Сьвяты Марцін

(Перанакіравана з «Сьвяты Мартын»)

Сьвяты Марцін, або Ма́ртын (па-лацінску: Martinus; каля 316—317 — 8 лістапада 397) — хрысьціянскі сьвятар, біскуп Туру (Францыя).

Жан Фуке. Учынак сьвятога Марціна

Дзень Сьвятога Марціна, які каталіцкі касьцёл сьвяткуе 11 лістапада, быў калісьці адным з самых прыкметных у каталіцкім календары (урачыстасьці ў ягоны гонар доўжыліся тры дні, з 10 па 12), а сам Марцін — адным з самых улюбёных сьвятых з агульнаэўрапейскім культам. У праваслаўнай традыцыі гэтага сьвятога называюць Марцінам Міласэрным і адзначаюць ягоную памяць 13 лютага.

Адзін з самых славутых сьвятых Рымскага касьцёлу, Марцін нарадзіўся каля 316—317 гадоў у рымскай правінцыі Панонія (сучасная Вугоршчына). Ягоны бацька быў легіянерам, які даслужыўся да пасады трыбуна і заставаўся перакананым прыхільнікам рымскага паганства. Таму сьвядома назваў сына ў гонар Марса — рымскага бога вайны. Калі пазьней бацьку перавялі служыць у італьянскую Павію, Марцін пазнаёміўся з тамтэйшымі хрысьціянамі і стаў катэхуменам, але да хросту не дайшло, бо тамтэйшы біскуп папросту баяўся хрысьціць дзесяцігадовага хлапчука, каб не наразіць на сябе гнеў уплывовага бацькі. Толькі больш як праз 10 гадоў здарыўся выпадак, які канчаткова вызначыў выбар Марціна, на той час ужо легіянэра. У 338 годзе, пад час побыту ў гарнізоне Ам’ена, ён у лютую зімовую сьцюжу спаткаў жабрака і аддаў яму палову свайго плашча. Уначы ён сасьніў Хрыста, апранутага ў ягоны плашч, які казаў анёлам: «Глядзіце, як мяне Марцін-катэхумен апрануў!» Вясной 339 году, на Вялікдзень, як было тады прынята, Марцін хрысьціўся. Пасьля звальненьня з вайсковай службы Марцін зь некалькімі таварышамі заклаў першую пустэльню ў Галіі (360), зрабіўшыся пачынальнікам гальскага (пазьней францускага) манаства, і хутка слава пра ягонае сьвятое жыцьцё разьнеслася і па захадзе, і па ўсходзе Рымскай імпэрыі.

Адкуль такая трывалая сувязь Марціна з гусямі? У 371 годзе памёр біскуп гальскага гораду Тур. Сьвятары і цывільныя вернікі прагнулі бачыць на турскай катэдры менавіта Марціна, але ён не хацеў пакідаць свой прыстанак. Тады яго прыхільнікі ўжылі падман. Адзін з паважаных грамадзянаў Тура папрасіў, каб Марцін, які славіўся цудоўнымі аздараўленьнямі, адведаў ягоную хворую жонку. Заманіўшы пустэльніка да сябе пад такім годным прэтэкстам, турскія мяшчане гвалтам зацягнулі яго ў катэдру і пакорна-настойліва ўпрасілі, каб прыняў годнасьць біскупа. Пасьля доўгіх намоваў ён урэшце пагадзіўся і 4 ліпеня 371 году быў высьвячаны на біскупа Тура.

Народная традыцыя сьцьвярджае, што Марцін спачатку здолеў уцячы ад сваіх надакучлівых прыхільнікаў і схавацца ў гусятніку, але колішнія выратавальнікі Рыму выдалі яго сваім гергетаньнем. Таму першым учынкам разгневанага Марціна на новай пасадзе быў нібыта загад засмажыць адну са «здрадніц». Паводле іншай легенды, гусі аднойчы перапынілі казаньне Марціна, чым і наразілі ягоны гнеў. Афіцыйная каталіцкая агіяграфія на гэты конт маўчыць — сапраўды, такі імпульсіўны ды помсьлівы ўчынак дрэнна стасуецца з хрысьціянскімі разважнасьцю ды стрыманасьцю. Хутчэй за ўсё, гэтая легенда паўстала значна пазьней за рэальныя падзеі, праз шмат гадоў па сьмерці сьвятога. Але ж на чымсьці такое трывалае атаясамліваньне Марціна з гусямі мусіць грунтавацца? Мо справа ў тым, што гусі лічыліся ў рымлянаў сьвятымі птушкамі Марса, у гонар якога і быў названы будучы сьвяты? На біскупскай пасадзе Марцін праявіў сябе бескампрамісным змагаром з паганствам, руйнуючы капішчы паганскіх багоў і ўсяляк выкараняючы старыя вераваньні. Ці не сымбалізуе прыпісаная яму нянавісьць да гусей сьвядомае ды пасьлядоўнае адрачэньне ад рымскага паганства, ад традыцыі, у якой намагаліся яго выхаваць бацькі — якіх Марціну, дарэчы, незадоўга да іх сьмерці ўдалося схіліць да хросту?

Сьвяты Марцін памёр 8 лістапада 397 году ў заснаваным ім кляштары Мармуцье за 14 км ад Туру, а праз тры дні яго цела перавезьлі Люарай у Тур і ўрачыста пахавалі — таму дзень яго памяці сьвяткуюць менавіта 11 лістапада. Зь цягам часу ён быў абвешчаны сьвятым патронам Францыі. Каля 700 населеных пунктаў Францыі, а таксама больш за 3600 францускіх парафіяў носяць ягонае імя. У Рэчы Паспалітай Марцін быў адным з самых папулярных сьвятых, якому было прысьвечана больш за 200 касьцёлаў (большая частка гэтых парафіяў, прынамсі ў Польшчы, захавалася да нашых дзён). Шмат стагодзьдзяў ягоны дзень быў абавязковым касьцёльным сьвятам. Найбольш гарлівыя каталікі ў Рэчы Паспалітай захоўвалі саракадзённы пост перад Божым Нараджэньнем, які пачынаўся адразу па Сьвятым Марціне, 12 лістапада, як аналяг Вялікага Посту перад Вялікднём.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Сьвяты Марцінсховішча мультымэдыйных матэрыялаў