Дабравесьце новага стагодзьдзя

японскі мультыплікацыйны тэлесэрыял
(Перанакіравана з «Сынсэйкі Эвангеліён»)

«Дабраве́сьце но́вага стаго́дзьдзя» альбо «Эванґеліё́н» (трансьліт. «Сынсэйкі Эванґеліён») — японскі навукова-фантастычны анімэшны тэлесэрыял рэжысэра Хідэакі Анна, прэзэнтаваны на ТБ Токіё ў 1995 року.

«Дабравесьце новага стагодзьдзя»
яп. 新世紀エヴァンゲリオン
яп. 新世紀エヴァンゲリオン
(Дабравесьце новага пакаленьня)
Жанр Мэха, постапакаліптыка, псыхалягічны трылер
тэлесэрыял
Рэжысэр Хідэакі Анна
Прадусар
  • Нарыка Кабаясі
  • Ютака Сугіяма
Кампазытар Сыро Сагісу
Студыя
Ліцэнзіят
Тэлесетка TXN (ТБ Токіё)
Прэм’ера 4 кастрычніка 1995 (29 гадоў таму)
Сэрыяў 26
Мова японская

«Эванґеліён» — апакаліптычнае анімэ, дзеяньне якога адбываецца ў Токіё празь пятнаццаць гадоў пасьля глябальнай катастрофы. Галоўны герой — падлетак Сындзі, якога бацька аддаў на службу ў сакрэтную арганізацыю «Нэрв», каб пілятаваць гіганцкага біяробата пад назвай «Эванґеліён» у змаганьні з пачварнымі істотамі — Анёламі.

Тэлесэрыял аказаў значны ўплыў на аднаўленьне цікавасьці да анімэ. У франшызе выйшлі фільм, манґа, дамашняе відэа і іншыя прадукты, валавы даход ад продажу якіх да 2007 року дасягнуў 150 мільярдаў енаў.

  Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

У 2015 року, празь 15 гадоў ад глябальнай катастрофы, называнай «Другім ударам», Ґэнда Ікары, кіраўнік ваенізаванай спэцгрупы «Нэрв», прыводзіць свайго сына, падлетка Сындзі Ікары, у футурыстычнае места Токіё-3. Сындзі становіцца сьведкам бітвы сілаў ААН супраць Анёла, аднаго з прадстаўнікоў расы пачвараў, абуджэньне якіх было прадказанае скруткамі Мёртвага мора. Анёлы валодаюць амаль непрабівальнымі сілавымі шчытамі, адолець якія можа толькі спэцыяльная зброя «Нэрву»: гіганцкія біяробаты Эванґеліёны, якія кіруюцца нэрвовымі імпульсамі сваіх пілётаў і валодаюць уласнымі сілавымі шчытамі. Афіцэр «Нэрву» Місата Кацураґі суправаджае Сындзі ў падземны комплекс арганізацыі, дзе ягоны бацька прымушае да кіраваньня Эванґеліёнам №01 у змаганьні з Анёлам. Непадрыхтаваны Сындзі хутка агаломшаны ў бітве, аднак ягоны Эванґеліён у лютасьці сам па-барбарску забівае Анёла.

Пасьля шпіталізацыі Сындзі пачынае трэніравацца зь Місата і пасяляецца ў Токіё-3. У другім баі Сындзі зьнішчае Анёла, але пасьля ў разгубленасьці ўцякае. На ягоным шляху паўстае Місата, і Сындзі вырашае працягнуць службу пілётам. Цяпер спэцаддзел «Нэрву» мусіць перамагчы 14 астатніх Анёлаў, каб пазьбегнуць Трэцяга ўдару, які канчаткова зьнішчыць сьвет. Тым часам Сындзі спрабуе пасябраваць зь пілёткай Эванґеліёна №00 — загадкавай сацыяфобкай Рэй Аянамі. Зь ейнай дапамогай Сындзі перамагае яшчэ аднаго Анёла. Пасьля да іх далучаецца пілёт Эванґеліёна №02, рознаталентавую, але невыносную дзяўчыну Асуку Лэнглі Сор’ю, нямецкую японку, якая пражывае ў Амэрыцы. Утраёх яны зьнішчаюць яшчэ некалькіх Анёлаў.

Сындзі вымушаны біцца з заражаным Эванґеліёнам №03 і назіраць, як паранены ягоны пілёт, аднаклясьнік тодзі Сузухара. Асука пасьля паразы губляе сваю самаўпэўненасьць і ўпадае ў дэпрэсію, якая яшчэ болей пагаршаецца пасьля наступнай бітвы супраць Анёла Араэля, які атакуе ейны мозаг і выпускае ейныя найгоршыя страхі ды няўпэўненасьці. У наступным баі Рэй самаразбурае Эванґеліёна №00 і гіне, ратуючы жыцьцё Сындзі. Місата і Сындзі наведваюць шпіталь, дзе яны знаходзяць Рэй жывой, аднак тая называе сябе «трэцяй Рэй». Місата вымушае Рыцука адкрыць таямніцы «Нэрву», паказаць звалку Эванґеліёнаў і сыстэму, якая дзейнічае на клёнах Рэй. Усе гэтыя падзеі бянтэжаць Сындзі і аддаляюць яго ад іншых. Наўзамен здранцьвелай Асуцы кіраваць Эванґеліёнам №02 прыходзіць Кавору Нагіса. Ён пасябраваў з Сындзі і заваяваў ягоны давер, аднак апынулася, што ён і ёсьць апошні Анёл, Табрыс. Кавору б’ецца з Сындзі, і, усьведамляючы, што ад ягонай сьмерці залежыць працяг існаваньня чалавецтва, сам просіць Сындзі забіць яго. Аднак сьмерць сябра выклікае глыбокія пакуты ў Сындзі.

Пасьля зьнішчэньня апошняга Анёла арганізацыя «Seele» запускае «Праект судзеяньня чалавецтву», які мусіць мэтанакіравана выклікаць эвалюцыю чалавека, у якой душы ўсіх людзей сальюцца ў адно праз Рэй. На гэтым этапе героі займаюцца самааналізам, і Сындзі ў канчатковым выніку пазбаўляецца нянавісьці да сябе, што дазваляе яму аб’яднацца зь іншымі.

  Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць