Ольстэрска-шатляндзкая мова

Ольстэрска-шатля́ндзкая мова (саманазвы: Ulstèr-Scotch, Ullans, (Braid) Scots, Scotch[2][3][4]) — сукупнасьць шатляндзкіх германскіх дыялектаў, распаўсюджаных у некаторых частках гістарычнага рэгіёну Ольстэр, што на поўначы востраву Ірляндыя[1][5][6]. У шырэйшым сэнсе паняцьце ольстэрска-шатляндзкіх дыялектаў можа ўключаць стандартную ангельскую мову з наяўнасьцю ольстэрска-шатляндзкага акцэнту, што карэлюе з блізкімі да ольстэрска-шатляндзкіх дыялектаў германскімі шатляндзкімі дыялектамі, якія могуць разглядацца разам зь мясцовымі формамі ангельскае мовы[7].

Ольстэрска-шатляндзкая мова
Ulstèr-Scotch і г.д.

     Ольстэрска-шатляндзкія дыялекты на лінгвістычнай мапе паўночнай і цэнтральнай Ірляндыі[1]

Ужываецца ў Вялікабрытаніі, Ірляндыі
Рэгіён Паўночная Ірляндыя, Данэгол
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
Афіцыйны статус
Дапаможная мова ў Паўночнай Ірляндыі
Рэгулюецца Агенцтвам па ольстэрска-шатляндзай мове
Коды мовы

Гістарычна зазнавала ўплыў ірляндзкага варыянту ангельскай мовы (асабліва г. зв. сярэднеольстэрскіх дыялектаў) і ольстэрскага дыялекту ірляндзкае мовы, пры гэтым, у сваю чаргу, аказала ўплыў на сярэднеольстэрскія дыялекты ірляндзкага варыянту ангельскай мовы. Разам з гэтым, ольстэрска-шатляндзкая зазнавала ўплывы ангельскай і шатляндзкай германскай моваў, у выніку чаго склаліся формы маўленьня зь перавагай ангельскага або шатляндзка-германскага ўплываў адпаведна[6].

Упершыню ольстэрска-шатляндзкія дыялекты датуюцца пачаткам XVII стагодзьдзя па пачатку засваеньня шатляндзкімі пасяленцамі Ольстэру, у выніку чаго шатляндзкія германскія дыялекты былі прынесеныя на поўнач Ірляндыі[8]. Пачынаючы з гэтага часу й да самага канца ХХ ст. ольстэрска-шатляндзкія былі амаль поўнасьцю ідэнтычныя шатляндзкім дыялектам свайго першапачатковага рэгіёну распаўсюджаньня, Шатляндыі, аднак па адраджэньні цікавасьці да ольстэрска-шатляндзкіх дыялектаў пачалося стварэньне новых артаграфічных нормаў, аўтары якіх на думку некаторых актывістаў імкнуліся да як мага большага адрозьненьня ольстэрска-шатляндзкай ад ангельскай і шатляндзкай моваў[9][10].

Назва рэдагаваць

У ангельскай лінгвістычнай літаратуры ольстэрска-шатляндзкія дыялекты часьцей за ўсё ўзгадваюцца пад тэрмінамі Ulster Scots і, асабліва ў ранейшых працах, Scotch-Irish[6]. Літаральныя калькі гэтых назваў у асноўным выкарыстоўваюцца ў літаратуры краінаў былога СССР.

Носьбіты мовы звычайна вызначаюць роднае маўленьне словамі Braid Scots, Scotch або the hamely tongue[3][11][12].

З 1980-х гадоў мясцовым гісторыкам-аматарам і палітычным дзеячом Іенам Адамсанам быў прасунуты нэалягізм Ullans, утвораны ў выніку зьліцьця словаў Ulster («Ольстэр») і Lallans — адной з назваў шатляндзкай германскай мовы Шатляндыі[13]. Існуе іншае тлумачэньне слова Ullans, згодна зь якім яно зьяўляецца абрэвіятурай ад ангельскага выразу «Ulster-Scots language in literature and native speech» («Ольстэрска-шатляндзкая мова ў літаратуры й родным маўленьні»). У колах культурных дзеячоў таксама мае ўжытак тэрмін Ulstèr-Scotch (літ. «ольстэрска-шатляндзкая»)[2]. Апрача таго, ужываецца тэрмін Hiberno-Scots (літ. «ірляндзка-шатляндзкая»), які, тым ня менш, часьцей тычыцца адпаведнай этнічнай групы (ольстэрскія шатляндцы)[14].

Лінгвагеаграфія рэдагаваць

 
Адсоткавая дзеля людзей з узростам больш за 3 гады, якія паводле перапісу насельніцтва 2011 году ў Паўночнай Ірляндыі заявілі пра свае здольнасьці па ольстэрска-шатляндзкай мове.

У сярэдзіне ХХ стагодзьдзя лінгвістам Р. Грэгам былі абрысаваныя межы арэалу ольстэрска-шатляндзкіх дыялектаў, што засноўвалася на палявых зьвестках, атрыманых ад носьбітаў мовы[1].

Ольстэрска-шатляндзкія дыялекты ў асноўным распаўсюджаныя ў брытанскай частцы востраву Ірляндыя (Паўночная Ірляндыя, ня блытаць з гістарычным рэгіёнам Ольстэр), а таксама ў пэўных частках востраву, што належаць Рэспубліцы Ірляндыя. У брытанскай частцы Ірляндыі мова мае распаўсюджваньне на ўсходзе графства Антрым, поўначы графства Даўн, паўночным усходзе графства Лёндандэры, а таксама ў рыбацкіх паселішчах мясцовасьці Мурн, што на паўднёвым усходзе Паўночнай Ірляндыі пры мяжы з Рэспублікай Ірляндыя. У Рэспубліцы Ірляндыя ольстэрска-шатляндзкія дыялекты маюць ужытак у мясцовасьці Лаган (графства Данэгол, паўночны захад Ірляндыі пры мяжы з Паўночнай Ірляндыяй)[15].

Дасьледаваньні 1999 году вызначылі, што 2% ад насельніцтва Паўночнай Ірляндыі заяўляе пра сваё ўменьне размаўляць на ольстэрска-шатляндзкай, што складае прыкладна 30 тыс. чал.[16] Іншыя ацэнкі налічваюць ад 35 000 да 100 000 носьбітаў (з улікам Рэспублікі Ірляндыя)[17][18].

Перапіс 2011 году па Паўночнай Ірляндыі засьведчыў наяўнасьць 16 373 чалавекі (або 0,9% ад насельніцтва рэгіёну), якія заявілі пра сваё ўменьне размаўляць, чытаць, пісаць на ольстэрска-шатляндзкай мове, а таксама разумець яе. 140 204 чалавекі (або 8,1%) паведамілі пра валоданьне ў некаторай ступені ольстэрска-шатляндзкай мовай[19].

Статус рэдагаваць

Энтузіясты па разьвіцьці ольстэрска-шатляндзкай мовы мяркуюць, што ольстэрска-шатляндзкая зьяўляецца асобнаю мовай[2]. Падобны пункт гледжаньня, між тым, аспрэчваецца Агенцтвам па ольстэрска-шатляндзкай мове, якое разглядае мову як частку дыялекталягічнай сыстэмы шатляндзкай германскай мовы[20]. Падобная пазыцыя падзяляецца таксама Акадэміяй па ольстэрска-шатляндзкай мове[21].

Лінгвістычнае вызначэньне як мовы або дыялекту рэдагаваць

Пэўныя лінгвісты лічаць ольстэрска-шатляндзкія дыялекты, як і іншыя дыялектныя формы шатляндзкіх германскіх дыялектаў, аднымі з дыялектаў ангельскае мовы[22]. Тым ня менш, сярод некаторых лінгвістаў пануе думка пра самастойны лінгвістычны статус шатляндзкай германскай мовы, з-за чаго ольстэрска-шатляндзкія дыялекты могуць разглядаць як дыялекты асобнай шатляндзкай германскай мовы[23]. Кароткі ольстэрскі слоўнік вызначае ольстэрска-шатляндзкую як «адзін з дыялектаў нізіннай шатляндзкай [адна з назваў шатляндзкай германскай мовы], прызнаны ў якасьці мовы Эўрапейскім бюро па рэдка ўжываных мовах»[24].

Аабапіраючыся на разьмежаваньне мовы й дыялекту паводле г. зв. аўсбаў-парадыгмы, распрацаванай нямецкім лінгвістам Гайнцам Клёсам, ольстэрска-шатляндзкія дыялекты могуць прэтэндаваць толькі на статус нацыянальнага дыялекту шатляндзкай германскай мовы (параўн. з амэрыканскім і брытанскім варыянтамі ангельскай мовы) з прычыны адсутнасьці ў ольстэрска-шатляндзкай мовы г.зв. «мінімальнага разыходжаньня», неабходнага для дасягненьня статусу мовы за кошт уласнай стандартызацыі й кадыфікацыі.

Афіцыйны статус рэдагаваць

Ольстэрска-шатляндзкая мова мае афіцыйнае прызнаньне паводле Пагадненьня між урадамі Вялікабрытаніі й Ірляндыі ад 1998 году, згодна з чым ольстэрска-шатляндзкая мова лічыцца дыялектам шатляндзкай мовы, традыцыйна ўжываным у некаторых часткай Паўночнай Ірляндыі й Данэголе[25][26]. Дакумэнты, выдадзеныя ўрадам Злучнага Каралеўства адносна Эўрапейскае Хартыі рэгіянальных моваў або моваў меншасьцяў, прызнаюць як шатляндзкую германскую, так і ольстэрска-шатляндзкую мовы[27].

Гэтае прызнаньне ў пэўнай ступені адрозьнівалася ад абавязацельстваў, узятых дзеля падтрымкі ірляндзкае мовы. Вызначэньне ольстэрска-шатляндзкай мовы, прыведзенае вышэй у адпаведнасьці з пагадненьнем 1999 году, выкарыстоўвалася Вялікабрытаніяй для справаздачы па выкананьні Хартыі. Бэлфасцкае пагадненьне, якое ўрэгулявала канфлікт у Паўночнай Ірляндыі, ня згадвае ольстэрска-шатляндзкую мову як асобную, але прызнае яе як частку культурнай спадчыны Паўночнай Ірляндыі. Дамова 1999 году садзейнічае больш шырокаму выкарыстаньню ольстэрска-шатляндзкай мовы як у Паўночнай Ірляндыі, так і па ўсім востраве Ірляндыя; падобных мэтаў прытрымліваецца й адпаведна створанае Агенцтва па ольстэрска-шатляндзкай мове[28]. Тым ня менш, нягледзячы на згадкі Агенцтвам ольстэрска-шатляндзкай як мовы, ольстэрска-шатляндзкія дыялекты разглядаюцца арганізацыяй як частка шатляндзкай культуры.

Прынятыя ў 2006 годзе папраўкі ў згаданую дамову прадугледжваюць прыняцьце стратэгіі па разьвіцьці й пашырэньні ольстэрска-шатляндзкай мовы, спадчыны й культуры[29], падобныя гарантыі прадугледжвае г.зв. Пагадненьне Сьв. Андрэя.

Гісторыя рэдагаваць

Гісторыя ольстэрска-шатляндзкіх дыялектаў зьнітаваная з гісторыяй шатляндзкай калянізацыі Ольстэру. З XV стагодзьдзя у рэгіён пачалі прыбываць пераважна кельцкамоўныя шатляндцы, што размаўлялі на гэльскай шатляндзкай мове, аднак у XVII ст. пачалося перасяленьне шатляндцаў-лаўлэндэраў, якія на той момант, у адрозьненьне ад горных шатляндцаў, ужо размаўлялі на шатляндзкай германскай мове. Пік міграцыі быў дасягнуты ўжо ў 1690-х гадох, а ў некаторых раёнах шатляндзкія перасяленцы ў 5-6 разоў колькасна пераўзыходзілі ангельскіх перасяленцаў[8][30].

Па заканчэньні вуснай традыцыі на мяжы ХІХ—ХХ стагодзьдзяў ольстэрска-шатляндзкая літаратура была практычна ідэнтычнай сучаснай пісьмовай норме шатляндзкай германскай мовы (напрыклад, мова твораў У. Літла супадала з шатляндзкай у адрозьненьне ад сучаснай ольстэрска-шатляндзкай, дзе шэраг словаў зьмяніліся на ангельскаваныя формы)[9]. Многія з сучасных адрозьненьняў між ольстэрска-шатляндзкімі дыялектамі й шатляндзкімі дыялектамі Шатляндыі могуць зьвязвацца з дыялектным нівэляваньнем або ўплывам сярэднеольстэрскага дыялекту ангельскай мовы, уплыў кантактаў з ірляндзкай мовай, захаваньне старых моўных рысаў або ўласныя інавацыі звычайна маюць маленькую дзелю ў разьвіцьці адрозьненьняў між ольстэрска-шатляндзкімі дыялектамі й шатляндзкімі дыялектамі Шатляндыі.

Найранейшым ольстэрскім пісьмовым дакумэнтам, напісаным на шатляндзкіх германскіх дыялектах, зьяўляецца ліст ад імя Агнэс Кэмпбэл да Лізаветы І, напісаны мужам Кэмпбэл у 1571 годзе. Дакумэнты пэрыяду шатляндзкай калянізацыі маюць пэўную колькасьць кансэрватыўных характарыстык, аднак з паступовым пераходам носьбітаў шатляндзкай германскай на ангельскую пачынаецца ўзьнікненьне перавагі ангельскіх рысаў (з 1620-х гг.)[31].

У шатляндзкамоўных раёнах Ольстэру ў мясцовых выданьнях карысталіся вызначаным попытам шатляндкзамоўныя паэты. Цягам усяго XVIII стагодзьдзя у Ольстэры выдаваліся творы такіх пісьменьнікаў як А. Мантгомэры, Д. Ліндсэй, А. Рэмзэй, Р. Бэрнз, Дж. Гог, Р. Танагіл. Працэс літаратурнага разьвіцьця ўзмацніўся прыблізна з 1720-х гадоў, калі паэзійны жанр стаў зазнаваць росквіт і стала ўзьнікаць традыцыя прозы[32]. Найвядомай зьяўляецца г.зв. ткацкая паэзія, традыцыя якой узьнікла ў 1735 годзе й існавала ажно да 1840 году[33]. Паэты гэтай літаратурнай хвалі арыентаваліся ў сваёй творчасьці на падобную літаратуру Шатляндыі і лічацца літаратуразнаўцамі пасьлядоўнікамі шатляндзкай літаратурнай традыцыі. Сярод паэтаў-«ткачоў» адзначаюцца, у прыватнасьці, Дж. Кэмпбэл, Дж. Ор, Т. Бэгс, Д. Гербісан, Г. Портэр, Э. МакКензі.

Ольстэрска-шатляндзкія дыялекты таксама выкарыстоўваліся ў нізцы празаічных твораў. Прыкладна ў сярэдзіне ХІХ ст. Кэйл’ярдзкая школа прозы стала адным з дамінуючых кірункаў у літаратуры, абагнаўшы па сваёй папулярнасьці вершаваныя творы. Гэтая традыцыя стала агульнай зь літаратурай Шатляндыі і працягвалася і ў пачатку ХХ ст.[32] Мясцовыя дыялекты таксама рэгулярна зьяўляліся ў пэрыядычных выданьнях Ольстэру (асабліва графстваў Антрым і Даўн) у выглядзе нататак на сацыяльную тэматыку ад першай асобы[31]. Пачынаючы з 1880-х гадоў на працягу блізу ста гадоў камічныя нататкі аўтара пад псэўданімам Бэб М’Кін (пад якім, верагодна, хаваліся чальцы сям’і Ўэйраў: Джон, Ўільям і Джэк) друкаваліся ў газэце «Ballymena Observer and County Antrim Advertiser»[34].

У ХХ ст. трохі зьменшылася распаўсюджаньне народнае паэзіі, але яна захоўвалася ў працах творчасьці такіх паэтаў як А. Лін, Дж. Стывэнсан, Дж. Кліфард[34]. Напрыканцы ХХ ст. пачало адзначацца пэўнае адраджэньне паэтычнага жанру, пры гэтым літаратурная традыцыя сучаснай шатляндзкай мовы стала разбаўляцца ідыялектамі (варыянт мовы, што выкарыстоўваецца адным чалавекам). Сярод сучасных або адносна нядаўніх паэтаў, што пішуць у канцы ХХ—нашыя часы вылучаюцца Дж. Фэнтан, М. Лонглі, Ф. Робінсан.

Вядзецца праца па перакладзе Бібліі на ольстэрска-шатляндзкую мову, якая ажыцьцяўляецца асобнай групай у Бэлфасьце. Ужо ў 2009 годзе выдавецтвам The Ullans Press было выдадзенае Эвангельле паводле Лукі.

Цяперашні час рэдагаваць

 
Прыклад трохмоўнай шыльды ў Паўночнай Ірляндыі (ангельская, ольстэрска-шатляндзкая, ірляндзкая), дзе ольстэрска-шатляндзкая — у апошнім шэрагу.

У 1992 годзе было ўтворана Таварыства олсьтэрска-шатляндзкай мовы, мэтай якога стала прасоўваньне й папулярызацыя мовы ў вуснай і пісьмовай камунікацыі, а таксама ва ўсіх галінах грамадзтва. Некаторыя зь сябраў арганізацыі разглядаюць ольстэрска-шатляндзкую як асобную мову.

Згодна з палажэньнямі, прынятымі Вялікабрытаніяй паводле Эўрапейскае Хартыі рэгіянальных моваў або моваў меншасьцяў (гл. вышэй) брытанскі ўрад абавязваецца, сярод іншага, садзейнічаць выкарыстаньню шатляндзкай у вуснай і пісьмовай камунікацыі, у грамадзкім і асабістым жыцьці; забясьпечваць формы й сродкі выкладаньня мовы, а таксама мажлівасьць вывучэньня гэтае мовы для асобаў, што жывуць у рэгіёнах, дзе размаўляюць на мове; садзейнічаць навуковаму дасьледаваньню мовы. Існуе Агенцтва па ольстэрска-шатляндзкай мове, створанае ў 1998 годзе паводле вынікаў Бэлфасцкага пагадненьня, якое ставіць на мэце садзейнічаньне выкарыстаньня мовы й падвышэньне цікавасьці да культуры як у Паўночнай Ірляндыі, так і па ўсім востраве Ірляндыя. У 2001 годзе быў створаны Інстытут дасьледаваньняў ольстэрска-шатляндзкай мовы пры Ольстэрскім унівэрсытэце. Падобныя мэты па адраджэньні мовы ставіць Акадэмія ольстэрска-шатляндзкай мовы, якая прыцягвае да сваёй працы таксама носьбітаў мовы.

Сучасная артаграфія рэдагаваць

Да пачатку ХХ ст. мясцовая літаратурная традыцыя амаль зьнікла, аднак некаторая частка дыялектнай літаратуры працягвала разьвівацца[34][35].

Сучасныя дзеячы ольстэрска-шатляндзкага адраджэньня маюць вызначаны адрыў ад шатляндзкай літаратурнай традыцыі, на думку ірляндзкамоўнага актывіста А. МакПоліна сучасныя артаграфічныя сыстэмы ольстэрска-шатляндзкай мовы ствараюцца з мэтаю стварэньня незалежнай пісьмовасьці, дасягненьня афіцыйнага статусу й як мага большых пісьмовых адрозьненьняў ад ангельскай і, часам, шатляндзкай[10]. Разам з гэтым, на думку МакПоліна сучасная пісьмовая ольстэрска-шатляндзкая мова ўвабрала ў сябе шмат пурызмаў і нэалягізмаў, ускладненага напісаньня некаторых словаў (напр., «хто» — qoho) і формаў, што кажуць пра няўстойлівасьць правапісу[10], што агулам адлюстроўвае не гістарычныя або сучасныя нормы маўленьня, а звычайную гаворку[10]. У выніку гэтага на думку МакПоліна літаратурная ольстэрска-шатляндзкая часта зьяўляецца незразумелай носьбітам мовы[10]. Як мяркуе доктар Дж. Кірк, сучасная літаратурная ольстэрска-шатляндзкая ёсьць «сумесьсю традыцыйных, захаваных, адроджаных, зьмененых і вынайдзеных рысаў», якія агулам уяўляюць сабою «штучны дыялект»; таксама на думку Кірка літаратурная ольстэрска-шатляндзкая не зьяўляецца пісьмовай формай традыцыйнага мясцовага дыялекту, а самі ягоныя носьбіты лічаць новую літаратурную мову даволі нелягічнай[36]. На думку Г. Фэлканэра грошы падаткаплацельшчыкаў сыходзяць «у чорную дзірку незразумелых перакладаў»[37]. Зь іншага боку нядаўна выдадзеныя навучальныя матэрыялы маюць, як правіла, больш пазытыўныя ацэнкі.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в Gregg R. J. The Scotch-Irish Dialect Boundaries in Ulster / Wakelin M. F. — London: Patterns in the Folk Speech of The British Isles, 1972.
  2. ^ а б в Leid The Ulster-Scots Language Society Праверана 12 сакавіка 2014 г.
  3. ^ а б Traynor, Michael. The English dialect of Donegal. — Dublin: Royal Irish Academy, 1953.
  4. ^ Nic Craith M. Plural Identities—singular Narratives. — Berghahn Books, 2002. — С. 107.
  5. ^ C. Macafee. Lowland Sources of Ulster Scots / J.M. Kirk & D.P. Ó Baoill. — Languages Links: The Languages of Scotland and Ireland. — Belfast: Cló Ollscoil na Banríona, 2001. — С. 121.
  6. ^ а б в J. Harris. Phonological Variation and Change: Studies in Hiberno English. — Cambridge: 1985.
  7. ^ J. Harris. English in the north of Ireland / P. Trudgill. — Language in the British Isles. — Cambridge: 1984. — С. 119.
  8. ^ а б Montgomery & Gregg 1997: 572
  9. ^ а б Montgomery & Gregg 1997: 585
  10. ^ а б в г д Aodan Mac Poilin . Language, Identity and Politics in Northern Ireland // BBC — Northern Ireland — Learning.
  11. ^ Nic Craith M. Plural Identities—singular Narratives. — Berghahn Books, 2002.
  12. ^ Fenton J. The Hamely Tongue: A Personal Record of Ulster-Scots in County Antrim. — Ulster-Scots Academic Press, 1995.
  13. ^ Hickey R. A Sound Atlas of Irish English. — Walter de Gruyter, 2004. — С. 156.
  14. ^ Winston A. Global Convulsions: Race, Ethnicity, and Nationalism at the End of the Twentieth Century. — SUNY Press, 1997. — С. 161.
  15. ^ Caroline I. Macafee. A Concise Ulster Dictionary. — Oxford: Oxford University Press, 1996.
  16. ^ NI Life and Times Survey — 1999: USPKULST (анг.) Northern Ireland Life and Times Survey Праверана 12 сакавіка 2014 г.
  17. ^ Frequently Asked Questions (анг.). The Department of Culture, Arts and Leisure. Праверана 12 сакавіка 2014 г.
  18. ^ Ulster Scots (анг.). Universität Duisburg-Essen. Праверана 12 сакавіка 2014 г.
  19. ^ Гл. адпаведныя зьвесткі на сайце статыстычнага й дасьледчага агенцтва Паўночнай Ірляндыі.
  20. ^ Conor Spackman. Ulster-Scots academy 'misguided' // BBC News. — 2008.
  21. ^ Public consultation on proposals for an Ulster-Scots Academy. Synopses & Statistical Analyses of Responses & EQIA (анг.). Department of Culture, Arts and Leisure. Праверана 13 сакавіка 2014 г.
  22. ^ Гл. напрыклад Raymond, Hickey History and Present Day Forms. — Cambridge University Press, 2007. — С. 85-120.
  23. ^ Гл. напрыклад C. Macafee (2001).
  24. ^ C.I. Macafee. A Concise Ulster Dictionary. — Oxford: Oxford University Press, 1996.
  25. ^ Cornelia Albert. The Peacebuilding Elements of the Belfast Agreement and the Transformation of the Northern Ireland Conflict / Peter Lang. — Political Science, 2009. — С. 395.
  26. ^ The North/South Co-operation (Implementation Bodies) (Northern Ireland) Order 1999. Schedule 1. Text of the agreement (анг.) legislation.gov.uk Праверана 13 сакавіка 2014 г.
  27. ^ List of declarations made with respect to treaty No. 148 (гл. частку, прысьвечаную Вялікабрытаніі, артыкул 2, частка 1) (анг.) Афіцыйная старонка Рады Эўропы. Рада Эўропы. Праверана 13 сакавіка 2014 г.
  28. ^ Гл. апісаньне на афіцыйнай старонцы арганізацыі.
  29. ^ Northern Ireland (St Andrews Agreement) Act 2006 (анг.). legislation.gov.uk. Праверана 13 сакавіка 2014 г.
  30. ^ Adams 1977: 57
  31. ^ а б Corbett, McClure. The Edinburgh Companion to Scots. — Edinburgh: Stuart-Smith, 2003. — ISBN 0-7486-1596-2
  32. ^ а б Robinson. The historical presence of Ulster-Scots in Ireland / Cronin, Ó Cuilleanáin. — The Languages of Ireland. — 2003. — ISBN 1-85182-698-X
  33. ^ Hewitt. Rhyming Weavers. — 1974.
  34. ^ а б в Ferguson. Ulster-Scots Writing. — Dublin: 2008. — ISBN 978-1-84682-074-8
  35. ^ Montgomery, Michael; Robert Gregg. The Scots language in Ulster / Jones. — 1997.
  36. ^ John. M. Kirk. The New Written Scots Dialect in Present–day Northern Ireland / Magnus Ljung. — Language Structure and Variation. — Almqvist & Wiksell, Stockholm, 2000. — С. 121-138.
  37. ^ Falconer, Gavin. Breaking Nature’s Social Union – The Autonomy of Scots in Ulster / John Kirk, Dónall Ó Baoill. — Legislation, Literature and Sociolinguistics: Northern Ireland, the Republic of Ireland, and Scotland. — Belfast: Queen’s University, 2005. — С. 48-59.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць