Сьвяты Вацлаў
Сьвяты Вацлаў (сьвяты верны князь Вячаслаў Чэскі; па-чэску: Václav, па-лацінску: Venceslaus, па-нямецку: Wenzel; каля 907 — 28 верасьня 935 ці 936) — чэскі князь з роду Пржэмысловічаў, сьвяты, ушанаваны як каталікамі, так і праваслаўнымі, патрон Чэхіі. Кіраваў з 924 па 935 або 936 г.
Сьвяты Вацлаў | |
Дата нараджэньня | каля 907 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 28 верасьня 935 |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Занятак | манарх |
Бацька | Ураціслаў I[d][2] |
Маці | Драгаміра[d] |
Дзеці | Zbraslav[d] |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьБацькам Вацлава быў князь Ураціслаў I (888—921) з першай чэскай дынастыі Пржэмыславічаў. У пачатку ІХ ст. з Баварыі на тэрыторыю Чэхіі стала пранікаць хрысьціянства, а ў 845 годзе у Рэгенсбургу 14 чэскіх князёў прынялі хрост. Але, спрабуючы пазьбегнуць нямецкага дамінаваньня, чэхі ў справах катэхізацыі зьвярталіся да Бізантыі. Ад 863 году на Маравах (усход Чэхіі) прапаведавалі славянскія асьветнікі Кірыла і Мятод. Маці князя Враціслава І Людміла была іх вучаніцай.
Калі ж князь Враціслаў І загінуў у бітве з мадзьярамі, рэгенткай пры непаўналетнім Вацлаве засталася яго маці, княгіня Драгаміра. Яна паходзіла з палабскіх славян, родавым цэнтрам якіх быў Бранібор — будучы Брандэнбург. Палабы ў першай палове ІХ ст. заставаліся паганцамі. І сама Драгаміра ўвасабляла ў Чэхіі паганскую рэакцыю на хрысьціянізацыю краю.
Супрацьстаяньне скончылася замахам на Людмілу — яна была задушаная прыхільнікамі Драгаміры. У пэўным сэнсе яе лёс мусіў падзяліць і ўнук Вацлаў.
Дасягнуўшы паўналецьця, ён працягнуў актыўную палітыку хрысьціянізацыі Чэхіі. Гэта вяло да ўзмацненьня залежнасьці Чэхіі ад нямецкага біскупата. І частка чэскай эліты паставіла на Баляслава, малодшага брата Вацлава, выхаванага пад уплывам маці-язычніцы.
У 935 (або 936) годзе Вацлаў быў забіты ў царкве на загад Баляслава.
Ушанаванне
рэдагавацьВацлаў карыстаўся вялікай любоўю свайго народа, і пасьля сьмерці ён быў кананізаваны Царквой і стаў нябесным заступнікам Чэхіі. Кананізавалі Вацлава як пакутніка.
Капліца-пахавальня сьвятога Вацлава ў Саборы Сьвятога Віта ў Празе адразу стала і застаецца аб’ектам паломніцтва. Яго рэшткі, шлем, меч і латы шануюцца як нацыянальная сьвятыня. Дзень гібелі Сьвятога Вацлава адзначаецца ў Чэхіі на дзяржаўным узроўні.
Імем Сьвятога Вацлава ў 1848 годзе, годзе рэвалюцыйных пераўтварэньняў, па прапанове дзеячаў-асьветнікаў чэскага нацыянальнага адраджэньня была названая вялікая плошча ў Новым Месце Прагі. У 1912 годзе на ёй усталяваны помнік князю працы Ёзэфа Місьльбека (раней, у 1848—1879 гадах, на плошчы стаяла статуя барочнага скульптара Бендля XVII стагодзьдзя, якая цяпер перанесена ў Вышаград).
Цікавыя факты
рэдагавацьПадчас рэстаўрацыйных работ у царкве Сьвятога Спаса ў Полацку насупраць сьцяны, дзе былі адкрыты партрэты Барыса і Глеба, была таксама знойдзена рэдкая выява сьвятога Вацлава Чэскага. Полацкая фрэска — адзіная выява чэскага сьвятога ў праваслаўных храмах на тэрыторыі былой Русі[3][4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Kubelka A. Důkazy o místě narození sv. Václava chybějí. O titul „rodiště patrona“ vzplál spor (чэс.) — 2023.
- ^ Lundy D. R. Saint Wenceslas I, Duke of Bohemia // The Peerage (анг.)
- ^ Сэнсацыя: падчас рэстаўрацыі адкрылі фрэскі часоў Еўфрасінні Полацкай
- ^ Новыя адкрыцьці ў Спаса-Праабражэнскім храме (рас.)
Літаратура
рэдагаваць- Вацлав Святой // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) — СПб., 1890—1907.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Жыцьцё // Православие.Ru