Помнік абарончай архітэктуры
Радамльскі замак
Гарадзішча
Гарадзішча
Краіна Беларусь
Вёска Радамля
Дата заснаваньня XIV ст.

Радамльскі замак — помнік гісторыі і абарончай архітэктуры ў Радамлі. Знаходзіўся на беразе ракі Радучы ў бок вёскі Александроўкі, на дзядзінцы старажытнага гораду XII стагодзьдзяў. Існаваў у XIV—XVII стагодзьдзях. Да нашага часу часткова захаваліся замкавыя валы.

Гісторыя

рэдагаваць

Драўляны замак у Радамлі збудавалі ў XIV ст. 12 верасьня 1527 году вялікі князь Жыгімонт Стары падараваў замак «з двары і баяры, і іх іменьні, і зь сёлы» князю Міхалу Заслаўскаму. У 1528 годзе апошні на патрабаваньне вялікага князя перадаў Радамлю свайму сыну Фёдару, які перайшоў на службу да гаспадара Маскоўскай дзяржавы. Тады ж Радамля зноў стала ўладаньнем вялікіх князёў. У 1535 годзе замак моцна пацярпеў у час аблогі, па чым яго аднавілі. У 1552—1565 гадох дзеля сталай залогі сюды прывозіліся гакаўніцы, ручніцы, розная амуніцыя[1].

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў у замку сфармаваўся беларускі казацкі полк Канстанціна Паклонскага, пазьней разьмяшчаліся часьціны казакоў Нежынскага палку[1].

Архітэктура

рэдагаваць

Займаў пляцоўку авальнай формы памерам 53 на 40 мэтраў, абароненую з поўначы грэбнепадобным валам вышынёй каля 4,7 мэтры і шырынёй да 8 мэтраў у аснове. Усім пэрымэтрам атачаўся валам. Паўднёвы, больш нізкі край замкавай пляцоўкі, узвышаўся над далінай Радучы на 16 мэтраў, паўночна-ўсходні — больш як на 18 мэтраў. Ад берагавога плято замчышча аддзялялася ірвом глыбінёй 10 мэтраў і шырынёй 40 мэтраў.

Паводле археалягічных дасьледаваньняў, зьмяшчаў ня менш за 4 вежы: уязную вежу-браму, баявую вежа на грэбнепадобным валу з поўначы, дзьве вежы разьмяшчаліся пэрымэтрам сьценаў. Празь невялікую «браму-фортку» у тоўшчы абарончых сьценаў быў выхад з замка да ракі. У XIV—XVII стагодзьдзях драўляныя абарончыя сьцены ўзводзіліся ў выглядзе вастракола і традыцыйных гародняў, абмазаных глінай. Яны стаялі на вале, які неаднаразова падсыпаўся. У паўднёвай, найбольш абароненай частцы замка знаходзілася старажытная студня, ад якога захавалася варонкападобная западзіна дыямэтрам каля 8 мэтраў і глыбінёй больш за 4,5 мэтры[1].

  1. ^ а б в БЭ. — Мн.: 2001 Т. 13. С. 205.

Літаратура

рэдагаваць