Славянскія кампазытары
«Славянскія кампазытары» (па-расейску: Славянские композиторы) — групавы партрэт славянскіх (расейскіх, польскіх і чэскіх) кампазытараў, намаляваны Ільлём Рэпіным у 1871—1872 роках на замову маскоўскага прадпрымальніка Аляксандра Парахоўшчыкава.
| |
Ільля Рэпін | |
Славянскія кампазытары, 1872 | |
палатно, алей. | |
Маскоўская дзяржаўная кансэрваторыя, Масква |
Мінуўшчына
рэдагавацьНа хвалі славянафільства 1860—1870-х Аляксандар Парахоўшчыкаў вырашыў увасобіць натхняльную для яго ідэю славянскага братэрства ў рэстаране «Славянскі базар». У межах рэалізацыі гэтай ідэі ён задумаў карціну «Сабраньне расейскіх, польскіх і чэскіх кампазытараў». Паводле згадак І. Рэпіна, сьпярша Парахоўшчыкаў зьвярнуўся да знанага ў той час майстра гістарычнага жывапісу К. Макоўскага, аднак запрошаная ім сума 25 000 рублёў апынулася празьмернай для бюджэту праекту. Меней знакамітыя жывапісцы былі гатовыя працаваць за 15 000. Нядаўні выпускнік Акадэміі мастацтваў Рэпін пагадзіўся выканаць замову за 1500 рублёў. Плянавалася, што карціна мела выконваць дэкаратыўныя функцыі і прызначалася дзеля прагляду зь вялікай адлегласьці.
У працы над карцінай актыўную дапамогу мастаку аказваў Уладзімер Стасаў, які ўзяў на сябе задачу пошуку партрэтаў сканалых і не дасяжных дзеля натурнага партрэтаваньня музыкаў. На агульную думку Рэпіна і Стасава ў кампазыцыю было неабходна ўлучыць Мусаргскага і Барадзіна, аднак гэтая ідэя была адрынутая замоўцам:
— Вот ещё! Вы всякий мусор будете сметать в эту картину! Мой список имен музыкантов выработан самим Николаем Рубинштейном, и я не смею ни прибавить, ни убавить ни одного имени из списка, данного вам… Одно мне досадно — что он не вписал сюда Чайковского. Ведь мы, вся Москва, обожаем Чайковского. Тут что-то есть… Но что делать? А Бородина я знаю; но ведь это дилетант в музыке: он — профессор химии в Медико-хирургической академии… Нет, уж вы всяким мусором не засоряйте этой картины! Да вам же легче: скорее! Скорее! Торопитесь с картиной, её ждут… | ||
Асноўны аб’ём працы над карцінай быў выкананы ў Санкт-Пецярбургу, канчаткова даробленая карціна была ўжо на месцы, у Маскве. Урачыстае адкрыцьцё «Славянскага базару» адбылося 10 траўня 1872 року. Тады гасьцям была прадстаўлена, у прыватнасьці, канцэртная заля, выкананая ў нацыянальным духу, пад назовам «Расейская палата». Яна мела другую назву — «Бяседа». Інтэр’ер замоўца даручыў пецярбурскаму акадэміку Андрэю Гуну. У вялікай залі сярод партрэтаў выставілі на ўсеагульны агляд карціну, якая атрымала назву «Славянскія кампазытары».
Апісаньне
рэдагавацьСьпіс кампазытараў для Парахоўшчыкава складаў Мікалай Рубінштэйн, кіруючыся ўласнымі музычнымі ўпадабаньнямі. Вялікая частка кампазытараў, выяўленых на карціне, да моманту ейнага стварэньня ўжо памерлі.
У цэнтры карціны выяўленыя расейскія кампазытары: на першым пляне Міхаіл Глінка (памёр у 1857) гутарыць зь Міліем Балакіравым, Уладзімерам Адоеўскім (памёр у 1869) і Мікалаем Рымскім-Корсакавым. Ззаду гэтай купкі сядзіць на крэсьле Аляксандар Даргамыскі (памёр у 1869), за якім відаць Івана Ласкоўскага, справа Аляксей Львоў (памёр у 1870), які слухае Аляксея Вярстоўскага (памёр у 1862). Ля раялю — браты Антон і Мікалай Рубінштэйны, між Антонам Рубінштэйнам і Львовым стаіць Аляксандар Сяроў.
У глыбіні за імі групу ўтвараюць Аляксандар Гурылёў (памёр у 1858), Зьміцер Бартнянскі (памёр у 1825) і Пётар Турчанінаў (памёр у 1856).
На заднім пляне карціны — польскія музыкі Станіслаў Манюшка (скрайні справа), Фрыдэрык Шапэн (памёр у 1849), Міхал Клеафас Агінскі (памёр у 1833) і Караль Ліпінскі (на фоне дзьвярэй).
Левы край — чэскія кампазытары Эдуард Напраўнік (з краю), Бэдрыжых Сьмятана, Карэл Бэндэль(cs) ды Вацлаў Горак(cs).
Большасьць асобаў былі намаляваныя з партрэтаў, акрамя Мілія Балакірава, Мікалая Рымскага-Корсакава і Напраўніка.
Літаратура
рэдагаваць- Репин И. Е. Далёкое и близкое. — М.: 2002. — 400 с. — ISBN 5-8159-0204-7