О. Гэ́нры (па-ангельску: O. Henry, псэўданім, сапраўднае імя Ўі́льям Сы́дні По́ртэрпа-ангельску: William Sydney Porter; 1862—1910) — амэрыканскі пісьменьнік, празаік, аўтар папулярных навэляў, якія характарызуюцца тонкім гумарам і нечаканымі разьвязкамі.

О. Гэнры
O. Henry
Ўільям Сыдні Портэр
Род дзейнасьці пісьменьнік
Дата нараджэньня 11 верасьня 1862
Месца нараджэньня Грынзбара, Паўночная Караліна, ЗША
Дата сьмерці 5 чэрвеня 1910 (47 гадоў)
Месца сьмерці Эшвіл, Паўночная Караліна, ЗША
Прычына сьмерці пнэўманія
Месца пахаваньня
Занятак пісьменьнік, журналіст, навэліст
Псэўданімы O. Henry
Бацька Алгернан Сыдні Портэр[d]
Дзеці Маргарэт Уорт Портэр[d]

Біяграфія

рэдагаваць

Ўільям Сыдні Портэр нарадзіўся 11 верасьня 1862 году ў горадзе Грынзбара, штат Паўночная Караліна. Пасьля школы вучыўся на фармацэўта, працаваў у аптэцы. Затым працаваў касірам-бухгальтарам у банку ў тэхаскім горадзе Остыне. Быў абвінавачаны ў растраце і паўгоду хаваўся ад праваахоўнікаў у Гандурасе, затым у Паўднёвай Амэрыцы. Вярнуўшыся ў ЗША, быў асуджаны і пасаджаны ў турму Калюмбус штата Агаё, дзе правёў тры гады (1898—1901). У турме працаваў у лазарэце і пісаў аповяды, падшукваючы сабе псэўданім. У выніку спыніў свой выбар на варыянце О. Гэнры (імя вядомага францускага фармацэўта). Першы свой аповяд пад гэтым псэўданімам — «Калядны падарунак Дзіка-Сьвістуна», надрукаваны ў 1899 годзе ў «Часопісе МакКлюра» (Mc Clure’s Magazine), — ён напісаў у турме. Гэты псэўданім часта няслушна запісваецца накшталт ірляндзкага прозьвішча O’Henry (О’Гэнры).

Першая кніга аповядаў О. Гэнры — «Каралі і капуста» (Cabbages and Kings) — выйшла ў 1904 годзе. За ёй рушылі ўсьлед: «Чатыры мільёны» (The four million, 1906), «Незгасальная лямпа» (The trimmed Lamp, 1907), «Сэрца Захаду» (Heart of the West, 1907), «Голас гораду» (The Voice of the City, 1908), «Высакародны жулік» (The Gentle Grafter, 1908), «Шляхі лёсу» (Roads of Destiny, 1909), «Абранае» (Options, 1909), «Дакладныя справы» (Strictly Business, 1910) і «Віры» (Whirligigs, 1910).

Пісьменьнік сканаў 5 чэрвеня 1910 году ў Нью-Ёрку.

У складанку «Постскрыптумы» (Postscripts), выдадзеную ўжо пасьля сьмерці О. Гэнры, увайшлі фэльетоны, накіды і гумарыстычныя нататкі, напісаныя ім для газэты «Post» (Г'юстан, штат Тэхас, 1895—1896). Усяго О. Гэнры напісана 273 аповядаў, поўны збор яго твораў складае 18 тамоў.

Асаблівасьці творчасьці

рэдагаваць

О. Гэнры займае ў амэрыканскай літаратуры выключнае месца як майстар жанру «кароткага аповяду» (short-story). Перад сьмерцю О. Гэнры выказаў намер перайсьці да больш складанаму жанру — да раману («усё, што я пісаў дагэтуль, гэта проста пястота, спроба пяра, у параўнаньні з тым, што я напішу праз год»).

У творчасьці, аднак, гэтыя настроі нічым не выявіліся, і О. Гэнры застаўся арганічным мастаком «малога» жанру, аповяда. Не выпадкова, вядома, што ў гэты пэрыяд пісьменьнік упершыню пачаў цікавіцца сацыяльнымі праблемамі і выявіў сваё адмоўнае стаўленьне да буржуазнага грамадзтва (Джэнінгс «Праз цемру з О. Гэнры»).

Героі О. Гэнры разнастайныя: мільянэры, каўбоі, спэкулянты, клеркі, прачкі, бандыты, фінансысты, палітыкі, пісьменьнікі, артысты, мастакі, працоўныя, інжынэры, пажарнікі — зьмяняюць адзін аднаго. Умелы канструктар сюжэту, О. Гэнры не паказвае псыхалягічны бок адбывалага, дзеяньні яго пэрсанажаў не атрымліваюць глыбокай псыхалягічнай матывіроўкі, што яшчэ больш узмацняе нечаканасьць фіналу.

О. Гэнры не зьяўляецца першым арыгінальным майстрам «кароткага аповяду», ён толькі разьвіў гэты жанр, які склаўся ў сваіх асноўных рысах ўжо ў творчасьці Т. Б. Олдрыча (Thomas Bailey Aldrich, 1836—1907). Арыгінальнасьць О. Гэнры выявілася ў бліскучым ужываньні жаргона, вострых слоўцаў і выразаў і ў агульнай калярытнасьці дыялёгаў.

Ужо пры жыцьці пісьменьніка «кароткі аповяд» у яго стылі стаў выраджацца ў схему, а да 1920-х гадоў ператварыўся ў чыста камэрцыйную зьяву: «мэтодыку» яго вытворчасьці выкладалі ў каледжах і ўнівэрсытэтах, выдаваліся шматлікія падручнікі і г. д.

Амэрыканскія пісьменьнікі міжваеннага пэрыяду (Шэрвуд Андэрсан, Тэадор Драйзэр, Бэн Гехт) супрацьпастаўлялі безьзьмястоўнасьці эпігонаў О. Гэнры насычаныя псыхалягічныя навэлі.

Беларускія пераклады

рэдагаваць
  • О. Гэнры. «Выкуп за Правадыра Чырванаскурых». Койданава-Ама. «Згода». 1998. 36 с.
  • Калядны падарунак з дубнячку // Бабілёнская бібліятэка. Мн., 2007.
  • «Дары мудрацоў» / Перакл. С. Мядзьведзева (2014)[1]

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  1. ^ Падарунак на Каляды: зборнік святочнага апавядання / Укладанне Ганна Янкута. — Мінск : Кнігазбор, 2014. — 196 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; Бібліятэка часопіса «ПрайдзіСвет» «PostScriptum»). — ISBN 978-985-7119-15-8