Кукуруза

від расьлінаў

Кукуруза (па-лацінску: Zea L. ssp. mays ці Zea saccharata Sturtev) — адзіны культурны прадстаўнік роду кукуруза (Zea L.) зь сямейства злакаў (Poaceae).

Кукуруза
Кукуруза цукровая
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
АддзелПакрытанасенныя
КлясаАднадольныя
АтрадМетлюжковакветныя
СямействаМетлюжковыя
РодКукуруза
ВідКукуруза
Бінамінальная намэнклятура
Zea
Zea mays "fraise"
Zea mays 'Ottofile giallo Tortonese'

Кукуруза — высакарослая аднагадовая травяністая расьліна, якая дасягае вышыні 3 м (у выключных выпадках — да 6 м і больш), з добра разьвітай каранёвай сыстэмай. На ніжніх вузлах сьцябла могуць утварацца паветраныя апорныя карані. Акрамя культурнай кукурузы, род кукуруза ўключае чатыры відыZea diploperennis, Zea perennis, Zea luxurians, Zea nicaraguensis — і тры дзікарослыя падвіды Zea mays: ssp. parviglumis, ssp. mexicana і ssp. huehuetenangensis. Лічыцца, што многія з названых таксонаў згулялі ролю ў сэлекцыі культурнай кукурузы ў старажытнай Мэксыцы. Існуе меркаваньне, што кукуруза — самая старажытная хлебная расьліна ў сьвеце[1].

Цукровая кукуруза падзяляецца на 9 батанічных групаў, якія адрозьніваюцца па будове і марфалёгіі зерня: крамяністая кукуруза (Zea mays indurata), зубападобная кукуруза (Zea mays indentata), паўзубападобная кукуруза (Zea mays semidentata), папкорн (Zea mays everta), цукровая кукуруза (Zea mays saccharata), крухмалістая кукуруза (Zea mays amylacea), крухмаліста-цукровая кукуруза (Zea mays amyleosaccharata), васкавая кукуруза (Zea mays ceratina) і плёнчатая кукуруза (Zea mays tunicata)[1].

Альмэкі пачалі вырошчваць кукурузу яшчэ ў XIV стагодзьдзі да н. э.

Апісаньне рэдагаваць

Кукуруза зьяўляецца высакарослай аднагадовай травяністай расьлінай, дасягае вышыні 3 мэтраз, а ў выключных выпадках да 6 м і больш. Значна адрозьніваецца ад іншых метлюжковых.

Каранёвая сыстэма рэдагаваць

Кукуруза мае добра разьвітую махрыстую каранёвую сыстэму, асобныя карані пранікаюць у глебу на глыбіню 2—3 м. У кукурузы адрозьніваюць некалькі ярусаў каранёў. Асноўную масу каранёвай сыстэмы складаюць падземныя вузлавыя карані, якія паглыбляюцца ў глебу да 2,5 мэтраў і больш і разыходзяцца ў бакі ў радыюсе больш за 1 мэтр. Яруснае разьмяшчэння каранёў у глебе зь перавагай асноўнай часткі іх у перагнойным пласьце спрыяе лепшаму забясьпечэньню расьліны элемэнтамі харчаваньня і вільгацьцю за кошт летніх ападкаў.

На ніжніх вузлах сьцябла могуць утварацца паветраныя апорныя карані, якія засьцерагаюць сьцябло ад падзеньня і забясьпечваюць расьліну вадой і пажыўнымі рэчывамі.

Сьцябло рэдагаваць

Сьцябло ў кукурузы — моцнае, прамое, высокае, магутнае, грубае, падзеленае на вузлы і запоўненае няшчыльнай парэнхімаю. У паўднёвых рэгіёнах Украіны расьліна дасягае 2,5—3 мэтраў вышынёй[2]. Вышыня сьцябла ў залежнасьці ад біялягічных асаблівасьцей сорту або гібрыда і фактараў ураджайнасьці вагаецца ад 60—100 ў раньнясьпелых формаў і да 5—6 м у позднясьпелых. Таўшчыня складае 2—7 см. Колькасьць міжвузлоўяў на сьцябле ў раньнясьпелай кукурузы дасягае 8—12, у вельмі позднясьпелай — да 30—40 і больш.

Лісьце рэдагаваць

Лісьце лінейна-ланцэтнае, буйное, даўжыня ліставай пласьцінкі 70—110 см, шырыня 6—12 см і больш. Іхны лік складае ад 8 да 42. Лісток зьверху апушаны, мае невялікі язычок і ня мае вушак. Разьмяшчаюцца лісты на сьцябле па чарзе, не зацяняючы адзін аднаго. Іхныі краі растуць хутчэй, чым сярэдзіна, а таму становяцца хвалістымі, што павялічвае агульную ліставую паверхню расьліны. Колькасьць лістоў на сьцябле адпавядае колькасьці сьцябловых вузлоў.

Кветкі рэдагаваць

У кукурузы на адной расьліне ўтвараюцца як мужчынскія суквецьці — мяцёлкі, гэтак і жаночыя — катахі, гэта значыць яна аднадомная раздельнаполая расьліна. Мужчынскія кветкі сабраныя ў верхавінах, жаночыя — на катахах, у пазухах верхніх сьцябловых лісьцяў. Мяцёлка ў кукурузы верхавінная, разьмяшчаецца на канцы цэнтральнага сьцябла ці на верхавінах бакавых парасткаў-пасынкаў. На восі мяцёлкі пераважная колькасьць бакавых галінаў першага парадку, рэдка на двух-трох ніжніх утвараюцца галіны другога парадку. Каласкі з мужчынскімі кветкамі разьмешчаны ўздоўж кожнай галіны двума або чатырма радамі, парамі, зь якіх адзін сядзячы, другі на кароткай ножцы. Каласкі двухкветкавыя; кветкі тычынкавыя, з шырокімі апушчанымі перапончатымі каласковымі лускавінкамі і тонкімі мяккімі — кветкавымі, паміж якімі знаходзіцца тры тычынкі з двухгнёздавымі пылавікамі. У кожнай добра разьвітой мяцёлцы ўтвараецца да 1—1,5 тысяч кветак, якія пры спрыяльных умовах зацьвітаюць разам з жаночымі кветкамі або на 2—4 дні раней. Пылок пераносіцца ветрам на 300—1000 мэтраў, што ўлічваецца пры прасторавай ізаляцыі насенных пасеваў кукурузы. Суквецьці з жаночымі кветкамі — катахі — разьвіваюцца з часткі актыўных пазушных пупышак сьцябловых лісьцяў.

Даўжыня катаха ад 4 да 50 см, дыямэтар ад 2 да 10 см, маса ад 30 да 500 грамаў. Катахі шчыльна акружаны лістападобнымі абгорткамі. Вонкі на верхавіне такой абгорткі выходзіць толькі пучок доўгіх песьцічных слупкоў. Вецер пераносіць на іх лычыкі пылок з мужчынскіх кветак, адбываецца апладненьне, і на катаху разьвіваюцца буйныя плады-зярноўкі.

Форма зярновак кукурузы вельмі своеасаблівая: яны ня выцягнутыя, як у пшаніцы, жыта і многіх іншых культурных метлюжковых, а кубічныя або круглявыя, шчыльна прыціснутыя адзін да аднаго і размешчаны на стрыжні катаха вэртыкальнымі шэрагамі. У адным катаху можа быць да 1 тысячаў зярновак. Памеры, форма і афарбоўка зярновак адрозьніваюцца ў розных сартоў; звычайна зярноўкі маюць жоўты колер, але бывае кукуруза з чырванаватымі, фіялетавымі, сінімі і нават амаль чорнымі зярноўкамі.

Вегетацыйны пэрыяд доўжыцца прыблізна 90—150 содняў. Узыходзіць кукуруза на 10—12-я содні пасьля пасеву. Кукуруза зьяўляецца цеплалюбнай расьлінай. Аптымальная тэмпэратура для ейнага вырошчваньня — 20—24 °С. Акрамя таго, кукуруза мае патрэбу ў добрым сонечным асьвятленьні.

Беларусь рэдагаваць

Праз глябальнае пацяпленьне з 1995 па 2021 год плошчу высейваньня кукурузы ў Беларусі павялічылі больш як 120-кратна з 20 да 2410 кв.км. У 2021 годзе ураджай кукурузы ў сьвірнавай вазе перасягнуў мільён тонаў. Пагатоў, кукурузу зьбіралі на зерне і ў Віцебскай вобласьці[3].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Кукуруза. Артыкул БСЭ. 3-е выданьне
  2. ^ Товстуха Є. С. Фітотерапія. — К.: Здоров'я, 1990.-304 с., іл., 6,55 арк. іл. ISBN 5-311-00418-5
  3. ^ НАН: з-за глябальнага пацяпленьня азімыя культуры маюць перавагі ў параўнаньні зь яравымі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 кастрычніка 2021 г. Праверана 7 кастрычніка 2021 г.