Нічыпар Бладыка
Нічыпар Міхайлавіч Бладыка (1889 — ?) — беларускі дзяржаўны дзеяч, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў вёсцы Рамашка Аршанскага павету Магілёўскай губэрні (цяпер — Аршанскі раён Віцебскай вобласьці) у заможнай сялянскай сям’і. У сям’і быў сярэднім. Скончыў пачатковую школу. У 1918 годзе ўступіў у Чырвоную армію, стаў чальцом ВКП (б). Пэўны час зьяўляўся агентам па рэквізіцыі хлеба і жывёлы ў «кулакоў». З 1922 году Бладыка быў камандзірам узводу частак асобага прызначэньня для падаўленьня антыбальшавісцкіх паўстаньняў.
Скончыў рабфак, пасьля чаго ў сярэдзіне 1920-х гадоў быў накіраваны на вучобу ў Ціміразеўскую сельскагаспадарчую акадэмію ў Маскве, якую скончыў у 1929 годзе. У 1933 годзе Бладыка скончыў асьпіратуру з прысваеньнем кваліфікацыі старэйшага навуковага супрацоўніка. Выкладаў у Камуністычным унівэрсытэце народаў Захаду.
З кастрычніка 1934 году зьяўляўся асьпірантам, а з 1935 году — сакратаром партыйнай арганізацыі Інстытуту эканомікі Беларускай акадэміі навук. 2 студзеня 1937 году па рэкамэндацыі І. З. Сурты Бладыка быў прызначаны на пасаду выконваючага абавязкі неадменнага сакратара Беларускай акадэміі навук і ўвайшоў у склад прэзыдыюму Акадэміі навук.
Вясной 1937 году Бладыку прапанавалі стаць рэктарам БДУ. 10 кастрычніка 1937 году на партыйным сходзе Беларускай акадэміі навук атрымаў строгую вымову за «страту бальшавіцкай пільнасьці». 19 сьнежня 1937 году загадам Народнага камісарыята асьветы БССР рэктара Бладыку зьнялі з работы «як ня справіўшагася з работай па выкарчоўваньні і ліквідацыяй наступстваў шкодніцтва». У лютым 1938 году Бладыка быў накіраваны ў Ніжня-Ноўгарадзкі сельскагаспадарчы інстытут.
У чэрвені 1938 году Бладыка быў арыштаваны. 5 жніўня 1938 году асуджаны да 8 гадоў папраўча-працоўных лягераў і высланы на Калыму. Быў вызвалены ў кастрычніку 1946 году. Далейшы лёс невядомы.
3 красавіка 1957 году быў рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР. Асабовая справа Бладыкі захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Папярэднік Аляксей Кучынскі |
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту 3 ліпеня 1937 — 19 сьнежня 1937 |
Наступнік Віктар Ветраў |
Літаратура
рэдагаваць- БЛАДЫКА Нічыпар Міхайлавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.