Новасібірскі завод хімканцэнтратаў
Каардынаты: 55°5′29″ пн. ш. 82°59′9″ у. д. / 55.09139° пн. ш. 82.98583° у. д.
Новасібірскі завод хімканцэнтратаў, Новасыбірскі завод хімканцэнтратаў (НЗХК) — дзяржаўнае прадпрыемства Расеі ў галіне вытворчасьці ядзернага паліва, заснаванае ў 1950 годзе ў Новасыбірску пад назвай «Дзяржаўны саюзны завод № 250».
Новасібірскі завод хімканцэнтратаў | |
Тып | публічнае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Адказнасьць, надзейнасьць, якасьць |
Заснаваная | 1950 |
Заснавальнікі | Савет міністраў СССР |
Разьмяшчэньне | Расея, Новасібірск, Калінінская акруга, вул. Б.Хмяльніцкага, д. 94 |
Ключавыя фігуры | Міхаіл Зарубін, Сяргей Буймоў |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | ядзернае паліва, літ, уран і іх злучэньні, цэалітныя каталізатары |
Абарачэньне | ▲7,3 млрд рас.рублёў (2015 г.; $100,2 млн)[1] |
Чысты прыбытак | ▲1,393 млрд рас.руб. (2010 г.; $45,707 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 2650 (2010 г.) |
Матчына кампанія | «ЦВЭЛ» (Масква) |
Даччыныя кампаніі | ТАА «НЗХК-Інструмэнт», ЗАТ «УАТ НЗХК», ТАА «НЗХК-Энэргія» |
Вытворчасьць
рэдагавацьСпачатку парашок пераносяць з кантэйнэра ў печ, куды дадаюць плястыфікатар для спрасаваньня. Пасьля выпяканьня пры тэмпэратуры каля +2000 °C цягам 20 гадзінаў атрымліваюць 1200 таблетак з узбагачаным уранам. Энэргавартасьць таблеткі складае 400 кг вугалю або 3,5 барэлі нафты, якіх дастаткова для ацяпленьня асабняка цягам тыдня. У цэху на 1/4 вытворчай лініі робат складае 350 таблетак у цеплавыдзяляльны элемэнт (ЦВЭл) у выглядзе цырконавай трубкі. На 3/4 вытворчай лініі ЦВЭл праходзіць 11 замераў якасьці. Затым ЦВЭлы (312) складаюць у цеплавыдзяляльную зборку (ЦВЗ) ў выглядзе шасьціграннай паліўнай касэты вагой каля 700 кг. Партыя паліва складаецца са 163 ЦВЗ, якіх стае на год працы ядзернага рэактара. Пасьля году замяняюць 1/4 загружанага паліва (41 ЦВЗ)[2].
Вырабы
рэдагавацьНа 2018 год ПАТ «Новасыбірскі завод хімканцэнтратаў» вырабляла:
- цеплавыдзяляльныя зборкі (ЦВЗ) для вода-вадзяных ядзерных рэактараў, у тым ліку для дасьледчых і энэргетычных (ВВЭР) магутнасьцю 1000 і 1200 мэгават;
- мэталічны ўран і злучэньні ўрану — дыяксыду ўрану (UO2), закіс-вокіс урану (U3O8) і стопкі ўрану;
- мэталічны літ (98% каталітычны і 99,9% акумулятарны) і 5 соляў літу — гідрыд літу (LiH), кабальтат літу (LiCoO2), карбанат літу (Li2CO3), фасфат літу жалеза (LiFePO4) і хлярыд літу (LiCl)[3];
- ізатоп літ-7 і гіпахлярыт натру (NaOCl);
- 4 цэалітныя каталізатары — ІК-17-1 (93,2% крэмнязём, 4,3% аксыд алюміну), ІК-17-М (95% крэмнязём, 2% аксыд алюміну, 0,5% аксыд жалеза і 0,09% аксыд натру), ІК-30-БІМТ (95% крэмнязём, 2% аксыд алюміну, 0,5% аксыд жалеза і 0,05% аксыд натру) і КН-30 (90% крэмнязём, 1,4% аксыд алюміну, 0,35% аксыд жалеза і 0,1% аксыд натру)[4].
Назва | Лік ЦВЭл | Маса паліва (кг) | Цеплавая магутнасьць (мэгават) | Тэрмін службы (гадоў) | Рэактар | АЭС (краіна) |
---|---|---|---|---|---|---|
ЦВЗ-493[5] | 317 | 499 | 19,9 | 5 | ВВЭР-1000 | Новаваронеская (Расея) |
УЦВЗ | 311 | 489,8 | 18,4 | 5 | ВВЭР-1000 | Бушэрская (Іран), Куданкуламская (Індыя), Цяньваньская (Кітай) |
ЦВЗ-2М | 312 | 527 | 19,1 | 7 | ВВЭР-1000 | Балакоўская і Растоўская (Расея), Цяньваньская (Кітай) |
ЦВЗА | 312 | 499 | 18,4 | 5 | ВВЭР-1000 | Запароская, Ровенская, Хмяльніцкая (Украіна) і Паўднёваўкраінская, Казладуйская (Баўгарыя) |
ЦВЗ АЭС-2006 | 312 | 534,1 | 19,6 | 7 | ВВЭР-1200 | Новаваронеская № 2 (Расея) |
ЦВЗ-квадрат[6] | 264 | 527,5 | 20,1 | 6 | PWR | ЗША |
Для дасьледчых рэактараў выпускалі 4 віды ядзернага паліва.
Назва | Узбагачанасьць уранам-235 (%) | Маса ўрану-235 (грамаў) | Энэргаправоднай паверхні на стрыжань (см²/см³) | Урану-235 на стрыжань (грам/літар) | Рэактар (краіна) |
---|---|---|---|---|---|
ВВР-М5[7] | 90 | 66 | 6,56 | 122,6 | ВВР-М (Расея) |
ВВР-КН | 19,7 | 245 | 5,46 | 104,4 | ВВР-К (Казахстан) |
МДР | 90 | 377 | 3,07 | 85,9 | МДР-М1 (Расея) |
ІРТ-4М | 19,7 | 300 | 5,25 | 101,4 | ЛВР-15 і ВР-1Р (Чэхія), ВВР-СМ (Узбэкістан), ІРТ-1 (Лібія) |
Мінуўшчына
рэдагаваць25 верасьня 1948 году Савет міністраў СССР зацьвердзіў Пастанову аб будаўніцтве ў Новасыбірску (Расейская СФСР) ўранавага завода. У 1949 годзе на 240 гектарах пачалі ўзводзіць вытворчыя будынкі пад «Дзяржаўны саюзны завод № 250». У 1950 годзе пусьцілі досьледна-вытворчы цэх. У 1951 годзе вырабілі першыя цеплавыдзяляльныя зборкі (ЦВЗ) для савецкіх энэргетычных рэактараў. Да 1953 году запусьцілі 4 асноўныя цэхі для перапрацоўкі ўрану. Першапачатковая магутнасьць прадпрыемства складала 1000 уранавых блёкаў за год. У 1958 годзе ў цэху № 6 пусьцілі вытворчасьць літу і яго соляў, якія сталі пастаўляць за мяжу[8].
За 1960—1968 гады доля хібных цеплавыдзяляльных элемэнтаў (ЦВЭл), выяўленых падчас выкарыстаньня ў рэактарах, скарацілася з 5,2% да 0,07%. Да 1968 году вытворчасьць вырасла ў 7,5 разу, а кошт перапрацоўкі ўпаў у 13,8 разу. У 1970-я гады асвоілі выраб ЦВЭлаў у выглядзе тонкасьценных 3-слаёвых трубак на аснове мэталакерамічнага ядзернага паліва для патрэбаў дасьледчых рэактараў. Зьнешні слой такога ЦВЭл складаўся з алюмінавага стопку. У 1980 годзе ўпершыню выпусьцілі ЦВЗ для вода-вадзяных энэргетычных рэактараў магутнасьцю 1000 мэгават (ВВЭР-1000). У 1992 годзе прадпрыемства пераўтварылі ў акцыянэрнае таварыства. У 1996 годзе прадпрыемства падпарадкавалі «ЦВЭЛ» (Масква). У 1997 годзе сталі вырабляць ЦВЗ для ВВЭР-440 і пераўтварылі прадпрыемства ў ААТ «Новасыбірскі завод хімканцэнтратаў». У 2000 годзе здалі вытворчасьць паліўных таблетак для ЦВЗ ВВЭР. У 2003 годзе асвоілі выраб парашкоў дыяксыду ўрану па амоній-дыюратнай схеме. У 2005 годзе сталі вырабляць ЦВЗА зь цьвёрдым каркасам, што павялічыла тэрмін службы да 5 гадоў[8].
У 2006 годзе запусьцілі вытворчасьць цэалітных каталізатараў, якія выкарыстоўваюць для фракцыянаваньня вуглевадародаў у газа- і нафтаперапрацоўцы. З 2011 году пачалі вырабляць урана-алюмінавыя пруткі, якія выкарыстоўваюць для атрыманьня лекавых радыёізатопаў[9]. У 2014 годзе ўпершыню выпусьцілі «ЦВЗ-Квадрат» для рэактараў у Заходняй Эўропе. «НЗХК» заняў каля 75% сусьветнага рынку ізатопа літ-7 чысьцінёй 99,99% у сувязі з 3-гадовай дамовай на пастаўку ў Кітай[8].
У 2018 годзе «Новасыбірскі завод хімканцэнтратаў» пачаў выраб цеплавыдзяляльных зборак (ЦВЗ) для «Беларускай АЭС» (Астравец), паводле дамовы з «ЦВЭЛ» (Масква) ад 28 сьнежня 2017 году[2].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Аляксандар Міхайлаў (1950—1951)
- Анатоль Калістаў(ru) (1951—1956)
- Павал Уласаў(ru) (1956—1975)
- Эрык Сьвечнікаў (1975—1988)
- Віктар Кірындас (1988—1992)
- Аляксандар Беласохаў (1992—1996)
- Уладзімер Афанасьеў (1996—2002)
- Юры Забелін (2002—2005)
- Уладзімер Разін (2005—2009)
- Уладзімер Ражкоў (2009—2012)
- Канстанцін Вяргазаў (лістапад 2012 — жнівень 2014)
- Юры Гернер (жнівень 2014 — ліпень 2016)
- Міхаіл Зарубін (зь ліпеня 2016 году)
Галерэя
рэдагаваць-
Адбор уранавых таблетак, вырабленых з дыяксыду ўрану (2006 г.)
-
Праверка і адбор цеплавыдзяляльных элемэнтаў (2007 г.)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Сярэднеўзважаны курс валют за 2015 год: даляр ЗША (72,8827 рас.руб на канец году) (рас.) // Аўдытарская фірма «Аўдзееў і Ка», 2016 г. Праверана 14 кастрычніка 2018 г.
- ^ а б Андрэй Воўкаў, тэлеканал «Беларусь 1». Як у Новасыбірску вырабляецца паліва для БелАЭС // Белтэлерадыёкампанія, 23 верасьня 2018 г. Праверана 14 кастрычніка 2018 г.
- ^ Солі літу (анг.) // ПАТ «Новасыбірскі завод хімканцэнтратаў», 2018 г. Праверана 14 кастрычніка 2018 г.
- ^ Цэалітныя каталізатары (анг.) // ПАТ «Новасыбірскі завод хімканцэнтратаў», 2018 г. Праверана 14 кастрычніка 2018 г.
- ^ Цеплавыдзяляльныя зборкі для ВВЭР (анг.) // ПАТ «Новасыбірскі завод хімканцэнтратаў», 2018 г. Праверана 14 кастрычніка 2018 г.
- ^ Цеплавыдзяляльныя зборкі для PWR (анг.) // ПАТ «Новасыбірскі завод хімканцэнтратаў», 2018 г. Праверана 14 кастрычніка 2018 г.
- ^ Цеплавыдзяляльныя зборкі для дасьледчых рэактараў (анг.) // ПАТ «Новасыбірскі завод хімканцэнтратаў», 2018 г. Праверана 14 кастрычніка 2018 г.
- ^ а б в Новасыбірскі хімічны завод (рас.) // АТ «ЦВЭЛ», 2018 г. Праверана 14 кастрычніка 2018 г.
- ^ Гісторыя «НЗХК» (анг.) // ПАТ «Новасыбірскі завод хімканцэнтратаў», 2018 г. Праверана 14 кастрычніка 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьНовасібірскі завод хімканцэнтратаў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Зваротная сувязь (анг.) // ПАТ «Новасыбірскі завод хімканцэнтратаў», 2018 г. Праверана 14 кастрычніка 2018 г.
- ТАА «НЗХК-Інструмэнт» (рас.)
- ЗАТ «УАТ НЗХК» (рас.)
- ТАА «НЗХК-Энэргія» (рас.)
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |