Скруткі Мёртвага мора

Скру́ткі Мёртвага мо́ра альбо скруткі Кумра́нскіх пячо́раў — старажытныя юдэйскія рэлігійныя рукапісы, знойдзеныя ў Кумранскіх пячорах на Заходнім беразе Ярдану ля Мёртвага мора[1].

Скруткі Мёртвага мора, паміж 408 да н. э. і 318 н. э.
Папірус, пэргамін і бронза.
розныя

На працягу 1946—1947 і ў 1956 року ў 11 пячорах знойдзеныя некалькі тысячаў пісьмовых фрагмэнтаў, ацалелых пасьля плягаў ці чалавечага ўплыву, якія прадстаўляюць сябой часткі 981 розных рукапісаў[2]. Пячоры знаходзяцца за 1,6 км на захад ад Мёртвага мора, таму скруткі атрымалі такую назву.

Дасьледчыкі складаюць і вывучаюць кавалкі скруткаў Мёртвага мора ў «Скруткавым памяшканьні» Палестынскага археалягічнага музэю.

Навукоўцы адносяць час напісаньня рукапісаў Мёртвага мора да пэрыяду з III стагодзьдзя да н. э. да I стагодзьдзя нашай эры. Радыёвугляроднае і палеаграфічнае датаваньне скруткаў пацьвярджаецца знаходкай у гэтых жа пячорах бронзавых манэтаў з выбітымі выявамі ад Яна Гіркана (135—104 да н. э.) да пэрыяду першай юдэйскай вайны (66—73)[3].

Тэксты скруткаў маюць вялізарнае гістарычнае, рэлігійнае і лінгвістычнае значэньне, паколькі зьмяшчаюць другія з найстарэйшых рукапісаў, пазьней уключаных у юдэйскую Біблію, а таксама другакананічныя і па-забіблійныя творы.

Большасьць тэкстаў напісаныя іўрытам, частка па-арамэйску і грэцку[4].

З-за кепскага стану некаторых скруткаў навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць усе знойдзены тэксты. Тыя, што растлумачаныя, дзеляцца на тры асноўныя групы:

  1. каля 40% — копіі тэкстаў юдэйскіх Пісаньняў.
  2. каля 30% — тэксты часоў другога Храму, якія ў выніку не ўвайшлі ў склад юдэйскай Бібліі, напрыклад кніга Эноха, кніга Юбілеяў, кніга Табіта, Мудрасьці Сірахава, Псальмы 152—155, і інш.
  3. Рэшта (каля 30%) — сэктанцкія рукапісы раней невядомых дакумэнтаў, якія патлумачылі правілы і вераваньні пэўных групаў (сэктаў), напрыклад Правіла Супольнасьці, Скрутак Вайны, Камэнтар Хабакука і Правіла Дабраславеньня[5]/

Выяўленьне

рэдагаваць
 
4-я Кумранская пячора, дзе былі знойдзеныя 90% усіх скруткаў

Скруткі Мёртвага мора былі знойдзеныя ў 12 пячорах ля вадзі Кумрану ў 1946—1956 роках бэдуінскімі пастухамі, а пасьля археолягамі[6]. Практыка захоўваньня зношаных сьвятых рукапісаў у гліняным посудзе ў зямлі ці ў пячорах адносіцца да старажытнага жыдоўскага рытуалу Геніза.

У канцы 1946 — пачатку 1947 року бэдуінскія пастухі выявілі сем першых скруткаў у гаршках у пячоры ля Кумрану. Яны спрабавалі прадаць скруткі ў Бэтлееме, дзе на іх зьвярнулі ўвагу гандляры антыкварыятам. У 1947 скруткі прыцягнулі ўвагу амэрыканскага археоляга Джона Трэвэра, які знайшоў у скрутках падабенства з найстарэйшым на той час вядомым біблійным рукапісам — «папірусам Нэша».

У 1948 Амэрыканская школа ўсходніх дасьледаваньняў (АШУД) атрымала яшчэ некалькі скруткаў, аднак з-за вайны пошукі праводзіць было немагчыма. Пасьля таго, як урад Ярданіі даў дазвол на пошукі Арабскаму легіёну, 28 студзеня 1949 была выяўленая пячора №1.

 
Кумран на Заходнім беразе Ярдану

15 лютага — 5 сакавіка 1949 Ярданскі аддзел старажытнасьцяў правёў першыя раскопкі на тэрыторыі пячоры №1[7], у якой былі знойдзеныя яшчэ фрагмэнты рукапісаў, ільняныя тканіны, збаны ды іншыя артэфакты[8].

У лістападзе 1951 Ралян дэ Во з камандай з АШУДу пачаў поўныя раскопкі Кумрану[9]. Пасьля адкрыцьця бэдуінамі 2-й пячоры ў ёй былі выяўленыя 300 фрагмэнтаў 33 рукапісаў, сярод якіх кніга Юбілеяў і Мудрасьць Сірахава на іўрыце[8][9]. 14 сакавіка 1952 каманда АШУДу выявіла 3-ю пячору з кавалкамі кнігі Юбілеяў і Медным скруткам[10], а ў верасьні — сьнежні адкрылі тры наступныя пячоры з рукапісамі і іхнімі часткамі[9].

У 1953—1956 Ралян дэ Во зладізў яшчэ чатыры археалягічныя экспэдыцыі ў Кумране[8]. Апошняй адкрытай у 1956 року стала 11-я пячора з фрагмэнтамі рукапісаў[11]. У лютым 2017 археолягі Габрэйскага ўнівэрсытэту адкрылі 12-ю пячору[12] з адным чорным пэргамінам; аднак у пячоры прысутнічалі таксама разьбітыя і пустыя збаны ды матыкі, што сьведчыць пра разрабаваньне мясьціны ў 1950-я[13].

Скруткі і кавалкі

рэдагаваць
 
Фрагмэнты скруткаў 1Q17 — 1Q20 зь першай Кумранскай пячоры
 
Скрутак Вайны, знойдзены ў 1-й пячоры.
 
Дамаскінскі скрутак (4Q271Df) з 4-й пячоры

Налічваецца 972 скруткі і кавалкі Кумранскіх рукапісаў. Першыя сем скруткаў зь пячоры №1 — Вялікі скрутак Ісаі (1QIsaa), ягоная копія (1QIsab), скрутак правіла Супольнасьці (1QS), Камэнтар Хабакука (1QpHab), Скрутак Вайны (1QM), Гімны падзякі (1QH) і Апокрыф Быцьця (1QapGen)[14].

Найбольш вядомая з усіх Кумранскіх пячораў — 4-я, адкрытая ў жніўні 1952 року, паколькі яна бачная з Кумранскага плято, а таксама з-за колькасьці знойдзеных кавалкаў рукапісаў (каля 15 000 з 500 розных тэкстаў, што складае 90% усіх скруткаў Мёртвага мора), сярод якіх 9—10 копіяў Юбілеяў, а таксама 21 тэфілін і 7 мэзузаў.

 
Кавалкі папірусаў 7Q4, 7Q5 і 7Q8 з 7-й пячоры

У 5-й пячоры знойдзеныя прыкладна 25 рукапісаў[10]. Адначасна зь ёй была адкрытая 6-я пячора з кавалкамі 31 рукапісу[10].

 
Скрутак Левіта (11Q1) з 11-й пячоры

У 7-й пячоры выяўленыя да 20 грэцкамоўных тэкстаў, сярод якіх 7Q2 («Пасланьне Ераміі» = Барух 6), 7Q5 (які стаў прадметам мноства гіпотэзаў) і грэцкая копія скрутку Эноха[15][16][17].

 
Копія Вялікага скрутку Ісаі ў экспазыцыі ерусалімскага Храму Кнігі
 
У падобных збанах жыды захоўвалі рукапісы.

У 8-й пячоры былі выяўленыя пяць фрагмэнтаў: Кніга Роду (8QGen), Псальмы (8QPs), тэфілін (8QPhyl), мэзуза (8QMez) і гімн (8QHymn)[18]. У 9-й — толькі адзін.

У 11-й пячоры знойдзены 21 тэкст, некаторыя зь іх даволі вялікія. Найдаўжэйшы з усіх знойдзеных — Храмавы скрутак, названы так, бо больш за палову зьместу ў ім тычыцца пабудовы Ерусалімскага храму. Акрамя таго, у гэтай пячоры знойдзены эсхаталягічны фрагмэнт пра біблійную фігуру Мэльхісэдэка (11Q13) і копія Кнігі юбілеяў.

Паходжаньне

рэдагаваць

Паходжаньне скруткаў Мёртвага мора да канца ня высьветленае. Да 1990-х рокаў лічылася, што скруткі створаныя эсэямі — юдэйскай сэктай з суседняга Кумрану. Эсэі (альбо іншая сэкта) схавала скруткі ў пячорах у часе жыдоўскага паўстаньня прыкладна ў 66—68 роках н. э. З-за разбурэньня Кумрану скруткі засталіся ў пячорах на тысячагодзьдзі.

У падтрымку гэтай вэрсіі сьведчаць наступныя аргумэнты:

  • Паміж апісаньнем цырымоніі пасьвячэньня новых сябраў у Правіле Супольнасьці і апісаньнем цырымоніі пасьвячэньня новых сябраў эсэяў, згаданай у творах Ёсіфа Флявіюса, — жыдоўска-рымскага гісторыка пэрыяду другога Храму — існуе ўражвальнае падабенства.
  • Ёсіф згадвае, што эсэі дзяліліся маёмасьцю зь сябрамі супольнасьці, як напісана ў Правіле Супольнасьці.
  • Падчас раскопак Хірбэт Кумрану былі выяўленыя дзьве чарнільніцы і меркавана кавалкі таблічак, што можа азначаць, што частка тэкстаў напісаная тут. У ваколіцах былі выяўленыя яшчэ некалькі чарнільніцаў. На аснове знаходак Ралян дэ Во назваў гэтае месца «скрыпторыюмам».
  • У Кумране былі выяўленыя некалькі юдэйскіх рытуальных купальняў, што сьведчыць пра спраўленьне тут юдэйскіх абрадаў.
  • Пліні Старэйшы (географ пэрыяду пасьля падзеньня Ерусаліму ў 70 н. э.) апісвае групу эсэяў, што жылі ў пустыні на паўночна-заходнім беразе Мёртвага мора ля зруйнаванага места Эйн Гедзі.

Лоўрэнс Шліфман прапанаваў уласную вэрсію прыналежнасьці скруткаў не эсэям, а іншай юдэйскай супольнасьці — садукеям[19]. У падтрымку гэтай вэрсіі служыць скрутак «Міксат Маазэ Ха-Тора» (4QMMT), які цытуе законы чысьціні, падобныя рабіністычным пісаньням садукеяў. Таксама ў 4QMMT прыведзены каляндар з садукейскімі прынцыпамі датаваньня пэўных царкоўных сьвятаў.

Гішпанскі езуіт Хасэ О’Калахан Марцінэс у 1960-х абвясьціў, што адзін з фрагмэнтаў (7Q5) мае кавалак тэксту з новазапаветнага Дабравесьця Марка 6:52—53[20]. У 2000 року пасьля палеаграфічнага аналізу фрагмэнту гэтая тэорыя была абвергнутая[21].

Асобныя навукоўцы даказвалі, што скруткі створаныя ерусалімскімі жыдамі, якія схавалі іх у Кумранскіх пячорах, ратуючыся ад рымлянаў падчас разбурэньня Ерусаліму ў 70 року[22]. Прыхільнікі гэтай тэорыі адзначаюць разнастайнасьць пунктаў гледжаньня і почыркаў у розных скрутках.

Значэньне

рэдагаваць

Да адкрыцьця скруткаў Мёртвага мора найстарэйшымі іўрытамоўнымі біблійнымі рукапісамі былі масарэцкія тэксты X стагодзьдзя, такія як кодэкс Алепа[23]. Скруткі з Кумранскіх пячораў адсунулі граніцу даўніны адразу на тысячагодзьдзе. Гэта было вельмі істотным адкрыцьцём для дасьледчыкаў Старога Запавету, якія хацелі высьветліць, як біблійныя тэксты зьмяніліся пры перапісваньні арыгіналаў да першых масарэцкіх тэкстаў. Адкрыцьцё прадэманстравала надзвычайную дакладнасьць перадачы тэксту цягам тысячагодзьдзя, пацьвердзіўшы такім чынам той факт, што сучасныя старазапаветныя тэксты — верагодныя копіі арыгінальных твораў.

Сярод скруткаў налічваецца 225 біблійных тэкстаў, ці 22% усяго Старога Запавету, а з другакананічнымі кнігамі колькасьць тэкстаў складае 235[24][25]. Скруткі Мёртвага мора зьмяшчаюць часткі ўсіх кніг Танаху і протаканону Старога Запавету, акрамя аднае. Таксама яны зьмяшчаюць чатары другакананічныя кнігі, уключаныя ў каталіцкі і праваслаўны каноны: Табіта, Бэн Сірах, Барух 6 (інакш Ліст ці Пасланьне Ераміі) і Псальм 151[24]. Не хапае толькі кнігі Эстэр; магчыма, яна пакуль ня знойдзеная ці адсутнічае з прычыны таго, што ейны шлюб як жыдоўкі з пэрсыдзкім каралём разглядаўся б насельнікамі Кумрану з пагардаю[26], ці таму, што кніга апісвае сьвята Пурым, ня ўключанае ў Кумранскі каляндар[27].

  1. ^ The Dead Sea Scrolls — Introduction (анг.). Leon Levy Dead Sea Scrolls Digital Library. Праверана 28 жніўня 2018 г.
  2. ^ Hebrew University Archaeologists Find 12th Dead Sea Scrolls Cave (анг.). The Hebrew University of Jerusalem (8 лютага 2017). Праверана 28 жніўня 2018 г.
  3. ^ ARC Leaney, Fom Judaean Caves, p.27, Religious Education Press, 1961.
  4. ^  Vermes, Geza The Dead Sea Scrolls. Qumran in Perspective. — London: Collins, 1977. — С. 15. — ISBN 0-00-216142-7
  5. ^ Martin G. Abegg, Peter Flint, Eugene Ulrich. The Dead Sea Scrolls Bible: The Oldest Known Bible Translated for the First Time into English. — San Francisco: HarperCollins, 2002. — 672 с. — ISBN 978-0-060-60064-8
  6. ^ Dead Sea Scrolls (анг.) Праверана 28 жніўня 2018 г.
  7. ^ VanderKam, James C., The Dead Sea Scrolls Today, Grand Rapids: Eerdmans, 1994. p. 9.
  8. ^ а б в S.S.L. Frantisek Trstensky The Archaeological Site Of Qumran and the Personality Of Roland De Vaux (анг.) (PDF) Праверана 22 траўня 2012 г.
  9. ^ а б в Dead Sea Scrolls: Timetable (анг.). The Gnostic Society Library. Праверана 23 траўня 2012 г.
  10. ^ а б в VanderKam, James C., The Dead Sea Scrolls Today, Grand Rapids: Eerdmans, 1994. pp. 10–11.
  11. ^ Digital Dead Sea Scrolls at the Israel Museum, Jerusalem – Discovery imj.org.il
  12. ^ Hebrew University Archaeologists Find 12th Dead Sea Scrolls Cave // Hebrew University of Jerusalem, 8 лютага 2017 г.
  13. ^ New Dead Sea Scrolls cave filled with ancient artefacts discovered for first time in 60 years The Independent
  14. ^ Vermes, Geza, The Complete Dead Sea Scrolls in English, London: Penguin, 1998. ISBN 0-14-024501-4.
  15. ^ Baillet, Maurice ed. Les 'Petites Grottes' de Qumrân (ed., vol. 3 of Discoveries in the Judaean Desert; Oxford: Oxford University Press, 1962), 144–45, pl. XXX.
  16. ^ Muro, Ernest A., "The Greek Fragments of Enoch from Qumran Cave 7 (7Q4, 7Q8, &7Q12 = 7QEn gr = Enoch 103:3–4, 7–8)," Revue de Qumran 18 no. 70 (1997).
  17. ^ Puech, Émile, "Sept fragments grecs de la Lettre d'Hénoch (1 Hén 100, 103, 105) dans la grotte 7 de Qumrân (= 7QHén gr)," Revue de Qumran 18 no. 70 (1997).
  18. ^ Baillet ed. Les 'Petites Grottes' de Qumrân (ed.), 147–62, pl. XXXIXXXV.
  19. ^ Schiffman, Lawrence H., Reclaiming the Dead Sea Scrolls: their True Meaning for Judaism and Christianity, Anchor Bible Reference Library (Doubleday) 1995.
  20. ^ O'Callaghan–Martínez, Josep, Cartas Cristianas Griegas del Siglo V, Barcelona: E. Balmes, 1963.
  21. ^ Enste, Stefan. (2000). Kein Markustext in Qumran: Eine Untersuchung der These; Qumran-Fragment 7Q5 = Mk 6, 52–53 (No Mark text: an enquiry of the thesis; Qumran fragment 7Q5 = Gospel of Mark 6: 52–53). Göttingen: Vandenhoeck & Ruprecht. ISBN 978-3-525-53945-3
  22. ^ Chernoivanenko, Vitaly. "The Jerusalem Theory of the Dead Sea Scrolls Authorship: Origins, Evolution, and Discussions," in Ukrainian Orientalistics: Special Issue on Jewish Studies, Кyiv: NaUKMA Omeljan Pritsak Center for Oriental Studies, 2011: 9–29.
  23. ^ A sound in silence // Jerusalem Post, 26 March 2010 г. Праверана 29 August 2015 г.
  24. ^ а б Martin G. Abegg, Peter Flint, Eugene Ulrich. The Dead Sea Scrolls Bible. — HarperCollins, 7 August 2012. — С. 16—. — ISBN 978-0-06-203112-9
  25. ^ Abegg et al. "The Dead Sea Scrolls Bible: The Oldest Known Bible Translated for the First Time into English." 1999.
  26. ^ The Dead Sea Scrolls. Neal A. Maxwell Institute for Religious Scholarship.
  27. ^ James VanderKam, Peter Flint. The Meaning of the Dead Sea Scrolls: Their Significance For Understanding the Bible, Judaism, Jesus, and Christianity. — A&C Black, 10 July 2005. — ISBN 978-0-567-08468-2

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Скруткі Мёртвага морасховішча мультымэдыйных матэрыялаў