Таварыства ўласьнікаў жытла

некамэрцыйная арганізацыя ўдзельнікаў сумеснага домаўладаньня

Таварыства ўласьнікаў жытла (ТУЖ) — некамэрцыйная арганізацыя ўдзельнікаў сумеснага домаўладаньня.

таварыства ўласьнікаў жытла
Падкляса адкарпарацыя, некамэрцыйная арганізацыя Рэдагаваць
Кароткая назваТУЖ, ТСЖ, HOA Рэдагаваць
Сфэра дзейнасьцікамунальная гаспадарка Рэдагаваць
Вырабляежыльлёва-камунальныя паслугі Рэдагаваць
Асноўны рэгулюючы тэкстЗакон Японіі аб долевай уласнасьці на будынак, Закон Паўднёвай Карэі аб супольнай уласнасьці і кіраваньні будынкамі, Жыльлёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь Рэдагаваць
Выкарыстоўваежытло Рэдагаваць

Ствараецца на прапанову забудоўніка жылога дома падчас будаўніцтва, мясцовага выканаўчага камітэту або ўдзельнікаў сумеснага домаўладаньня. Маёмасьць ТУЖ утвараецца за кошт аказаньня жыльлёва-камунальных паслугаў і іншых даходаў ад дзейнасьці, абавязковых плацяжоў удзельнікаў, мэтавых, сяброўскіх і ўступных унёскаў, а таксама дзяржаўных страхавых парукаў. Найвышэйшым органам кіраваньня служыць агульны сход або сход упаўнаважаных, які абірае ўправу і яе старшыню, а таксама рэвізійную камісію. Сябрамі ТУЖ могуць быць грамадзяне і юрыдычныя асобы[1].

Кіраваньне

рэдагаваць
  • Сход. Склікаецца штогод. Правамоцны пры ўдзеле звыш паловы ўдзельнікаў ТУЖ. Усталёўвае памеры, склад і парадак сплаты ўнёскаў. Вызначае колькасны склад Управы. Абірае Ўправу са старшынёй на 5 гадоў і Рэвізійную камісію на тры гады. Зацьвярджае штогадову справаздачу аб працы Ўправы і гадавую бухгальтарскую справаздачнасьць на падставе заключэньня Рэвізійнай камісіі або аўдытарскага заключэньня. Ухваляе штогадовы каштарыс даходаў і выдаткаў, у тым ліку на ўтрыманьне Ўправы і Рэвізійнай камісіі, аплату працы і страхавую абарону іншых працаўнікоў. Прымае рашэньне аб разьмяшчэньні ўнёскаў на капітальны рамонт ва ўклады.
  • Управа. Засядае штоквартал. Абіраецца Сходам на 5 гадоў. Правамоцная пры ўдзеле звыш паловы сябраў. Ухваляе рашэньні простай большасьцю галасоў. Вядзе ўлік сябраў і маёмасьці, даходаў і выдаткаў ТУЖ. Разглядае звароты сябраў і працаўнікоў ТУЖ. Ладзіць гаспадарчую дзейнасьць таварыства.
  • Старшыня. Абіраецца Сходам на 5 гадоў. Вядзе ўлік і ладзіць выкананьне рашэньняў Сходу і Ўправы. Заключае дамовы і пагадненьні ад імя ТУЖ. Зацьвярджае службовыя інструкцыі працаўнікоў і штатны расклад пасьля ўзгадненьня са Сходам. Прымае на працу супрацоўнікаў і прымае да іх захады заахвочваньня. Прадстаўляе зацікаўленасьці таварыства перад іншымі ўстановамі і выдае даверанасьць на іх прадстаўленьне. Падпісвае плацежныя дакумэнты.
  • Рэвізійная камісія. Абіраецца ў складзе прынамсі трох асобаў на тры гады. Сочыць за выкананьнем заканадаўства аб фінансавай дзейнасьці Ўправай і яе старшынёй, а таксама сябрамі таварыства. Штогод правярае гаспадарчую дзейнасьць ТУЖ. Дае заключэньне Сходу наконт справаздачы Ўправы і яе старшыні. Робіць справаздачу перад Сходам аб сваёй дзейнасьці[1].

Абавязкі і правы

рэдагаваць

Таварыства ўласьнікаў жытла абавязвалася забясьпечыць:

  • абслугоўваньне нерухомасьці і прысядзібнай дзялянкі;
  • захаванасьць агульнай маёмасьці сумеснага домаўладаньня;
  • захаваньне зацікаўленасьцяў сябраў ТУЖ пры вызначэньні ўмоваў і парадку валоданьня, карыстаньня і распараджэньня агульнай маёмасьцю, гаспадарчай дзейнасьці і разьмеркаваньні між сябрамі ТУЖ выдаткаў на ўтрыманьне і бягучы рамонт агульнай маёмасьці;
  • унясеньне платы за капітальны рамонт[1].

Таварыства ўласьнікаў жытла мае права:

  • атрымаць і добраўпарадкаваць зямельную дзялянку, а таксама ажыцьцяўляць будаўніцтва на ёй;
  • узводзіць дадатковыя пабудовы;
  • абслугоўваць агульную маёмасьць сумеснага домаўладаньня ўласнымі сіламі і заключаць дамовы газа-, цепла- і электразабесьпячэньня з жыльлёва-камунальнымі гаспадаркамі;
  • усталёўваць памер абавязковых плацяжоў і ўнёскаў;
  • атрымліваць пазыку ў банку;
  • абскардзіць рашэньне ўстановы і дзеяньне службоўца, што парушае правы сябраў ТУЖ;
  • разьмяшчаць унёскі на капітальны рамонт ва ўклады;
  • уступаць у саюзы ТУЖ[1].

Беларусь

рэдагаваць

Жыльлёвы кодэкс Беларусі 2012 году прадугледжваў магчымасьць ствараць таварыствы ўласьнікаў жытла (ТУЖ). Паводле 156-га артыкула Кодэксу, удзельнікі сумеснага домаўладаньня з прынамсі 1/4 галасоў і мясцовы выканаўчы орган атрымалі права склікаць агульны сход у справе стварэньня таварыства ўласьнікаў. Гэты сход лічыўся правамоцным пры ўдзеле звыш 2/3 удзельнікаў сумеснага домаўладаньня. Рашэньне аб стварэньні ТУЖ лічылася прынятым пры галасаваньні за яго больш як 2/3 удзельнікаў сходу. Згодна са 166-м артыкулам агульны сход ТУЖ пры ўдзеле прынамсі паловы ўдзельнікаў мог абіраць на 5 гадоў упаўнаважаных ад кожных 5 удзельнікаў. Агульны сход мог ладзіцца празь пісьмовае апытаньне пры ўдзеле звыш паловы ўдзельнікаў, якія валодалі прынамсі 2/3 галасоў. Сход мелі склікаць аднойчы на год. Урэшце, рашэньні сходу даводзіліся да ведама сябраў ТУЖ шляхам разьмяшчэньня выпіскі з пратаколу на інфармацыйных стэндах ТУЖ не пазьней за 5 дзён пасьля сходу, а пры яго правядзеньня ў выглядзе пісьмовага апытаньня — не пазьней за 5 працоўных дзён пасьля падліку галасоў[1].

На чэрвень 2019 году ў Беларусі налічвалася каля 10 000 таварыстваў уласьнікаў жытла (ТУЖ). Зь іх 43 % былі на самаабслугоўваньні[2]. На сьнежань 2022 году лік ТУЖ вырас да 12 000. Сярод іх 7000 (58 %) мелі дамоўныя дачыненьні з жыльлёва-камунальнымі гаспадаркамі[3].