Браслаўска-Дзісенскае паўстаньне
Бра́слаўска-Дзі́сенскае паўста́ньне — антыкамуністычнае паўстаньне, якое выбухнула ў Браслаўскім і Дзісьненскім паветах, з-за злоўжываньняў тутэйшых бальшавіцкіх уладаў.
Браслаўска-Дзісенскае паўстаньне | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Паўстанцы беларускія эсэры | РСФСР | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
агулам 3000 | невядома | ||||||||
Прычыны
рэдагавацьУ Дзісьненскім павеце, як і Браслаўскім вялікае свавольніцтва меў мясцовы Вайсковы аддзел. Фактычна Вайсковыя аддзелы панавалі над астатнімі і прымушалі выконваць захады дзеля задавальненьня сваіх мэтаў не зважаючы на настроі і патрэбы мясцовага насельніцтва. Напачатку чэрвеня бальшавікі абвесьцілі мабілізацыю ўсіх мужчынаў ва ўзросьце ад 16 да 43 гадоў. А яшчэ ў траўні бальшавікі забілі праваслаўнага сьвятара Канстанціна Жданава з Шаркоўшчыны, які карыстаўся аўтарытэтам сярод мясцовых жыхароў.
У выніку стаўленьне насельніцтва зьмянялася хутка і нэгатыўна для савецкай улады. Сваім галоўным ворагам сялянства пачало лічыць камуністаў. Але ў той жа час сялянства выказвалася пра тое, што бальшавікі гэта ахоўнікі сялянства, якія нічога благога для сялянства ня робяць[1]. Асаблівую незадаволенасьць сялянства двух паветаў выказвала наконт палітыкі ваеннага камунізму і харчразвёрсткі. Таксама адзначаліся моцныя антысэміцкія настроі й агітацыйная праца з насельніцтвам з боку прадстаўнікоў партыі левых сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.
Асноўнымі прычынамі, як сьведчаць дакумэнты Савету Абароны Літвы і Беларусі, была незадаволенасьць сялянства тымі захадамі, якія прымала савецкая ўлада адносна яго, асаблівую незадаволенасьць сыходзіла ад харчразьвёрсткі. Таксама сялянства масава ня мела даверу да камуністаў, але цалкам давярала бальшавікам[1].
Хада паўстаньня
рэдагавацьПаўстаньне распачалося 14 чэрвеня 1919 году ў вёсцы Германовічах Дзісьненскага павету[1]. У той жа дзень у мястэчку Іказьні быў парафіяльны фэст Найсьвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. На ім ксёндз Міхал Буклярэвіч зьвярнуўся да тысячаў людзей, што прыйшлі на фэст, заклікаў іх браць зброю[2]. Мясцовыя маладзёны адразу раззброілі прысутных там бальшавіцкіх вайскоўцаў.
Вялікі ўплыў сярод паўстанцаў мелі беларускія эсэры[1]. Паўстанцы спрабавалі прарвацца да Польшчы ды пашырыць паўстанцкі рух на Беларусі[1]. Самі гэтыя мэта, далі падставу савецкім органам называць кіраўніцтва паўстаньня польскімі легіянэрамі-белагвардзейцамі, а сялянаў, якія іх падтрымалі, — зялёнымі, таму ў савецкія дакумэнты дадзенае паўстаньне ўвайшло як Бела-зялёнае. Менавіта такая тэрміналёгія як польскія легіянэры тлумачыцца прагненьнем паўстанцаў да пераходу на польскі бок.
Паўстанцы ўзялі пад кантроль Іказьнь, Слабодку, Мілашова, Мёры, Чэрасы, Ёды, Шаркоўшчыну, Германавічы[2]. Былі арыштаваныя бальшавіцкія дзеячы ў Мёрах, бальшавіцкі камісар быў расстраляны.
Першымі насустрач руху паўстанцаў у накірунку Глыбокага былі кінутыя Дзьвінская, Браслаўская роты і Глыбоцкая конная рота. Дзьвінская і Глыбоцкая роты цалкам са зброяй перайшлі на бок паўстанцаў[1]. Першы сур’ёзны бой, які адбыўся 20 чэрвеня ня даў якога-небудзь дакладнага выніку. Браслаўская рота, якая ўступіла ў бой 21 чэрвеня супраць атрадаў паўстанцаў была на палову разьбітая, а рэшткі роты перайшлі на бок паўстанцаў[1].
Дадзеныя падзеі вымусілі бальшавіцкія ўлады сканцэнтраваць супраць паўстаўнцаў значныя сілы. Былі сьцягнутыя вайсковыя аддзелы РСЧА з Віцебску, ад апэрацыі супраць паўстаўнцаў былі адхіленыя аддзелы РСЧА, якія былі сфармаваныя зь мясцовых жыхароў. Апэрацыя супраць паўстанцаў распачалася на прыканцы 20-х чэрвеня 1919 г. Паўстанцы былі адкінутыя ад Глыбокага і расьсеяныя.
26 чэрвеня бальшавікі ўзялі Іказьнь. Ксяндза Міхала Буклярэвіча разам зь ягонай сястрой Аліцыяй расстралялі каля Бігосава[2].
З 27 па 30 чэрвеня адбываліся стыхійныя баі паміж паўстаўнцаў і РСЧА. Пасьля гэтых баёў разрозьненныя аддзелы паўстанцаў былі цалкам разьбітыя. Паводле рапартаў чырвоных камандоўцаў ужо зь 1 ліпеня 1919 г. паўстанцкай актыўнасьці ні ў Дзісьненскім, ні ў Браслаўскім паветах ужо не было.
Суполка паўстанцаў налічвала 3000 асобаў за ўвесь час паўстаньня[1]. Немагчыма дакладна назваць іхную колькасьць на розных этапах, бо на бок паўстаньня пераходзілі цэлыя роты чырвонаармейцаў. Першыя сутыкненьні паміж паўстанцаў і аддзелаў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі прынесьлі перамогі і папаўненьні.
Паўстаньне адбывалася пад споклічамі «За саветы без камуністаў», «Сьмерць камуністам», «Далоў Савет»[1]. Пры гэтым паўстанцы ніяк не выказваліся супраць бальшавікоў.
Вынікі
рэдагавацьПасьля сканчэньня актыўных ваенных дзеяньняў, на тэрыторыі паветаў агітацыйная дзейнасьць з боку беларускіх эсэраў была спыненая[1]. У цэнтры паўстаньня вёсцы Германовічах былі раскватараваныя аддзелы РСЧА, якія нягледзячы на здушэньне паўстаньня, рухалася да лініі савецка-польскага фронту. Былі зьнятыя з пасадаў кіраўнікі савецкіх органаў на месцах у Дзісенскім і Браслаўскім паветах. Адзінай станоўчай зьменай з паўстаньнем была зьмена кіроўных асобаў у паветах, але палітыка ваеннага камунізму і харчразвёрстак не спынілася.
Крыніцы
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Лізуноў, А. І. Сялянскае паўстанне ў Дзісненскім і Браслаўскім паветах у чэрвені 1919 г.: новыя падыходы ў аналізе сацыяльнага канфлікту (бел.). — Мінск: БДУ, 2019.
- Антысавецкае паўстаньне на Браслаўшчыне і Дзісьненшчыне (бел.) // Сайт Рады БНР. — 14.6.2017.