Скварка

падсмажаныя кавалкі жывёльнага сала і тлушчу
(Перанакіравана з «Скваркі»)

Скварка або Шкварка — тое, што застаецца пасьля вытапліваньня з тканіны жывёлы тлушчу, галоўным чынам з сала. У залежнасьці ад ужытага суроўца можа ўтрымліваць пэўную колькасьць мяса ці тлушчу. У гастраноміі цэніцца за смакавыя якасьці. Вельмі папулярная страва ў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе.

Скваркі на патэльні

Скваркі магчыма ўжываць непасрэдна ці як адзін са складнікаў стравы. Ужываецца як дадатак да мясных страваў, як тлушч да пірагоў (таксама і салодкіх), часта дадаецца да бульбы. Разам з вытапленым тлушчам і цыбуляю выкарыстоўвацца як аздабленьне і афарбоўка ежы.

Цікава, што беларусы спажываюць скваркі радзей, чым украінцы. У Беларусі перавага традыцыйна аддаецца салу і паляндвіцы[1]. Таксама скваркі загортвалі ў дранікі, якія перад спажываньнем мачалі ў вытаплены тлушч[2]. Выкарыстоўвалі скварку разам з сырой бульбаю для прыгатаваньня «кішкі»[3].

У «Літоўскай гаспадыні» згадваецца, што скваркі кладуць у ежу чэлядзі[4].

«Чарка і скварка»

рэдагаваць
 
Скваркі з кменам па-чэску

Выраз шырока выкарыстоўваецца ў беларускіх прыказках і, імаверна, паходзіць ад беларускай прымаўкі «Абы скварка й чарка, дык будзе там і наш Марка» (расейскі адпаведнік Наш пострел везде поспел)[5].

У наш час выраз «чарка і скварка» набыў нэгатыўнае адценьне і ўжываецца ў дачыненьні да апалітычнай часткі беларускага грамадзтва[6][7][8][9], крытыкуючы ягонае засяроджваньне выключна на побытавых праблемах замест надаваньня ўвагі таксама пытаньням маральных і духоўных каштоўнасьцяў.

Народныя прыказкі

рэдагаваць
  • Абы скварка й чарка, дык будзе там і наш Марка[5]
  • Гіблы не скваркі, а чаркі чакае[10]
  • Дзе чарка, там і скварка
  • Дурны, дурны, а скваркі любіць
  • Вып’ем па чараццы, зьямо па сквараццы
  • Людзям чарка, зямлі скварка
  • Ня маеш скваркі, не шукай чаркі
  • Пільнуй гаспадаркі — будуць у гаршку скваркі

У мастацтве

рэдагаваць

Штодзень у капусце
Каб плавала скварка,
А к ёй, калі трэба,
Знайшлася б і чарка.

— «Бывайце здаровы». Словы А. Русака. Музыка І. Любана., Песні роднага краю. Спеўнік. Мн., Беларусь, 1972. С. 104--106.

  1. ^ В. В. Похлёбкин. Белорусская кухня // Национальные кухни наших народов. — М.: Центрполиграф, 2009. — 640 с. — ISBN 978-5-9524-4050-0
  2. ^ Алесь Касцень. Блін(недаступная спасылка) // «Звязда» № 94, 23 траўня 2008.
  3. ^ Зьміцер Дзядзенка. Дзед сьвінушку ўбіў // «Спадчына» №2—3, 2003.
  4. ^ Ганна Цюндзявіцкая. Аб захоўванні вяндліны і саленні розных відаў мяса і рыбы // Літоўская гаспадыня. — Мн.: Полымя, 1993.
  5. ^ а б Зьміцер Санько. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. — Менск: Навука і тэхніка, 1991. — ISBN 5-343-00761-9
  6. ^ «Кухня як частка нацыянальнай ідэі» // Радыё Свабода, 22 жніўня 2008.
  7. ^ Алег Аблажэй. Дэмакрат апаптоз(недаступная спасылка) // «Свабода» №42, 2007.
  8. ^ Віталь Цыганкоў. Вясковы тупік // «Свабода» №23, 4 сакавіка 1997.
  9. ^ Мікалай Куксо. Калі ідэал — «чарка і скварка» // «Народная Воля» №173—174, 14 лістапада 2008.
  10. ^ Фёдар Янкоўскі. Беларускія прыказкі прымаўкі фразеалагізмы. — Менск: Навука і тэхніка, 1992. — С. 338. — 10 000 ас. — ISBN 5-343-001769-7