Старашвэдзкае
Старашвэдзкае (па-ўкраінску: Старошведське), таксама Га́мальсвэ́нскбю і Гамёльсвэнскбі (па-швэдзку: Gammalsvenskby, на мясцовым дыялекце швэдзкай мовы Gammölsvänskbi) — былая вёска, цяпер частка вёскі Зьмееўка ў Хэрсонскай вобласьці на поўдні Ўкраіны. Назва вёскі паходзіць ад яе жыхароў — нашчадкаў эстонскіх швэдаў, прымусова туды пераселеных, зь якіх некаторыя й дагэтуль здолелі захаваць швэдзкі дыялект[1].
Заснаваньне
рэдагавацьНасельніцтва вёскі паходзіць з востраву Дагё, у сучаснай Эстоніі, які да 1721 году належаў Швэцыі. У час кіраваньня расейскай імпэратаркі Кацярыны II, а менавіта ў жніўні 1781 году, частка жыхароў Дагё перасялілася на поўдзень Украіны: паводле адных зьвестак, гэтае перасяленьне было прымусовым, паводле іншых — Кацярына II паабяцала бедным сялянам з Дагё багатыя землі, што іх і прывабіла.
Але вынік быў катастрафічным: па дарозе шмат хто з 1 000 жыхароў вёскі памерлі, ніякіх дамоў, якія паабяцала ім Кацярына, на месцы не было, многія памерлі ў першы год жыцьця на новым месцы. Паводле царкоўных кніг, на сакавік 1783 году ў жывых заставаліся толькі 135 чалавек.
Захаваньне швэдзкай спадчыны
рэдагавацьУ канцы XVIII стагодзьдзя ў вёску таксама быў паселены яшчэ 31 палонны швэдзкі жаўнер. У 1804 годзе побач узьніклі тры нямецкія вёскі: Шлянґэндорф (па-нямецку: Schlangendorf), Мюльгаўзэндорф (па-нямецку: Mühlhausendorf) і Клёстэрдорф (па-нямецку: Klosterdorf).[2] Такім чынам, швэды апынуліся ў меншасьці, што стала прыводзіць да канфліктаў зь немцамі. З часам вёскі разрасьліся і зьядналіся ў адну, атрымаўшы назву ад нямецкага Шлянґэндорфу — Зьмееўка. З 1860-х гадоў пачалася эміграцыя са Старашвэдзкага ў Канаду.
Пачынаючы з канца XIX стагодзьдзя пачынаюць наладжвацца сувязі паміж мясцовымі швэдамі і Швэцыяй ды Фінляндыяй, у якіх былі сабраны сродкі на будаўніцтва новай швэдзкай царквы, якая была ўзьведзена 1885. Некаторыя жыхары вёскі нават сталі падпісвацца на швэдзкія газэты.
Расейская рэвалюцыя
рэдагавацьПадчас Першай Сусьветнай вайны сувязі са Швэцыяй зноў перарваліся. У 1920-я гады, пасьля Расейскай Кастрычніцкай рэвалюцыі і голаду, швэды з Гамальсвэнскбю спыталі дазволу вернуцца ў Швэцыю. У 1927 годзе ў Старашвэдзкім жыло 895 швэдаў, зь іх 881 чалавек прыбыў у Швэцыю 1 жніўня 1929 году (каля 100 зь іх потым эмігравалі далей у Канаду, у правінцыю Манітоба). Большасьць з тых, што засталіся ў Швэцыі, пасяліліся на Готляндзе, аб чым сёньня распавядае музэй у мястэчку Рума ў цэнтральнай частцы востраву. Але ў краіне, якая перажывала эканамічны крызіс, яны былі ўспрыняты як замежнікі: мясцовае насельніцтва ставілася да іх адмоўна, і некаторыя швэды са Старашвэдзкага пажадалі вернуцца ў СССР.
Назад у СССР
рэдагавацьУ канцы 1929 — пачатку 1930 году каля 250 вяскоўцаў вернулася ў СССР. Але жыцьцё там было цяжкім. У сувязі з Галадаморам 1932-1933 гадоў, яны зноў пажадалі вернуцца ў Швэцыю, але савецкія ўлады ім гэтага не дазволілі і арыштавалі каля 20 чалавек. У наступныя гады многія былі забіты падчас сталінскіх чыстак.
Падчас Другой Сусьветнай вайны, 25 жніўня 1941 году Старашвэдзкае было акупавана немцамі: іх сустрэлі як вызваліцеляў.[3] З надыходам у 1943 годзе савецкай арміі швэды былі эвакуяваны разам зь немцамі і трапілі ў Райхсгаў Вартэлянд у акупаванай Польшчы, адкуль потым былі накіраваны савецкімі ўладамі ў ГУЛягі. Аднак, у 1947 годзе ім было дазволена вернуцца ў Старашвэдзкае.
Старашвэдзкае ў наш час
рэдагавацьПасьля распаду СССР аднавіліся кантакты са Швэцыяй. Сёньня прыкладна 150-200 жыхароў вёскі маюць швэдзкае паходжаньне, зь якіх толькі некалькі чалавек валодаюць швэдзкай мовай. Пэўную эканамічную дапамогу надаюць Швэдзкая царква і камуна Готлянд. 15 красавіка 2001 году было падпісана пагадненьне аб партнэрстве паміж Старашвэдзкім і Готляндам. У 2008 годзе Старашвэдзкае афіцыйна наведала швэдзкая каралеўская пара (кароль Карл XVI Густаў і каралева Сыльвія).
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Göran Svedberg; Erik Mårtensson (2001). Gammalsvenskby en by i Ukraina. Malmö: J R Hain Förlag AB. ISBN 91-631-1191-8
- ^ Шведы со Змеевки журнал «Вокруг Света» (рас.)
- ^ «Svenskbyborna», артыкул у Швэдзкай Нацыянальнай энцыкляпэдыі
Літаратура
рэдагаваць- Котлярчук А. «В кузнице Сталина»: шведские колонисты Украины в тоталитарных экспериментах XХ века. — М.: РОССПЭН, 2012. — 224 с. —(серия «История Сталинизма») — ISBN 978-5-8243-1684-1 (рас.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Таварыства нашчадкаў жыхароў Старашвэдзкага (швэд.)
- Старонка на сайце Швэдзкай царквы (швэд.)
- Швэды са Зьмееўкі. Часопіс «Вокруг света» (рас.)