх да маёнтка Бэрнардаса Груйнюса. Янак загадвае напасьці на сялянаў па іх прыбыцьці да маёнтка. У выніку жаўнеры зьнявольваюць Тадаса. Уначы Тадасавы сябры Вінцэсь і Матэюс вызваляюць Тадаса. Пры ўцёках Тадас застае ў стайні аканома Эдмундуса з замужняй Канстанцыяй Груйненэ. Спалоханы Эдмундас незнарок разьбівае лямпу, што выклікае пажар. Тадас хаваецца ў пакоі Крысьціны Груйнітэ, якая дапамагае яму ўцекчы з асабняка свайго бацькі Бэрнардаса. Тым часам Бэрнадрас і Янак з жаўнерамі тушаць пажар у стайні. Янак заўважае ўцёкі Тадаса, Вінцэся і Матэюса і забівае Вінцэся са стрэльбы. Матэюс уратоўвае Тадаса, зь якім уцякае на кані. Ранкам Тадас вяртаецца ў вёску, дзе ажыцьцяўляе пахаваньне цела забітага Вінцэся. Побач ён чуе допыт сялянаў жаўнерамі Янака і бярэ на сябе віну за бунт. Тадас паведамляе жаўнерам пра сховішча бунтаўнікоў на балоце. Аднак там Тадас раптоўна нападае на жаўнераў, ад якіх ратуе паўсталых сялянаў.

Раззлаваныя выдачай жаўнерам месца сховішча сяляне вырашаюць павесіць Тадаса. Матэюс спыняе іх заявай, што Тадас выклікаў пажар у стайні. Тадас выступае супраць паўстаньня, бо жадае вярнуцца да земляробства. Аднак паўстанцы пераконваюць яго ўдзельнічаць. Тым часам у шляхецкім асабняку Эдмундас зьвязвае Бэрнардаса, якога прымушае перапісаць маёнтак на сябе. У Пецярбургу міністар Мураўёў атрымлівае ад Янака Разумоўскага паведамленьне пра пачатак паўстаньня і тэлеграфуе ротмістру Сьнегірову загад пра яго здушэньне. Крысьціна застае сваю маці за пацалункам з Эдмундасам і зьяжджае ў лес да Тадаса. Той паведамляе пра ўдзел у паўстаньні Крысьціне, якая папярэджвае яго аб прыбыцьці расейскага войска на наступны дзень.

 
Агнэ Дзіткаўскітэ ў ролі Крысьціны Груйнітэ

Ранкам войска Сьнегірова прыбывае ў маёнтак, дзе Эдмундас кажа Янаку, быццам Груйнюс выклікаў паўстаньне сваіх сялянаў. Расейскае войска трапляе ў засаду Тадаса Блінды. Два паўстанцы спыняюць уцёкі Эдмундаса, ад якіх яго адбівае Янак. У адказ на пагрозу Янака забіць яго Эдмундас заяўляе, што ведае асобу забойцы яго бацькі Адама Разумоўскага. Калі Тадас нападае на Янака, Эдмундусу ўдаецца ўцячы. У маёнтку паранены ротмістар Сьнегіроў загадвае Бэрнардасу выдаць Тадаса Блінду пад пагрозай высылкі ў Сыбір. Дачка Крысьціна суцяшае Бэрнардаса навіной пра хуткі падыход дапамогі. На балоце Тадас кажа, што далейшае змаганьне прынясе толькі бяду. Бэрнардас сустракае Тадаса пад дрэвам. Бэрнардас паведамляе, што ўзімку 1846 году на паляваньні абараніў сялянскага хлопца ад забойства п’яным шляхціцам Адамам Разумоўскім. Ён удаклядняе, што пры змаганьні Адам падстрэліў сябе, а прысутны пры гэтым Эдмундас скінуў цела яшчэ жывога Адама ў ручай і паабяцаў Бэрнардасу ўтаіць абставіны здарэньня.

У маёнтку схоплены Эдмундас кажа Янаку Разумоўскаму, быццам 15 год таму Бэрнардас уратаваў сялянскага хлопцы Тадаса Блінду замест Адама Разумоўскага. Па вяртаньні дамоў Бэрнардас знаходзіць мёртвага слугу і сваю сям’ю ў закладніках у Сьнегірова і Янака. Сьнегіроў кажа Бэрнардасу, што таго вышлюць у Сыбір за дапамогу паўстанцам. Янак зьбівае Бэрнардаса да беспрытомнасьці. Пад пагрозай забойства бацькі Крысьціна выдае сховішча Тадаса. Тадас паведамляе паўстанцам, што лічыць ворагамі расейскіх вайскоўцаў, якія жадаюць унутранай варажнечы між сялянамі і земляўласьнікамі для ажыцьцяўленьня сваёй улады над абодвума саслоўямі. Тадас Блінда і паўстанцы Матэюса сутыкаюцца ў баі з расейскім войскам Сьнегірова і Янака Разумоўскага. У выніку расейскія жаўнеры адступаюць. Тым часам у маёнтку Эдмундас даведваецца ад Крысьціны месца сямейнага скарбу пры спробе яе ўдушэньня. Эдмундас выцягвае Крысьціну на вуліцу, каб тая паказала сховішча грошай. Бэрнардас прыходзіць у прытомнасьць і знаходзіць у двары Эдмундаса, якога топіць у балоце. Янак Разумоўскі і Сьнегіроў пры адступленьні застаюць у маёнтку сям’ю Груйнюса. Сьнегіроў звозіць з сабой у карэце Крысьціну. У баі на шпагах Янак апракідвае Бэрнардаса, якога ратуе прыход Тадаса. Зьбіты Янак выпоплівае пісталет, аднак Матэюс страляе раней і забівае яго.

Бэрнардас перадае дарчую на маёнтак Тадасу, якога просіць знайсьці яго дачку. Тадас аддае дарчую паўстанцам і зьяжджае ў пагоню. Сьнегіроў выкідае Крысьціну з карэты на поле, дзе Тадас знаходзіць яе непрытомнай і прыводзіць яе ў пачуцьці.

  Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Акторы рэдагаваць

 
Відас Пяткевічус у ролі Бэрнардаса Груйнюса
  • Тадас Блінда, селянін — Мантас Янкавічус
  • Бэрнардас Груйнюс, земляўласьнік — Відас Пяткевічус
  • Канстанцыя Груйненэ, жонка Бэрнардаса — Тацяна Лютаева
  • Крысьціна Груйнітэ, дачка Бэрнардаса — Агнэ Дзіткаўскітэ
  • Эдмундас, аканом маёнтка Бэрнардаса — Дайнюс Казлаўскас
  • Янак Разумоўскі, афіцэр — Міколас Вільджунас
  • Адам Разумоўскі, шляхціч і бацька Янака — Андрусь Канява
  • Матэюс, сябар Тадаса — Якубас Барэйкіс
  • Міхаіл Мураўёў, расейскі міністар — Данатас Банёніс
  • Сьнегіроў, ротмістар — Антанас Шурна

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Вольга Чайкоўская. Уявіце, што гэта Кастусь Каліноўскі // Жырандоля. — 12 траўня 2012. — № 15 (144). — С. 6.