Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Кобец.

Рыгор Якаўлевіч Кобец (сапр.: Міхаіл Мусіевіч Сандыга; іншыя псэўданімы: Грыша Лахматы; Гриша Лохматый; Рыгор Лахматы; 24 ліпеня 1898 (паводле іншых зьвестак, 20 ліпеня 1900), Елісаветград, цяпер Крапіўніцкі, Украіна — 9 верасьня 1990, Менск) — беларускі драматург, празаік, сцэнарыст. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1935).

Рыгор Кобец
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 7 (20) ліпеня 1900[1]
Памёр 9 верасьня 1990(1990-09-09) (90 гадоў)
Пахаваны
Дзеці Алена Кобец-Філімонава
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, пісьменьнік, сцэнарыст, празаік
Гады творчасьці 19281990
Мова расейская мова
Узнагароды
Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларускай ССР

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Вучыўся ў царкоўнапрыходзкай школе, народным рамесным вучылішчы, земскім рэальным вучылішчы Елісаветграду. Удзельнічаў у баях Першай сусьветнай вайны (1914—1915, у Галіцыі), быў паранены.

Друкавацца пачаў у елісаветградзкіх газэтах з 1917 годзе (пісаў вершы, апавяданьні, артыкулы, фэльетоны). У час грамадзянскай вайны быў анархістам ва Ўкраіне, у 1920 годзе служыў у чырвоных (1-й Конная Армія Будзённага), удзельнічаў у мяцяжы з мэтай аддзяліць Украіну ад Расеі. З 1921 году жыў у Менску, дзе, апасаючыся арышту за «контррэвалюцыйную дзейнасьць», памяняў прозьвішча Сандыга на Кобец. Працаваў качагарам, пазьней, у канцы 1920-х гадоў, — у рэдакцыі газэты «Рабочий». З 1925 г. сябра расейскай сэкцыі «Маладняка» — «Звенья», з 1929 — БелАППа. Сябра СП БССР з 1935 году.

У 1931—1937 гадах працаваў на кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе (загадчык сцэнарнага аддзелу з 1932 году), пазьней на студыі кінахронікі на Далёкім Усходзе. Аўтар папулярнай у свой час п’есы «Гута» (1929), паэмы «Палестына» (1933)[2], сцэнарыяў фільмаў: «Двойчы народжаны» (1933), «Шукальнікі шчасьця» (1936), «Дняпро ў агні» (1937).

Арыштаваны 15 ліпеня 1938 году. Высланы ў Хабараўск. Зноў арыштаваны 5 сьнежня 1941 году. Пастановай Асобай нарады атрымаў 10 гадоў лягэроў. Будаваў чыгункі Тайшэт-Лена, ад станцыі Наўшка да Улан-Батару; потым знаходзіўся ў лягеры ў Заярску. З 1951 году на пажыцьцёвым пасяленьні ў кыргыскіх стэпах (с. Кара-Балты Фрунзенскай вобласьці) без права пражываньня ў сталічных і абласных гарадах.

У 1958 годзе атрымаў дазвол вярнуцца ў Менск; цалкам рэабілітаваны ў 1960 годзе. У 1967 годзе па просьбе Кіраваградзкага гісторыка-краязнаўчага музэю напісаў успаміны (у тым ліку пра лягернае жыцьцё) «Аўтабіяграфія» (друкавалася ў Беларусі ў 1973 годзе са скарачэньнямі). Аўтабіяграфічная тэма гучыць таксама ў аповесьці пра сталінскія лягеры «Ноеў каўчэг» (1964; у поўным варыянце апублікавана ў 1989). Сябра Саюзу кінэматаграфістаў Беларусі з 1967 году. Пахаваны на Паўночных могілках Менску.

Творчасьць

рэдагаваць

П’еса «Гута» перакладалася на ідыш Даніэлем Маршаком (асобнае выданьне — Менск, 1933). Пераклад на беларускую паэмы «Палестына» выканаў Сяргей Грахоўскі (першая публікацыя — часопіс «Полымя рэволюцыі», № 6, 1935)[2].

У 2009 годзе ў Менску выйшаў аднатомнік «Выбраныя творы» Рыгора Кобеца, у які былі ўключаны яго п’еса «Гута», кінасцэнарыі, проза, лісты і інш. Укладальніцай кнігі выступіла дачка пісьменьніка Алена Кобец-Філімонава, якая ў 2006 годзе выдала кнігу пра свайго бацьку «Калі ўцякала сонца»[3].

  • Гута: П’еса ў 3 дзеях. Мн., 1970;
  • Аўтабіяграфія // Вытокі песні. Мн., 1973;
  • Ноеў каўчэг: Старонкі з аповесці // ЛіМ. 1988. 22 ліп.;
  • Ноев ковчег: Повесть // Нёман. 1989. № 3;
  • Письма из ссылки (1958—1960 гг.) // Нёман. 1998. № 9.

Літаратура

рэдагаваць
  • Павал Пруднікаў. «Супярэчлівая і… адыёзная фігура» // Полымя : часопіс. — 1993. — № 6. — С. 200—206. — ISSN 0130—8068.
  • Тэатральная Беларусь : Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1./ Пад агул. рэд. А. В. Сабалеўскага. — Мн.: БелЭн., 2002. — ISBN 985-11-0255-5 (т. 1).