Сьцяпонас Дарус
Сьцяпонас Дарус (па-летувіску: Steponas Darius), сапраўднае імя Сьцяпонас Юцявічус-Дарашус (лет. Steponas Jucevičius-Darašius; 8 студзеня 1896, хутар Рубішкес, Ковенская губэрня — 17 ліпеня 1933) — летувіскі лётчык. Разам са Стасісам Гірэнасам ён спрабаваў зьдзейсьніць трансатлянтычны палёт, які прывёў да гібелі абодвух пілётаў.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 1907 эміграваў з бацькамі ў ЗША, дзе ў 1917 спрасьціў сваё прозьвішча. Падчас Першай сусьветнай вайны служыў добраахвотнікам у амэрыканскай арміі. За службу ў амэрыканскім корпусе ў Францыі ўзнагароджаны мэдалём «Пурпуровае Сэрца». У 1920 вярнуўся ў Летуву і ўступіў у летувіскае войска. Скончыў вайсковую вучэльню (1921), пасьля курсы лётчыкаў (1923). У 1927 ізноў выехаў у ЗША, дзе працаваў у грамадзянскай авіяцыі.
Спорт
рэдагавацьДарус быў вядомым спартоўцам, займаўся баскетболам, хакеем, бэйсболам, боксам, лёгкай атлетыкай. На Алімпійскіх гульнях 1924 году ў Парыжы ён быў запасным варатаром зборнай Летувы па футболе[1]. На клюбным узроўні, як футбаліст, выступаў за Каўнаскую каманду ЛФЛС(en). Спартовы стадыён(Lt) у Коўне названы ў гонар С. Даруса і С. Гірэнаса.
Трансатлянтычны палёт
рэдагаваць15 ліпеня 1933 разам зь лётчыкам Стасісам Гірэнасам выляцеў на самалёце, названым «Lituanica», каб зьдзейсьніць першы беспасадкавы трансатлянтычны пералёт па маршруце Нью-Ёрк — Коўна (7186 км).
Пасьля ўдалага пералёту над паўночнай часткай Атлянтычнага акіяну, які заняў 37 гадзін 11 хвілін, самалёт уночы 17 ліпеня а 0:36 гадзін бэрлінскага часу пацярпеў аварыю ў лесе на тэрыторыі Нямеччыны, недалёка ад Золдына; абодва лётчыка загінулі. Самалёт праляцеў 6411 км і разьбіўся за 650 км ад мэты (у Коўне рыхтавалася ўрачыстая сустрэча). Месца катастрофы цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы каля вёскі Пшчэльнік пад Мысьлібужам. Афіцыйная вэрсія нямецкай камісіі: прычынай аварыі названыя дрэнныя ўмовы надвор’я і перарасход паліва, што прывяло да недапушчальна небясьпечнага зьніжэньня. У савецкім мастацкім фільме «Палёт праз Атлянтычны акіян» прадстаўлена вэрсія, якая ня мае гістарычных пацьверджаньняў, згодна зь якой самалёт пралятаў над сакрэтным канцэнтрацыйным лягерам Бэрлінхэн і быў зьбіты.
Памяць
рэдагавацьЛётчыкі былі ўрачыста пахаваныя ў Коўне на вайсковых могілках і здабылі пасьмяротную славу нацыянальных герояў Летувы. Пра лётчыкаў і іх трансатлянтычным палёце створана нямала вершаваных твораў летувіскіх паэтаў: выдаваліся адмысловыя анталёгіі. Вёска, у якой нарадзіўся Сьцяпонас Дарус, перайменаваная ў ягоны гонар. Імёны лётчыкаў носяць вуліцы ў гарадах Летувы, школы і гімназіі, стадыён у Коўне. Помнік Дарусу і Гірэнасу ўсталяваны ў Чыкага, дзе жыве вялікая летувіская дыяспара. Выявы Даруса і Гірэнаса зьмешчаны на банкноце 10 літаў.
-
Паштовая марка ў памяць палёту Даруса і Гірэнаса
-
Манэта 10 літаў, выбітая да 60-годзьдзя палёту Даруса і Гірэнаса (1993)
-
10 літаў (2001)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Switzerland - Lithuania Справаздача пра матч на сайце ФІФА