Тарнада

(Перанакіравана з «Сьмерч»)

Тарна́да — назва нечакана моцнага ветру. Тарнада фармуецца ў выніку сустрэчы цёплага і халоднага паветра і ўтварае варонкападобную віхуру вышынёй да 1,5 км, якая выцягвае дажджавыя аблокі да паверхні зямлі ці вады. У сярэдзіне варонкі паветра ўздымаецца ўверх, утвараючы разражэньне. Каля зямлі шырыня тарнада складае 50—500 м. Прыкладна праз 30 км тарнада траціць сваю моц, але зафіксаваны здарэньні жыцьця тарнада на працягу 500 км.

Тарнада

Розныя тыпы тарнада ўключаюць у сябе шматвіхорныя тарнада, вадзяныя віхраслупы і віхраслупы незьвязаныя з мэзацыклёнам. Вадзяныя віхраслупы характарызуюцца сьпіралепадобным ветрам, які злучаецца зь вялікімі кублаватымі або кублавата-дажджавымі аблокамі. Яны, як правіла, клясыфікуюцца як віхраслупы незьвязаныя з мэзацыклёнам, і такія зьявы маюць месца над вадаёмамі. На сёньня існуюць рознагалосьсі з нагоды таго, ці варта іх клясыфікаваць як праўдзівыя тарнада. Такія сьпіралепадобныя калёны паветра часта разьвіваюцца ў трапічных раёнах, блізкіх да экватару, і менш распаўсюджаныя ў іншых шыротах[1]. Да іншых віхорападобных зьяўваў адносяцца пылавы і вогнены віхор.

Тарнада найбольш распаўсюджаны ў Паўночнай Амэрыцы, асабліва ў рэгіёне Злучаных Штатаў, вядомым як Алея тарнада[2], а таксама на поўначы і ўсходне-цэнтральнай частцы Паўднёвай Амэрыкі, Паўднёвай Афрыкі, паўночна-заходняй і паўднёва-ўсходняй Эўропе, заходняй і паўднёва-ўсходняй Аўстраліі і Новай Зэляндыі[3].

Моц тарнада

рэдагаваць

Для акрэсьленьня моцы тарнада (на падставе зьнішчэньняў якія яно выклікала) ужываецца шкала Фуджыта з выкарыстаньнем сымбаляў ад F0 да F5.

  • F0 — вецер з хуткасьцю ніжэй за 116 км/г,
  • F1 — вецер з хуткасьцю ад 116 да 180 км/г (можа зьнішчыць драўляныя гаспадарчыя збудаваньні і элемэнты дахаў, перавярнуць лёгкія аўтамабілі),
  • F2 — вецер з хуткасьцю ад 180 да 250 км/г (можа зрываць дахі, пераварочваць цягнікі),
  • F3 — вецер з хуткасьцю ад 250 да 330 км/г (можа вырываць дрэвы і нішчыць нават вялікія будынкі),
  • F4 — вецер з хуткасьцю ад 330 да 415 км/г (можа ўздымаць вялікія машыны)
  • F5 — вецер з хуткасьцю ад 415 да 510 км/г (можа ўздымаць вельмі цяжкія аб’екты і пераносіць іх на некалькі соцень мэтраў, раўняць зь зямлёй усё што трапляецца на шляху).
  • 3 і 4 красавіка 1974 году 147 тарнадаў здарылася ў 13 амэрыканскіх штатах,
  • самая высокая зафіксаваная хуткасьць тарнада 511,7 км/г,
  • самае вялікае (па велічыні варонкі) тарнада (F4) было зафіксавана 22 траўня 2004 году ў штаце Нэбраска — яго варонка мела дыямэтар 4 кілямэтры.
  1. ^ National Weather Service (2009-02-03). «15 January 2009: Lake Champlain Sea Smoke, Steam Devils, and Waterspout: Chapters IV and V». National Oceanic and Atmospheric Administration.
  2. ^ «Tornado Alley, USA». Science News Online.
  3. ^ «Tornado: Global occurrence». Encyclopædia Britannica Online.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць