«Сны аб Беларусі» — спэктакль, пастаўлены рэжысэрам Уладзімерам Савіцкім у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы па п’есе Уладзімера Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» і па творах Янкі Купалы (урыўкі зь вершаў, паэмаў «Яна і я», «На куцьцю», «Сон на кургане», «Адвечная песьня», «На папасе», драмы «Раскіданае гняздо»[1]). Пастаноўка спэктаклю прымеркаваная да 125-годзьдзя з дня нараджэньня Янкі Купалы. Прэм’ера адбылася 27 чэрвеня 2007 году.[2]

«Сны аб Беларусі»
Сцэна са спэктаклю
Сцэна са спэктаклю
Жанрдрама
Паводлеп’есы Уладзімера Караткевіча
«Калыска чатырох чараўніц»
і твораў Янкі Купалы
РэжысэрУладзімер Савіцкі
КампазытарЛарыса Сімаковіч
ХарэографЛарыса Сімаковіч
Працягласьць140 хв.
КраінаБеларусь
Мовабеларуская
Год прэм’еры27 чэрвеня 2007
ПастаноўкіНацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы

Творчая задума

рэдагаваць

У аснове сюжэтнай лініі спэктаклю — працэс творчага станаўленьня паэта, нараджэньня сапраўднага генія. Перад гледачом паўстаюць усе найбольш значныя падзеі і персанажы жыцьця Янкі Купалы зь дзяцінства і да сталасьці, якіх ён бачыць у сне ў сваю апошнюю ноч. У форме сноў галоўнага герою падаюцца разважаньні аб адносінах творцы з народам, часам і ўладай.[2]

У спэктаклі сьплятаюцца разважаньні Караткевіча-драматурга над тым, што за асобай быў Купала, з тым, якім чынам адбывалася яго творчае станаўленьне, як мянялася светаадчуваньне Песьняра ў творах, напісаных у розныя часы. Што склала аснову паэтычнага і мастацкага светапогляду Янкі Купалы?[1]


  Задума спэктаклю ўзнікла задоўга да юбілею. Хацелася, каб Купалава слова на купалаўскіх падмостках гучала яшчэ часьцей. Адчуваў неабходнасьць размаўляць з гледачамі на мове паэта, на мове, якой пясьняр надаў такую жывую сілу. Уладзімер Караткевіч у п’есе «Калыска чатырох чараўніц» прапанаваў выдатны драматургічны ход: асэнсаваць дар паэта як нейкую рэтрансляцыю з космасу, давесьці, што прызначэньне паэта — гэта ня толькі ўменне рыфмаваць, а яшчэ й вялікая адказнасьць, пакута, боль. [...] Надзвычай цікава было даследаваць, як малады паэт фарміруецца, калі пачынае «чуць галасы», што з ім адбываецца, як сталее свядомасьць і як нараджаюцца вершы. [...] Выбудаваць трайное паралельнае дзеяньне было вельмі складана, але неабходна, каб перадаць не сюжэт, а плынь сьвядомасці паэта, праз якую праходзяць усе персанажы. Сутыкненьні, канфлікты, перыпетыі... Душэўнае напружаньне героя, якое то ўзмацняецца, то зьнікае... Нараджаюцца вершы. Даўно няма паэта, а цяпер і гатэлю, дзе адбыліся трагічныя падзеі, не існуе. Засталіся толькі сны. Наш спектакль — нібы апошні сон Купалы, ноч, цягам якой прамільгнула ўсё ягонае жыцьцё. [...] Мы спрабуем зірнуць на Купалу крыху інакш, трошкі іншымі вачыма, бо за ягонай асобай, за вобразам замацавалася пэўнае псеўданароднае клішэ. Часам здаецца, нібыта ягоная творчасьць пачыналася і скончылася «Паўлінкай». А міма вялікага пласта лірыкі, філязофскіх вершаў многія праходзяць, не заўважаючы. Данесьці хоць частку іх да гледачоў, згадаць пра жыцьцё паэта, пра яго маці, пра бацьку, пра дзіцячыя гады было надзвычай цікава. [...] Мы зьвяртаемся да гледачоў, спрабуючы аднавіць сувязь часінаў, выразна ўсведамляючы, што любоў і дараваньне — галоўныя каштоўнасьці, якія прысутнічаюць у ягонай творчасьці.  

— Рэжысэр Уладзімер Савіцкі[3]


  Мы звычайна разглядаем […] творчасьць [Купалы] выключна ў рамках беларускае культуры. Але Купалу, думаю, трэба разглядаць у эўрапейскім кантэксьце. Празь яго постаць таксама прасьвечвае і Срэбраны век расейскае паэзіі, і сымбалізм. А распрацоўкі беларускае літаратурнае мовы, складзеныя на аснове народнай гаворкі, — ці ж не адпавядаў гэты працэс больш шырокай зьяве, якая закранула многія краіны? Пра ўсё гэта і многае іншае думалася ў час працы над спэктаклям «Сны аб Беларусі». Можа, такія разважаньні ўзнікалі яшчэ й таму, што мы не намагаліся абмежавацца адно вобразам Купалы. Хацелася выйсці на тое, што хвалюе кожнага.  

— Міхаіл Зуй, выканаўца ролі Я. Купалы ў маладосьці[4]

У спэктаклі занятая большая частка трупы тэатру. Сярод іх — Г. Аўсяньнікаў, З. Белахвосьцік, Г. Гарбук, М. Кірычэнка, Р. Падаляка, А. Памазан, А. Паўлаў, Г. Хітрык, С. Чуб, Ю. Шпілеўская і інш.[2]

  Адметнасьць пастаноўкі […] у тым, што яна перагукаецца са спэктаклем «Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа, пастаўленым у Купалаўскім тэатры сезонам раней. Як і работа Мікалая Пінігіна, «Сны аб Беларусі» працягваюць разважаньні пра лёс творцы, пра складанасьць суаднясеньня мастацкага сьвету і сьвету рэальнага. Але калі ў «Сымоне-музыку» герой не знаходзіць для сябе і свайго таленту месца ў жыцьці, «Сны аб Беларусі» сьцвярджаюць, што ў клясычным філязофскім саперніцтве паміж быцьцём і сьвядомасьцю апошняя, калі яна спараджаецца сапраўдным творцам, можа не проста паспаборнічаць з рэальнасьцю, але й паўплываць на яе. Хоць бы і праз сны -- такія жаданыя і пранізьлівыя па сваёй унутранай праўдзівасьці...  

— Тацьцяна Команава[1]

  1. ^ а б в Тацьцяна Команава Сны наяве // Мастацтва : часопіс. — Менск: кастрычнік 2007. — № 10. — ISSN 0208-2551.
  2. ^ а б в Сны аб Беларусі (анонс спэктаклю) afisha.tut.by Праверана 1 студзеня 2013 г.
  3. ^ Людміла Грамыка У снах і наяве // Мастацтва : часопіс. — Менск: ліпень 2007. — № 7. — ISSN 0208-2551.
  4. ^ Надзея Бунцэвіч Свой голас // Культура : газэта. — Менск: 7 ліпеня 2012. — № 27. — С. 8.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць