Смаленскі летапіс — помнік старажытна-рускага летапісаньня. Складзены ў Смаленску ў канцы XIII—пачатку XV стагодзьдзя. Вядомы па ўрыўках, што зьберагліся ў рускіх і беларускіх летапісных зводах XV—XVI стагодзьдзяў.

Смаленскі летапіс
Жанр: летапіс
Мова арыгіналу: старажытнаруская мова
Год напісаньня: канец XIII—пачатак XV стст.

Апісаньне

рэдагаваць

Летапіс прысьвечаны пераважна гісторыі Смаленскай зямлі і часткова Вялікага Княства Літоўскага (зьвесткі пра паход на Маскву ў 1370 г. вялікага князя Альгерда й Сьвятаслава Іванавіча, пра бітву літоўскіх і смаленскіх князёў пад Амсьціславам ў 1386 г., бітву вялікага князя Вітаўта з татарамі на р. Ворскла ў 1399 г., пра вяртаньне ў Смаленск князя Юрыя Сьвятаславіча, ягоную сьмерць у 1407 г. і інш.). Падзеі ў Смаленскім летапісе асьветленыя з тутэйшых пазыцыяў. Ягоныя аўтары — патрыёты й выразьнікі цікавасьцяў смаленскіх фэадалаў. Твор прасякнуты ідэяй сьцьвярджэньня палітычнае самастойнасьці Смаленскага княства, у асобных месцах мае антылітоўскую накіраванасьць.

Усяго вядома каля 70 гістарычных запісаў канца XIII—пачатку XV стагодзьдзя, зьвязаных са Смаленскам, аднак некаторыя зь іх не смаленскага паходжаньня, а ўзьніклі ў Маскве або Ноўгарадзе. Смаленскі летапіс складзены ў традыцыйнай форме як збор дзелавых пагадовых запісаў і гістарычных апавяданьняў, разьмешчаных ў храналягічнай пасьлядоўнасьці. Адна з крыніцаў рускіх летапісаў XV ст., у прыватнасьці Троіцкага летапісу (звод Кіпрыяна 1408 г.), і празь іх Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г.

Мясцовае смаленскае летапісаньне заняпала ў пачатку XV стагодзьдзя ў сувязі з канчатковай стратай Смаленскім княствам палітычнае незалежнасьці (у 1404 г. увайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага). У 2-й чвэрці XV ст. ў Смаленску вяліся гістарычныя запісы і ўзьнік шэраг летапісных твораў (2-я частка «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», Смаленская хроніка і інш.), аднак гэта помнікі не смаленскага, а агульнадзяржаўнага беларуска-літоўскага летапісаньня.

Літаратура

рэдагаваць
  • Муравьёва, Л. Л. Летописание Северо-Восточной Руси конца XIII — начала XV века / Л. Л. Муравьёва; Ин-т истории СССР, АН СССР; Отв. ред. акад. Б. А. Рыбаков. — М.: Наука, 1983. — 296 с.
  • Чамярыцкі, В. А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літаратурная гісторыя першых заводаў / В. А. Чамярыцкі; АН БССР, Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — Мн.: Навука і тэхніка, 1969. — 191 с.
  • Чамярыцкі, В. Смаленскі летапіс / Вячаслаў Чамярыцкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 359—360. — ISBN 985-11-0214-8.