Прапанова (фільм, 2009)

фільм 2009 году

«Прапанова» (па-ангельску: The Proposal) — амэрыканская рамантычная камэдыя 2009 году, зьнятая рэжысэркай Эн Флэтчэр. Сцэнар да фільму падрыхтаваў Пітэр К’ярэльлі. Галоўныя ролі выканалі Сандра Булак, Раян Рэйнальдс, Бэці Ўайт, Мэры Стынбэрген і Крэйг Нэлсан. Распрацоўка фільму пачалася яшчэ ў 2005 годзе, калі К’ярэльлі напісаў сцэнар. Асноўныя здымкі праходзілі на працягу двух месяцаў з сакавіка па травень 2008 году. Фільм атрымаў неадназначныя водгукі ад крытыкаў, якія раскрытыкавалі ягоны сцэнар, але высока ацанілі хімію паміж Булак і Рэйнальдсам. Не зважаючы на меркаваньні крытыкаў, «Прапанова» мела касавы посьпех, зарабіўшы па ўсім сьвеце больш за 317 мільёнаў даляраў пры бюджэце ў 40 мільёнаў даляраў. Булак была намінаваная на прэмію Залаты Глёбус за найлепшую жаночую ролю ў жанры кінакамэдыі або м’юзыклу.

Прапанова
па-ангельску: The Proposal
па-нямецку: Selbst ist die Braut
Жанр рамантычная камэдыя[d] і кінакамэдыя
Рэжысэр
Сцэнарыст
Прадусар
У ролях
Кампазытар
Апэратар
Мантаж Прысцыла Нэд-Фрэндлі[d]
Вытворчасьць Mandeville Films[d] і Touchstone Pictures[d]
Распаўсюд Fórum Hungary[d][1], Netflix і Дыснэй+[d]
Дата выхаду 25 верасьня 2009[2], 30 ліпеня 2009[3], 18 чэрвеня 2009[4] і 30 ліпеня 2009
Працягласьць 107 хвіліна
Краіна
Мова ангельская мова
Прыбытак 317 400 000 $[5]
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт

Маргарэт Тэйт (Сандра Булак) ёсьць галоўнай рэдактаркай ​​нью-ёркскай кнігавыдавецкай кампаніі, і праз сваю непрыемную асобу яе ненавідзяць усе, з кім яна працуе. Даведаўшыся, што яе зьбіраюцца дэпартаваць у Канаду праз парушэньне ўмоваў працоўнае візы, Тэйт пераконвае свайго памочніка Эндру Пакстана (Раян Рэйнальдс), які зьдзекаваўся зь яе, ажаніцца зь ёй. Маргарэт абяцае Эндру, што калі яна будзе дэпартаваная, ягоная праца будзе скончаная і ён наўрад ці калі-небудзь будзе працаваць рэдактарам, як той марыць. Міграцыйны агент Гілбэртсан (Дэніс О’Гэр) паведамляе ім, што ён падазрае іх у махлярстве з шлюбам і кажа ім, што ім будуць задаваць пытаньні адзін пра аднаго асобна. Калі іх адказы не супадуць, Маргарэт будзе дэпартаваная ў Канаду назаўжды, а Эндру асудзяць за цяжкае злачынства, якое караецца штрафам у 250 тысяч далараў і пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі. Эндру настойвае, каб Маргарэт зрабіла яго рэдактарам пасьля іхнага шлюбу і выдала кнігу, якую ён рэкамендаваў ёй. Маргарэт вымушаная пагадзіцца.

Удвух яны едуць у Сытку на Аляску, родны горад Эндру, каб сустрэцца зь ягонай сям’ёй і паведаміць ім пра будучы шлюб. Падчас паездкі ў дом сям’і ў суправаджэньні бабулі (Бэці Ўайт) і матулі (Мэры Стынбэрген) хлопца Маргарэт заўважае, што амаль кожная крама гораду носіць імя Пакстан і даведваецца, што сям’я Эндру на самой справе вельмі заможная. Бацька Эндру (Крэйг Нэлсан) ня вельмі прыязна ставіцца да Маргарэт, падазраючы, што Эндру спрабуе праз Маргарэт атрымаць пасаду рэдактара. Пасьля іхнай спрэчкі Эндру абвяшчае ўсім аб заручынах. На вечарыне яны расказваюць усім гісторыю таго, як Эндру нібіта прапанаваў Маргарэт зладзіць шлюб. На наступны дзень Грэйс і Эні, маці і бабуля Эндру, вядуць Маргарэт у мясцовы бар у рамках ейнага дзявочніка, а па вяртаньні даведчаецца пра сварку паміж Эндру і ягоным бацткам. У тую ноч Маргарэт пытаецца ў Эндру аб ягоных адносінах з бацькам, але Эндру адмаўляецца пра гэта размаўляць. Замест гэтага Маргарэт адкрываецца перад Эндру, выкрываючы свае звычкі і ўлюбёныя заняткі.

На наступны дзень сям’я пераконвае іх ажаніцца ў Сытцы на наступны дзень. Пасьля таго, як Маргарэт разумее, наколькі блізкая паміж сабой сям’я Эндру, яна засмучаецца, садзіцца на човен Эндру і імчыцца разам зь ім. Яна кажа хлопцу, што засталася адна ў 16 гадоў і забылася на тое, што такое сям’я. У выніку адбываецца інцыдэнт і Маргарэт пачынае тануць, але Эндру выратоўвае яе. На вясельнай цырымоніі Маргарэт прызнаецца гасьцям, у тым ліку Гілбэртсану, што вясельле ёсьць ашуканцтвам, каб даць магчымасьць ёй атрымаць легальны статус у ЗША. У выніку ў суправаджэньні агента дзяўчына пакідае горад на самалёце. Да гэтага Маргарэт пасьпела пакінуць запіску Эндру, дзе прызнаецца, што кніга, якую ён знайшоў, ёсьць цудоўнай і абяцае выдаць яе да свайго звальненьня. Эндру вяртаецца ў Нью-Ёрк і ў прысутнасьці ўсіх працаўнікоў офісу кажа Маргарэт, што кахае яе і жадае ажаніцца зь ёй. Яны цалуюцца, а потым ідуць да Гілбэртсана і паведамляюць яму, што яны зноў заручаныя, але гэтым разам па-сапраўднаму.

На партале Rotten Tomatoes фільм мае рэйтынг ухваленьня 44%, базуючыся на 187 аглядах, зь сярэднім рэйтынгам 5,32/10. Metacritic прысвоіў фільму сярэднеўзважаны рэйтынг у 48 балаў з 100 магчымых, на падставе 30 водгукаў крытыкаў, што сьведчыць пра зьмяшаныя або сярэднія водгукі[6]. Аўдыторыя, апытаная CinemaScore, ацаніла фільм у сярэднім на А- паводле шкалы ад A+ да F.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць