Пэрга́м (Пэргамо́н, па-старажытнагрэцку: Πέργᾰμον) — антычны горад у гістарычнай вобласьці Мізіі на ўзьбярэжжы Малой Азіі, былы цэнтар уплывовай дзяржавы дынастыі Аталідаў. Заснаваны ў XII ст. да н.э. выхадцамі з мацерыковай Грэцыі. У 283—133 гг. да н.э. — сталіца Пэргамскага царства. Найвышэйшага росквіту дасягнуў пры Эўмэне I (263—241 гг. да н.э.) і Эўмэне II (197—159 гг. да н.э.). Зьяўляўся адным з найбуйнейшых эканамічных і культурных цэнтраў эліністычнага сьвету.

Макет старажытнага Пэргаму.

Руіны Пэргаму знаходзяцца на паўночна-заходняй ускраіне сучаснага Бэргама ў Турэччыне, за 26 км ад Эгейскага мора.

ГісторыяРэдагаваць

У старажытнагрэцкай міталёгіі Пэргам быў заснаваны сынам Андрамахі і Гэлена (братам Гэктара, першага мужа Андрамахі). Нованароджаны быў нарачоны Пэргамам у памяць аб траянскай цытадэлі, якая звалася Пэргамам. Пасьля сьмерці Гэлена Пэргам з Андрамахай перасяліліся ў Малую Азію, дзе Пэргам заснаваў новы горад, які атрымаў назву па імі свайго заснавальніка.

Пры Аталідах у Пэргаме была сабрана другая паводле велічыні (пасьля Александрыйскай) бібліятэка антычнага сьвету. Паводле легенды, перададзенай Плініем Варскім, вынаходзтва пэргамэнту адбылося ў Пэргаме з прычыны забароны эгіпецкіх Пталамеяў на вываз папірусу. Бібліятэка, якая налічвала ў свой час 200 000 кніг, была захоплена і вывезена ў Рымскі Эгіпет Маркам Антоніем.

Пэргам згадваецца ў Новым Запавеце: у ім, паводле Яна Багаслова, — адна зь сямі цэркваў Апакаліпсісу, дзе разьмешчаны «прастол сатаны» (Адкр. 2:13).

Раскопкі Пэргаму вяліся нямецкімі археолягамі Карлам Гуманам і Эрнстам Курцыюсам у 1878—1886, 1900—1906 і наступныя гады. На раўніне захаваліся руіны рымскага гораду, сярод якіх вылучаецца Чырвоная заля часоў «славутых імпэратараў». Назва турэцкага населенага пункту, разьмешчанага на яго месцы — Бэргама.

СлавутасьціРэдагаваць

Эліністычны Пэргам быў акружаны магутным мурам з гэтак званай Брамай Эўмэна. Над горадам панаваў акропаль (збудаваны галоўным чынам Эўмэнам II), разьмешчаны ў дынамічна-маляўнічай кампазыцыі на тэрасах; на верхніх пляцоўках знаходзіліся палацы пэргамскіх цароў, арсэнал і Траянэўм, некалькі ніжэй — сьвяцілішча Атэны Нікеторы. Побач з апошнім у 2-й палове III ст. да н.э. былі ўстаноўлены выдатныя па сваёй рэалістычнай выразнасьці статуі, у тым ліку выявы галаў (скульптар Эпігон, вядомыя ў мармуровых рымскіх копіях).

Іншыя гарадзкія славутасьці — бібліятэка, храм Дэмэтры (III ст. да н. э.), Вялікі алтар Зэўса, тэатар (II ст. да н.э.). Адным з найбольш выбітных збудаваньняў быў Асклепіюм, які славіўся на ўвесь антычны сьвет.

У Пэргаме выяўлены адны з найстаражытнейшых душавых кабінаў. Разваліны цэлага комплексу душавых (пачатак II ст. да н.э.) знойдзены пры раскопках гімнасія. Тут выкарыстоўваліся сем узроўняў душавых установак. Вада лілася на людзей зьверху з магістральнай сыстэмы, а затым цякла ў іншае купальнае памяшканьне, даходзячы да апошняга, адкуль трапляла ў адвадную сыстэму[1].

ГалерэяРэдагаваць

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Джеймс П., Торп Н. Древние изобретения. — Мн. — 1997 — стр. 566 — ISBN 985-438-139-0

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць

  Пэргамсховішча мультымэдыйных матэрыялаў


39°7′57.216″ пн. ш. 27°11′0.852″ у. д. / 39.13256° пн. ш. 27.18357° у. д. / 39.13256; 27.18357