Сьвяты Патрык
Сьвяты Патрык (па-ангельску: Saint Patrick; па-лацінску: Sanctus Patricius; па-ірляндзку: Naomh Pádraig) — хрысьціянскі сьвяты, заступнік Ірляндыі і Нігерыі. Шанаваньне распаўсюджана ў каталіцызьме, у асобных пратэстанцкіх цэрквах (напрыклад, у англіканскай, прэсьвітэрыянскай, лютэранскай) і ў праваслаўі. Дзень памяці — 17 сакавіка.
Адзінай крыніцай параўнальна надзейных біяграфічных зьвестак пра Патрыка зьяўляюцца яго ўласныя творы — «Споведзь» (Confessio) і «Пасланьне да воінаў караля Каротыка» (Epistola ad Coroticum). Як аўтар «Споведзі», напісанай на лацінскай мове, Сьвяты Патрык лічыцца родапачынальнікам ірляндзкай літаратуры.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьРабства
рэдагавацьСьвяты Патрык нарадзіўся каля 385—390 гг. у рымскай Брытаніі ў сям’і вайскоўца, які пазьней стаў дыяканам. Ва ўзросьце 16 гадоў Патрык трапіў у палон да піратаў, якія вывезьлі яго ў Ірляндыю і там прадалі ў рабства. Падчас гэтага прымусовага прабываньня на Зялёным Востраве ён захапіўся аскетычным жыцьцём і вырашыў прысьвяціць свой лёс Богу. Уцёкшы праз шэсьць гадоў на кантынэнт, ён накіравацца ў Галію, дзе ён трапіў на вучобу да біскупу Германа (або Жэрмэна) Асэрскага. У хуткім часе ён вярнуўся ў родныя мясьціны і вырашыў стаць сьвятаром. Прыняць гэтае рашэньне дапамог прарочы сон, які заклікаў яго навярнуць у хрысьціянскую веру Ірляндыю.
Сьвятарства
рэдагавацьКаля 432 г. быў пасьвечаны ў біскупы і вярнуўся ў Ірляндыю. Каб растлумачыць таямніцу Сьвятой Тройцы, ён карыстаўся трохлістаю канюшынаю, лісткі якой растуць з аднаго сьцябла. З таго часу канюшына стала сымбалям сьв. Патрыка і Ірляндыі. Сьвятому ўдалося навярнуць у хрысьціянскую веру караля паганцаў і яго атачэньне. Некаторыя з навернутых ахвяравалі яму свае землі і будынкі пад касьцёлы. Згадваюцца шматлікія цуды — хворыя былі аздароўленыя, памерлыя ўваскрасалі, кульгавыя хадзілі, сьляпыя бачылі, а цудоўныя струмені вады да сёньняшняга дня напаўняюць студні.
Ён навярнуў у веру большасьць мясцовых валадароў, пры падтрымцы якіх працягваў сваю місыйную дзейнасьць па ўсёй Ірляндыі. Ён засноўваў кляштары, касьцёлы і школы, а каля 440 г. сярод аднаго з паганскіх плямёнаў арганізаваў першае біскупства. Дзейнасьць сьвятога выклікала моцны супраціў з боку пагнагцаў-друідаў, а таксама з боку некаторых рыцараў, якія займаліся разбоем на Зялёным Востраве.
Адна з легендаў, зьвязаных з асобаю сьвятога Патрыка, апавядае пра 40 дзён, якія ён правёў у малітве на Cruach Phádraig (гара Патрыка). У гэты час сышла на яго звышнатуральная сіла, дзякуючы якой ён ачысьціў востраў ад вужоў. Таму на абразах яго часта паказваюць манахам, які топча нагамі вужа, што зьяўляецца рэлігійным сымбалем ачышчэньня Ірляндыі з-пад улады сатаны. А на Cruach Phádraig кожны год ідуць шматлікія пілігрымкі.
Сьмерць
рэдагавацьДата сьмерці сьвятога дакладна невядомая, як невядома і месца яго пахаваньня. Лічыцца, што ён пахаваны ў Даўнпатрыку (па іншых крыніцах — у Соўле). У некаторых старажытных жыцьцяпісах гаворыцца, што на працягу некалькіх дзён на цела памерлага з неба сьвяціла яркае сьвятло. На месцы пахаваньня сьвятога пабудавалі катэдру ў яго гонар.
Шмат сьвятыняў па ўсім сьвеце ўзьведзена ў яго гонар, але найбольш вядомая катэдра сьвятога Патрыка ў Дубліне. Цікава, што ў ХVIII ст. пробашчам катэдры быў вядомы пісьменьнік і філёзаф Джанатан Сўіфт. Сьвяты Патрык пакінуў цудоўныя словы свайго веравызнаньня, якія сталі крылатымі: «Хрыстус са мною, Хрыстус перада мною, Хрыстус за мною, Хрыстус ува мне!».
Дзень сьвятога Патрыка
рэдагавацьДзень сьвятога Патрыка стаў афіцыйна адзначацца царквой на пачатку XVII стагодзьдзя. Яго сьвяткуюць у каталіцкай, англіканскай, праваслаўнай і лютэранскай цэрквах. Акрамя згадкі пра самога Патрыка, у гэты дзень таксама адзначаецца прыход хрысьціянства ў Ірляндыю[1], а таксама культура ірляндцаў у цэлым[2].
Афіцыйным сымбалем сьвята ёсьць трылісьнік — лісьце канюшыны. Звычайна ў дзень сьвятога Патрыка праводзяцца парады, фэсты, кейлі, іхнія ўдзельнікі апранаюць зялёную вопратку альбо носяць трылісьнікі[2] й ірляндзкія сьцягі.
У Ірляндыі, Паўночнай Ірляндыі, Ньюфаўндлэндзе і Лябрадоры, а таксама ў Мансэраце гэты дзень зьяўляецца афіцыйным сьвятам.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Kevin Meethan, Alison Anderson, Steven Miles. Tourism, Consumption & Representation (анг.).
- ^ а б Circles of Tradition: Folk Arts in Minnesota (анг.).
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Сьвяты Патрык на catholic.by
- Сьвяты Патрык? Ave Maria № 3 (252) 2016
- Sancte Patrici, ora pro nobis! Праверана 2010-09-06 г. Архіўная копія ад 2011-01-29 г.