Першы Венскі арбітраж
Пе́ршы Ве́нскі арбітра́ж — міжнародная дамова, падпісаная 2 лістапада 1938, паводле якой нацысцкая Нямеччына і фашысцкая Італія змусілі Чэхаславаччыну адмовіцца на карысьць Вугоршчыны ад тэрыторыяў на поўдні Славаччыны і Падкарпацкай Русі, населеных пераважна вугорскамоўнымі жыхарамі.
Перадумовы
рэдагаваць12 студзеня 1938 року Аб’яднаная вугорская партыя выказала свае патрабаваньні да чэхаславацкага ўраду. Яны патрабавалі замацаваць аўтаномію Славаччыны, стварыць нацыянальны кадастар і зачыніць славацкія школы ў вёсках зь пераважна вугорскім насельніцтвам. 10 сакавіка вугорскія прадстаўнікі (Андар Яраш, Янаш Эстэргазы і Геза Сюё) зноў выказалі патрабаваньні ад імя вугорскай меншасьці Славаччыны, гэтым разам непасрэдна прэм’ер-міністру Мілану Годжу.
26 ліпеня 1938 урад ЧСР ухваліў нацыянальны статут, які ўпарадкаваў разыходжаньні ў законах, датычных правоў нацыянальных меншасьцяў у галіне грамадзянскіх свабодаў, адукацыі і культуры. Плянавалася прыняцьце новага закону пра мовы і ўхваленьне дэцэнтралізацыі дзяржавы, то бок наданьне аўтаноміі Славаччыне і Падкарпацкай Русі. 27 жніўня Аб’яднаная вугорская партыя адрынула нацыянальны статут і запатрабавала поўную нацыянальную аўтаномію вугорцаў Славаччыны.
21 верасьня 1938 у Будапэшце прайшла шматлікая рэвізіянісцкая дэманстрацыя, дзе гучэлі патрабаваньні «далучэньня братоў-славакаў» да Вугоршчыны.
23 верасьня 1938 у Чэхаславаччыне была абвешчаная мабілізацыя. Па Мюнхэнскім пагадненьні баявая гатоўнасьць была зьнятая, за выняткам Славаччыны, дзе ў ваколіцах Рымаўскай Собаты ў пачатку кастрычніка адбылося парушэньне граніцы вугорскім аддзелам. Чэхаславацкае войска адкінула вугорцаў назад.
Часткай Мюнхэнскай дамовы быў таксама дадатак пра выкананьне пажаданьняў Вугоршчыны на працягу трох месяцаў. У выпадку, калі за гэты тэрмін пагадненьне не было дасягнутае, вырашаць мелі ўдзельнікі падпісаньня. Паколькі палітыкі Вугоршчыны мелі сумневы, што рэвізіянісцкія патрабаваньні можна вырашыць мірным шляхам, дык былі зацікаўленыя ў тым, каб праблема вырашалася дыктатам вялікіх дзяржаваў, а не ўзаемнай згодай[1].
Намагаючыся скарыстацца плёнам Мюнхэнскай дамовы, міжнародным аслабленьнем Чэхаславаччыны, занятасьцю ейнага ўраду перамовамі зь Нямеччынай ды Польшчай і ўнутрыпалітычнымі праблемамі, Вугоршчына настойвала па паскарэньні перамоваў пра новую граніцу. Таксама абстаноўку нагняталі дывэрсіі і тэрарыстычныя атакі на памежжы і спробы арганізаваць беспарадкі вугорскай меншасьці па радыё, скіданьнем зь летакоў улётак і агітацыяй[2]. Аднак гэтыя захады не далі плёну, бо правадыры вугорскай меншасьці з увагі на магчымасьць рэпрэсіяў не наважваліся на адкрытыя акцыі супраць дзяржаўнага ладу.
Перамовы пра славацка-вугорскую мяжу мелі адбыцца ў пачатку кастрычніка. Аднак у гэты час у Чэхаславаччыне адбыліся ўнутрыпалітычныя зьмены (адстаўка прэзыдэнта і ўрада ды Жылінскай дамова(sk)), таму перамовы з Вугоршчынай былі перанесеныя на 9 кастрычніка. Тым часам Ёзэф Ціса стаў старшынём аўтаномнае ўлады Славаччыны, перайменаванай у Славацкую дзяржаву ў складзе ЧСР. Рада міністраў у Празе вырашыла, што чэхаславацкую дэлегацыю будуць прадстаўляць толькі славацкія і русінскія прадстаўнікі. Гэта было зроблена ў адпаведнасьці з пажаданьнямі Цісавага ўрада, які верыў, што такім чынам лягчэй дасягне кампраміснага рашэньня прадастаўленьнем аўтаноміі вугорскай меншасьці[3].
Камарнянскія перамовы
рэдагаваць9 кастрычніка 1938 ў Комарне пачаліся перамовы чэхаславацкай дэлегацыі (старшыня Ёзэф Ціса, Фэрдынанд Дурчанскі, генэрал Рудальф Віест, Іван Крно, прадстаўнік Падкарпацкай Русі І. Парканьі) з вугорскаю (міністар замежных справаў Кальман Канья(hu), міністар адукацыі Пал Тэлекі(hu) ды іншыя) пра дэмаркацыю новае мяжы.
З-за хуткага разьвіцьця сытуацыі чэхаславацкая дэлегацыя не пасьпела падрыхтавацца да перамоваў, і ейная пазыцыя вызначылася толькі ў працэсе перамоваў; Ёзэф Ціса і Фэрдынанд Дурчанскі ўпершыню ўдзельнічалі ў дыскусіях такога ўзроўню, на якіх даводзілася супрацьстаяць палітыкам з багатым міжнародным досьведам. Вугорская ж дэлегацыя прыбыла з выпрацаванаю канцэпцыяй і — насуперак афіцыйнай пазыцыі пра неабходнасьць рэвізіі граніцаў паводле этнічнага прынцыпу — сваімі дзеяньнямі паказвала, што ейнай мэтай ёсьць не дасягненьне кампрамісу, а выстаўленьне ўльтыматыўных патрабаваньняў.
Чэхаславацкая дэлегацыя не пагадзілася з вугорскай прапановай правядзеньня плебісцыту на той падставе, што яго не патрабавала ні мясцовае насельніцтва, ні якая-кольвек партыя. Улады асьцерагаліся, што ў выпадку падрыхтоўкі рэфэрэндуму ў адсутнасьць дзеяздольнай мясцовай улады прапагандай зоймуцца правугорскія сілы.
Дэлегацыі не дасягнулі паразуменьні і па пытаньні этнічных межаў. Вугорскі бок у якасьці асновы прапаноўвала вынікі перапісу 1910 року, на які моцна паўплывалі вынікі мад’ярызацыі. Чэхаславацкі бок замест гэтага прапаноўваў улічваць вынікі перапісу 1930 ці 1880 року, дзе яшчэ быў невялікі ўплыў мад’ярызацыі.
У знак сваёй гатоўнасьці да вырашэньня праблемы чэхаславацкая дэлегацыя выразіла згоду на перадачу Вугоршчыне Шагаў і Славенскага Новага Места, хоць гэта і парушыла наўпроставую чыгуначную сувязь між Падкарпацкай Русьсю і чэскімі землямі. Вугорскае войска заняло гэтыя месты 11 кастрычніка 1938. Аднак гэта не задаволіла вугорскі бок, які ва ўльтыматыўнай форме запатрабаваў перадачы тэрыторыяў па лініі Дзевін — Браціслава — Нітра — Тлмачэ — Левіцэ — Лучанэц — Рымаўска Собата — Елшава — Рожнява — Кошыцы — Трэбішаў — Паўлаўцэ над Вугам — Вужгарад — Мукачава — граніца з Румыніяй. Відавочна, Чэхаславаччына з гэтым не згадзілася.
Яшчэ падчас перамоваў Фэрдынанд Дурчанскі і Аляксандар Мах наведаліся ў Нямеччыну, дзе на сустрэчы з Германам Герынгам 12 кастрычніка спрабавалі займець падтрымку супраць вугорскіх патрабаваньняў. На падставе інфармацыі ад Дурчанскага чэхаславацкая дэлегацыя зрабіла выснову, што Трэці райх ня будзе падтрымліваць гэтыя празьмерныя патрабаваньні[4].
Чэхаславацкі бок зрабіў яшчэ некалькі прапановаў, уключаючы прадастаўленьне аўтаноміі вугорскай меншасьці ці аддачу Жытняга вострава, прычым на вышэйпералічаных тэрыторыях меў адбыцца ўзаемны абмен насельніцтвам[4].
Вугорцы абвінавацілі чэхаславакую дэлегацыю ў адмове выканаць дадатак да Мюнхэнскага пагадненьня пра вырашэньне межаў і 13 кастрычніка ў аднабаковым парадку прынялі рашэньне спыніць перамовы.
У канцы кастрычніка 1938 ЧСР і Вугоршчына дамовліся, што падпарадкуюцца вырашэньню праблемы вялікімі дзяржавамі — Нямеччынай ды Італіяй. Арбітраж меў адбыцца ў замку Бэльвэдэр ў Вене 2 лістапада 1938. Ангельшчына і Францыя адмовіліся ад удзелу.
Арбітраж
рэдагаваць2 лістапада ў венскім замку Бэльвэдэр сабраліся ўдзельнікі арбітражу. Прадстаўнікамі дэлегацыяў былі:
- Нямеччына — міністар замежных справаў Ёахім фон Рыбэнтроп і фэльдмаршал Герман Герынг
- Італія — міністар замежных справаў Галеаца Чыяна
- Вугоршчына — міністар замежных справаў Кальман Канья і міністар адукацыі Пал Тэлекі
- Чэхаславаччына — міністар замежных справаў Францішак Хвалкоўскі ды Іван Крно
- Славаччына — прэм’ер-міністар Ёзэф Ціса і міністар юстыцыі Фэрдынанд Дурчанскі
- Карпацкая Ўкраіна — прэм’ер-міністар Аўгустын Валошын
У выніку перамоваў быў падпісаны дакумэнт пра перадачу тэрыторыяў на поўдзень ад лініі Сэнэц — Галанта — Шаля — Новэ Замкі — Врабле — Левіцэ — Лучанэц — Рымаўска Собата — Елшава — Рожнява — Кошыцы — Міхаляны — Велькэ Капушаны — Вужгарад — Мукачава (улучна з гэтымі населенымі пунктамі) — граніца з Румыніяй на карысьць Вугоршчыны.
Насуперак дэкляраванай мэце вытварэньня этнічных межаў, Славацкая рэспублікі і Карпацкая Ўкраіна страцілі і пераважна ці абсалютна славацкія/русінскія землі. Славаччына страціла больш за чвэрць уласнае тэрыторыі.
Скасаваньне
рэдагавацьПа сканчэньні Другой сусьветнай вайны абодва Венскія арбітражы былі прызнаныя несапраўднымі Парыскімі дамовамі 10 лютага 1947 року (мірныя пагадненьні з Вугоршчынай і іншымі дзяржавамі), граніцы дзяржаваў вернутыя ў стан да Венскіх арбітражаў, акрамя таго, што Падкарпацкая Русь была «падораная» Чэхаславаччынай Савецкаму Саюзу яшчэ ў 1945, а Яраўцэ, Русаўцэ і Чунава (цяпер прадмесьці Браціславы) адышлі да Чэхаславаччыны.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Deák, Ladislav Viedenská arbitráž. (2. november 1938) — «Mníchov pre Slovensko». — Bratislava: Nadácia Korene, 1998. — ISBN 80-967587-7-2
- Deák, Ladislav Medzinárodno-politické súvislosti Viedeňskej arbitráže a dôsledky pre južné Slovensko // Viedenská arbitráž v roku 1938 a jej európske súvislosti : Zborník príspevkov z vedeckej konferencie konanej v Bratislave 10. novembra 2008 / Daniel Šmihula. — Bratislava: Vojenský historický ústav, 2008. — ISBN 978-80-8106-009-09
- Bystrický, Valerián Vnútropolitický ohlas na zmeny hraníc v roku 1938 // Viedenská arbitráž v roku 1938 a jej európske súvislosti : Zborník príspevkov z vedeckej konferencie konanej v Bratislave 10. novembra 2008 / Daniel Šmihula. — Bratislava: Vojenský historický ústav, 2008. — ISBN 978-80-8106-009-09
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьСлавацкая Вікікрыніца зьмяшчае арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы гэтага артыкула: |