Рок-музыка

музычны жанр
(Перанакіравана з «Рок (музыка)»)

Рок ці рок-музыка (па-ангельску: Rock) — абагульняючая назва шэрагу напрамкаў папулярнай музыкі другой паловы XX стагодзьдзя, што паходзяць ад рок-н-ролу ды рытм-энд-блюзу. Тэрмін Rock відавочна ёсьць скарачэньнем ад Rock’n’roll і даслоўна перакладаецца як «хістаць(ца); трэсьці(ся)». Таксама «рокам» называюць свайго роду спосаб жыцьця некаторых прыхільнікаў рок-музыкі, што перарос у субкультуру. З музычнага гледзішча, рок засяроджаны перш за ўсё на выкарыстаньні электрагітары, як правіла, у складзе рокавага гурта маюцца выканаўцы на электрычнай бас-гітары, бубнах і адзін ці некалькі сьпевакоў. Рок-музыка таксама ўвасобіла ў сябе й служыла сродкам культурных і сацыяльных рухаў, зьяўляючыся крыніцаў шэрагу субкультураў, як то моднікі й рокеры ў Вялікабрытаніі, контракультура гіпі, якая распаўсюдзілася з Сан-Францыска ў ЗША ў 1960-я гады. Падобным чынам, панк-культура 1970-х гадох спарадзіла субкультуру готаў, панкаў і эма. Успадкоўваючы народную традыцыю пратэставай песьні, рок-музыка была зьвязана з палітычнай актыўнасьцю, а таксама зьмяненьнем сацыяльнага стаўленьня да пытаньняў расы, сэксу й ужываньня наркотыкаў, і часта разглядаецца як выражэньне моладзевага пратэсту супраць культуры спажываньня й канфармізацыі.

Рок
Стылістычнае паходжаньнерок-н-рол, урэшце блюз (з большага джамп-блюз Чыкага-блюз), кантры, рытм-энд-блюз
Паходжаньнепозьнія 1940-я, ЗША
Тыповыя інструмэнтыгітара, бас, бубны, таксама часта клявіятура
Папулярнасьцьпасьля 1950-х сусьветна вельмі папулярна
Вытворныя формыальтэрнатыўны рок, мэтал, пост-рок, панк-рок
Лягатып Вікісховішча Rock music ў Вікісховішчы
Музэй рок-н-ролу ў Кліўлэндзе, ЗША.

Рок-музыка мае вялікую колькасьць напрамкаў: ад танцавальнага рок-н-ролу да мэталу. Як і поп-музыка, тэксты песьняў часта датычныя да тэмы рамантычнага каханьня, але таксама часьцяком закранаюць мноства іншых тэмаў, як то сацыяльныя ці палітычныя праблемы й аспэкты жыцьця грамадзтва. Зьмест песень вар’юецца ад лёгкага й нязмушанага да змрочнага, глыбокага й філязофскага. Часта рок-музыка супрацьстаўляецца поп-музыцы, хоць выразнай мяжі паміж паняткамі «рок» і «поп» не існуе, і нямала музычных зьяваў балянсуюць на грані між імі.

Асноўныя цэнтры разьвіцьця рок-музыкі — Заходняя Эўропа (асабліва Вялікабрытанія) й ЗША, у выніку чаго большасьць тэкстаў песень напісана ангельскай мовай. Адылі, хоць, як правіла, і зь нейкім спазьненьнем, нацыянальная рок-музыка зьявілася практычна ва ўсіх краінах. Беларуская рок-музыка зьявілася за часамі СССР у сярэдзіне 1960-х гадоў.

Тэрмін «рок-музыка» дужа расплывісты й яго мяжы вельмі цяжка вызначыць. Калі-некалі яго выкарыстоўваюць для апісаньня досыць малазьвязаных напрамкаў, такіх як соўл ды гэві-мэтал. Прыналежнасьць некаторых стылей музыкі да рок-музыкі аспрэчваецца. Пры вызначэньні прыналежнасьці таго ці іншага напрамку да рок-культуры, карыстаюцца сацыяльным ды музычным фактарамі.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Рок-музыкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў