Пружанская сынагога

Славутасьць
Вялікая сынагога
Краіна Беларусь
Пружаны вул. Тармасава
Каардынаты 52°33′24″ пн. ш. 24°27′11.42″ у. д. / 52.55667° пн. ш. 24.4531722° у. д. / 52.55667; 24.4531722Каардынаты: 52°33′24″ пн. ш. 24°27′11.42″ у. д. / 52.55667° пн. ш. 24.4531722° у. д. / 52.55667; 24.4531722
Канфэсія юдаізм
Тып будынка сынагога
Дата заснаваньня пачатак XX стагодзьдзя
Стан закінуты
Вялікая сынагога на мапе Беларусі
Вялікая сынагога
Вялікая сынагога
Вялікая сынагога

Першая сынагога ў Пружане зьявілася ўжо ў 1463 року[1]. У 1495 жыды былі выгнаныя з Пружанаў, але ўжо празь некалькі рокаў вярнуліся. У 1644 яны атрымалі ад караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы прывілей на набыцьцё тут хатаў і пабудову сынагог, і з тае пары места актыўна засялялася жыдамі.

Асаблівага росквіту юдаізм дасягнуў тут у XIX — першай палове XX стагодзьдзя. У гэты час дзейнічалі галоўная сынагога і некалькі (ад 4 да 8) «малітоўных дамоў», г. зв. бэт мэдрэш(he). Большую частку насельніцтва Пружанаў складалі менавіта жыды (у 1927 — 60%). Дзейнічалі таксама жыдоўскія школы, ешыва, выдаваліся газэты «Пружэнэр лебн» і «Пружэнэр штыме».

Большая частка жыдоўскага насельніцтва была зьнішчаная нацыстамі падчас Галакосту. Насельнікі гета, на тэрыторыі якога знаходзілася і сынагога, былі вывезеныя ў канцлягер Аўшвіц. Ацалелыя або ўцекачы не вярнуліся ў Пружану, застаўшыся на захадзе. У выніку пасьля вайны ў Пружанах жылі ня болей за 10 жыдоў. У будынку сынагогі разьмясьцілася прамысловае прадпрыемства.

Першая сынагога

рэдагаваць

У рэвізіі Дзьмітрыя Сапегі 1563 року згадваецца, што сынагога знаходзілася каля жыдоўскіх хат.

У 1863 па неахайнасьці расейскіх жаўнераў, якія займаліся здушэньнем паўстаньня, у месьце ўсчаўся пажар, які зьнішчыў Сялецкую, Кобрынскую і прылеглыя вуліцы. У гэтым пажары згарэла сынагога, а таксама некалькі жыдоўскіх малітоўных дамоў (бэт мэдрэш): «Вялікі» (дзе жыў рабін), «Кадыша» («сьвяты»), «Achnosas orchim»[2].

Сынагога на ранейшым месцы не была адноўленая, бо вакол яе стаялі хаты бедных месьцічаў і майстроў. Багацейшыя сем’і супрацьстаялі ўсім спробам аднаўленьня сынагогі ў гэтым месцы. У 1870-х менавіта з-за апазыцыі заможных жыдоў беспасьпяхова скончылася спроба пабудаваць «кравецкую сынагогу», а спробе Мойшы Голдбэрга (Янкеля) напачатку XX стагодзьдзя зашкодзіла, апрача гэтага, і нямецкая акупацыя[2].

Бэт мэдрэш

рэдагаваць

Найстарэйшая бэт мэдрэш («Вялікая») была неўзабаве пасьля пажару адбудаваная, яе будынак захаваўся. Адноўленыя і захаваліся таксама «Кадыша» і «Achnosas orchim». Будынак апошняй на Кобрынскай вуліцы да пабудовы бэт мэдрэш «Бэт Яакаў» лічыўся найвялікшым і найпрыгажэйшым. Сваю назву «Achnosas orchim» атрымала ад групы дапамогі бедным, якая месьцілася ў суседнім будынку[2].

У 1860-х роках на дагэтуль ненаселенай вуліцы Воднай паўстала бэт мэдрэш «Malbush arumim», таксама названая паводле групы сацыяльнай дапамогі, што месьцілася ў суседнім будынку.

На Сялецкай вуліцы знаходзілася бэт мэдрэш «Moier» (што азначала «мураваная», у адрозьненьне ад драўлянае). Перад паўстаньнем 1863 року гэты ўчастак знаходзіўся ва ўласнасьці шляхціча Швыкоўскага, які пастаўляў уласную цэглу для пабудовы хаты Мацшэ Блегера. Пасьля здушэньня паўстаньня Валенты Швыкоўскі вымушаны быў эміграваць, а Блегер ня здолеў безь ягонай дапамогі дабудаваць хату і прадаў яе дзеля пабудовы малітоўнага дому. Будынак захаваўся да нашага часу[2].

У пачатку Пажарнай вуліцы стаяла «Ner tomid» (бел. адвечная завеса), прызначаная для заможных. Згарэла ў пажары 1863, пасьля адбудаваная.

У 1880-х была збудаваная «сапожная» бэт мэдрэш.

У 1890-я рокі для сярэдняе клясы і сем’яў, што перайшлі з «сапожнае», была збудаваная «домаўласьніцкая» бэт мэдрэш. Нягледзячы на тое, што яна знаходзілася непадалёк ад «сапожнае», ля Шарашоўскай вуліцы, паводле расейскага заканадаўства не вытрымлівала дапушчальную дыстанцыю ад праваслаўнае царквы. Таму «домаўласьнікі» набылі кавалак зямлі на 3-м завулку побач і ў 1907 року збудавалі бэт мэдрэш «Бэт Яакаў», названую ў гонар Яакава Яглама, які ахвяраваў на пабудову значную суму грошай[2].

У 1824 року была збудаваная «кравецкая» бэт мэдрэш «Chaiatim». Згарэла ў 1863, неўзабаве адноўленая. Будынак захаваўся.

У 1884 на вуліцы Ятке (?) пачалося будаўніцтва бэт мэдрэш «Фантан Якаба». Паводле папулярнае легенды, мець уласны малітоўны дом пажадалі мясьнікі, якія не схацелі маліцца разам з краўцамі (адсюль і другая назва будынку «рэзьніцкая сынагога»). Яны атрымалі дазвол на пабудову бэт мэдрэш на пустым кавалку зямлі побач з уласнымі крамамі, нягледзячы на тое, што непадалёк знаходзілася старая праваслаўная царква. Забароны атрымалася абысьці, падкупіўшы чыноўніка, які прыйшоў замяраць адлегласьць ад бэт мэдрэш да царкоўнае зоны. Чыноўнік у сваім дакладзе падаў адлегласьць не да агароджы, а да ўваходу ў царкву і, хоць паводле нарматываў усё адно не хапала некалькіх мэтраў, дазвол быў дадзены. Аднак калі будынак ужо быў пакрыты дахам, у Пружану быў прызначаны новы павятовы сьвятар Гамяліцкі. Аднойчы, мінаючы грамадзкую лазьню, ён пацікавіўся, што будуецца на гэтым месцы. Даведаўшыся, што гэта жыдоўская бэт мэдрэш, ён неадкладна загадаў перамерыць адлегласьць ад будынку да праваслаўнае царквы. Па выніках ягонага дакладу ў Гародню было загадана спыніць працы і зачыніць будынак. Жыды, аднак, не гублялі надзеі на працяг пабудовы.

Празь некалькі рокаў на Ём-Кіпур усчаўся пажар у гумне Гамяліцкага. Неўзабаве агонь перакінуўся на драўляную праваслаўную царкву, якая згарэла дашчэнту. Гэта дало Гамяліцкаму падставу падазраваць, што падпал быў зьдзейсьнены жыдамі з мэтаю зьнішчэньня праваслаўнае царквы, а значыцца, і перашкодаў у пабудове свайго малітоўнага дому. З Горадні дзеля разьбіральніцтва быў прысланы пракурор, які, аднак, высьветліў, што ў той дзень у гумне Гамяліцкага ночылі два п’яныя чалавекі, ад курэньня якіх і запалала гумно. Такім чынам, недатычнасьць да здарэньня жыдоў была ўстаноўленая, аднак, як сьцьвярджае паданьне, улады вырашылі яшчэ праверыць, ці не адбывалася на Ём-Кіпур па ўсёй Расейскай імпэрыі ўзгараньняў у застрахаваных жыдоўскіх дамох; ці не было спробаў незаконнага вывазу жыдамі шоўку за граніцу; ці не падпальвалі жыды свае хаты ў тую ноч? Аднак нічога такога ня здарылася, а неўзабаве Гамяліцкі быў зьняты з пасады за іншую правіннасьць і высланы з Пружаны. Пасьля гэтага мясьнікі яшчэ раз зьвярнуліся па дазвол на працяг будаўніцтва. Паколькі праваслаўнае царквы больш не існавала, будаўніцтва было дазволенае і завяршылася ў 1892 року[2].

У 1899 року зноў здарыўся вялікі пажар, які пачаўся з жыдоўскае хаты на вуліцы Шарашоўскай. Агнём былі зьнішчаныя Шарашоўская, Хватка, Гарадзенская, часткова Кобрынская і прылеглыя вуліцы. Падчас пажару згарэлі бэт мэдрэш «Malbush arumim» на вуліцы Воднай (у наступным року адноўленая) і «сапожная» (не адноўленая з-за недахопу сродкаў, зямля прададзеная дзеля пабудовы Талмуд торы(en))[2].

Цяперашні стан

рэдагаваць

Будынак сынагогі на вуліцы Шарашоўскай (цяпер Тармасава) захаваўся, пасьля Другой сусьветнай вайны перададзены савецкімі ўладамі на патрэбы «Пружанскіх электрасетак».

  1. ^ Pruzana in three encyclopaedias (анг.) Pruzhany uyezd research organization Праверана 17 сакавіка 2012 г.
  2. ^ а б в г д е ё Pruzhany’s synagogues and outstanding rabbis (анг.) Pruzhany uyezd research organization Праверана 18 сакавіка 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць