Ноа Лайлз

бягун ЗША

Но́а Ла́йлз (па-ангельску: Noah Lyles; 18 ліпеня 1997 году) — лёгкаатлет ЗША, які спэцыялізуецца на спрынтэрскім бегу на 60, 100 і 200 мэтраў. Ягоны асабісты рэкорд складае 19,31 сэкундаў на дыстанцыі 200 мэтраў, што таксама ёсьць рэкордам ЗША на гэтай дыстанцыі. Алімпійскі чэмпіён і шматразовы чэмпіён сьвету. Ягоныя бацькі таксама займаліся лёгкай атлетыкай[2][3][4].

Ноа Лайлз
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся18 ліпеня 1997(1997-07-18)[1] (27 гадоў)
Грамадзянства
Прафэсійная інфармацыя
Спэцыялізацыялёгкаатлет, віцэ-прэзыдэнт

Кар’ера

рэдагаваць

Лайлз прадстаўляў ЗША на юнацкіх Алімпійскіх гульнях 2014 году, дзе здабыў залаты мэдаль на дыстанцыі 200 мэтраў[5][6]. У чэрвені 2016 году спартовец выйграў забег на дыстанцыі 100 мэтраў на чэмпіянаце ЗША сярод юніёраў, затраціўшы 10,08 сэкундаў, каб фінішаваць[7]. У ліпені 2016 году Лайлз браў удзел у алімпійскім адборы ЗША, каб змагацца за месцы ў зборнай на дыстанцыях 100 і 200 мэтраў. Бягун ня даў рады зь кароткай дыстанцыяш, але ў забегу на 200 мэтраў ён выйграў свой паўфінал, а затым заняў чацьвертае месца ў фінале з часам 20,09 сэкундаў[8][9]. Тым ня менш, атлет ня здолеў адабрацца ў каманду.

Прафэсійны пачатак

рэдагаваць
 
Лайз на спаборніцтвах у ЗША ў 2018 годзе.

Лайлз абавязаўся выступаць за каманду «Флорыда Гатарз» Флорыдзкага ўнівэрсытэту, але ў ліпені 2016 году Ноа і ягоны малодшы брат Джозэфус склалі прафэсійныя кантракты з Адыдасам[10]. У лістападзе 2016 году Лайлз зноў быў названы спартоўцам году сярод юнакоў паводле вэрсіі часопісу Track & Field News.

Бягун пачаў 2017 год з свайго першага тытулу нацыянальнага чэмпіёну сярод мужчынаў на дыстанцыі 300 мэтраў на чэмпіянаце ЗША ў памяшканьні 2017 году, які ладзіўся ў Албукерке, палепшыўшы сусьветны рэкорд у бегу ў памяшканьні на адну сотую сэкунды да 31,87[11]. Ён таксама атрымаў срэбраны мэдаль у эстафэце 4×200 мэтраў у складзе зборнай ЗША на сусьветных эстафэтах 2017 году. Лайлз таксама перамог у двух забегах Дыямэнтавай лігі, адужыўшы чэмпіёна ЗША Аміра Ўэба і чэмпіёна сьвету Раміля Гуліева. Аднак пашкоджаньні вымусілі спартоўца прапусьціць частку сэзону, у тым ліку чэмпіянат сьвету 2017 году.

Посьпехі

рэдагаваць

Лайлз вярнуўся на чэмпіянат ЗША ў памяшканьні 2018 году, але там браў удзел у бегу на 60 мэтраў замест 300 мэтраў. У свой забег спартовец паказаў свой найлепшы асабісты рэкордны час у 6,57 сэкундаў, але ня здолеў адабрацца ў паўфінал. Пасьля спартовец засяродзіўся на бегу на дыстанцыі 200 мэтраў, здабыўшы перамогі ў гэтай дысцыпліне на этапах Дыямэнтавай лігі ў Досе і Юджыне. На чэмпіянаце ЗША ў 2018 годзе ён засяродзіўся на дыстанцыі 100 мэтраў. Ягоны галоўны супернік Майк Роджэрз быў вымушаны зьняцца з турніру, таму Лайлзу выпала пазмагацца апроч іншых з Роні Бэйкерам. У фінале Бэйкер здабыў перавагу ў некалькі мэтраў над Лайлзам, але Лайлз скараціў адрыў у сярэдзіне забегу і абышоў Бэйкера на апошнім мэтры, здабыўшы, такім чынам, перамогу за 9,88 сэкундаў. Што стала асабістым рэкордам спартоўца[12][13]. Бягун стаў наймаладзейшым чэмпіёнам ЗША на дыстанцыі 100 мэтраў з часоў перамогі Сэма Грэйдзі ў 1984 годзе[14]. Пазьней у тым жа годзе амэрыканец усталяваў найлепшы час сэзону ў забегу на 200 мэтраў на этапе Дыямэнтавай лігі ў Манака. У фінале лігі ў Цюрыху Лайлз пазмагаўся з Гуліевым, які да таго стаў быў чэмпіёнам Эўропы. Амэрыканец здолеў перамагчы ў фінальным забегу і стаць чэмпіёнам лігі, паказаўшы вынік у 19,67 сэкундаў.

 
Скрайні справа падчас забегу ў Досе.

У 2019 годзе Лайлз запачаткаваў сэзон 18 траўня забегам у Шанхаі на 100 мэтраў, адолеўшы дыстанцыю за 9,86 сэкундаў. У сваім першым забегу на 200 мэтраў на этапе Дыямэнтавай лігі ў Рыме ён паўтарыў час сусьветнага рэкорду П’етра Мэнэа, які той усталяваў у 1979 годзе. Празь месяц ў Лязане ён палепшыў свой асабісты рэкорд да 19,50 сэкундаў[15]. Ужо праз тыдзень Лайлз праджгаў у Манака дыстанцыю 100 мэтраў за 9,92 сэкундаў. Атлет браў удзел у чэмпіянаце ЗША ў канцы ліпеня, дзе здабыў тытул чэмпіёна на дыстанцыі 200 мэтраў, на што спартоўцу спатрэбілася 19,78 сэкундаў пры бегу з сустрэчным ветрам. Таксама амэрыканец заваяваў залатыя мэдалі ў бегу на 200 м і ў эстафэце 4×100 м на чэмпіянаце сьвету 2019 году, які ладзіўся ў Досе[16].

 
Ноа Лайз у 2022 годзе.

21 ліпеня 2022 году падчас чэмпіянату сьвету ў Юджыне Лайлз другі раз стаў чэмпіёнам сьвету на дыстанцыі 200 мэтраў і перасягнуў шматгадовы нацыянальны рэкорд Майкла Джонсана ў 19,32 сэкундаў, палепшыўшы час да 19,31 сэкундаў[17]. Ён завяршыў свой выдатны сэзон у фінале Дыямэнтавай лігі перамогай на дыстанцыі 200 мэтраў, забясьпечыўшы свой чацьверты трафэй лігі. 20 жніўня 2023 году на чэмпіянаце сьвету, які адбыўся ў Будапэшце, лёгкаатлет здабыў золата на дыстанцыі 100 мэтраў і ўсталяваў новы асабісты рэкорд у фінальных забегу, які цяпер стаў 9,83 сэкундаў. 25 жніўня 2023 году Лайлз атрымаў залаты мэдаль на чэмпіянаце сьвету 2023 году, адолеўшы дыстанцыю ў 200 мэтраў за 19,52 сэкундаў[18]. Гэта быў ягоны трэці залаты мэдаль на дыстанцыі 200 мэтраў і пяты ў агульным заліку чэмпіянатаў сьвету.

Далейшая кар’ера

рэдагаваць

20 ліпеня 2024 году Лайлз усталяваў новы асабісты рэкорд на дыстанцыі 100 мэтраў. Гэтак ён прабег дыстанцыю за 9,81 сэкундаў на этапе Дыямэнтавай лігі ў Лёндане[19]. Пасьля спартовец здабыў свой першы залаты мэдаль на дыстанцыі 100 мэтраў на летніх Алімпійскіх гульнях 2024 году з новым асабістым рэкордам у 9,784 сэкундаў, апярэдзіўшы ямайкца Кішэйна Томпсана на 0,005 сэкундаў. Гэтым атлет забясьпечыў першую перамогу ЗША на памянёнай дыстанцыі на Алімпіядах ажно з 2004 году[20]. У наступныя дні гульняў Лайлз быў трэцім на дыстанцыі ў 200 мэтраў, саступіўшы Лэтсыле Тэбогу і Кенэту Бэднарку. Пасьля забегу ён паваліўся на зямлю і быў вывезены з арэны на інваліднам вазку. Пазьней стала вядома, што спартовец выйшаў на забег з каранавірусам, што паўплывала на ягоныя вынікі[21]. Амэрыканец быў вымушаны адмовіцца ад удзелу ў эстафэтных этапах на 4x100 і 4x400 мэтраў[22].

  1. ^ а б Noah Lyles // World Athletics database
  2. ^ «Noah LYLES». Inside Athletics. Season 4. Episode 11. IAAF.
  3. ^ «Traditions — Seton Hall Athletics». Seton Hall Pirates.
  4. ^ «All About Noah Lyles’ Parents, Keisha Caine Bishop and Kevin Lyles». Peoplemag.
  5. ^ «Athletics Results Book». 2014 Summer Youth Olympics.
  6. ^ «U.S. wins two Youth Olympic track and field gold medals». NBC Sports.
  7. ^ «Kate Murphy, Noah Lyles lead local contingent into Olympic track trials». The Washington Post.
  8. ^ «Three high-schoolers make waves at track trials». ESPN.
  9. ^ «Noah Lyles Breaks High School National Record at Olympic Trials». FloTrack.
  10. ^ «Teenage track stars Noah, Josephus Lyles turn pro, sign with Adidas». The Washington Post.
  11. ^ «Gwen Berry, Noah Lyles big winners at U.S. Indoor Championships». ESPN.
  12. ^ «Noah Lyles wins men’s 100-meter dash with the world’s fastest time this year». The Des Moines Register.
  13. ^ «Noah Lyles, Aleia Hobbs claim 100 titles at US outdoors». Associated Press.
  14. ^ «Lyles clocks 9.88 world lead to take US 100m title». IAAF.
  15. ^ «Noah Lyles runs 19.50 in 200 meters, 4th best time ever». The Washington Times.
  16. ^ «World Athletics Championships: Noah Lyles wins 200m gold with Adam Gemili fourth». BBC Sport
  17. ^ «Noah Lyles surpasses Michael Johnson». NBC Sports.
  18. ^ «World Athletics Championships 2023: Noah Lyles completes sprint double at track worlds, retains 200m title; Erriyon Knighton second». Olympics.
  19. ^ «Noah Lyles wins 100m in personal best in last Diamond League before Paris Olympics». NBC Sports.
  20. ^ «Noah Lyles wins Olympic men’s 100m gold in photo finish; Kishane Thompson takes silver ahead of Fred Kerley — all results». Olympics.
  21. ^ «'I do have Covid': Noah Lyles reveals positive test after taking 200m bronze». The Guardian.
  22. ^ «Noah Lyles: Paris 2024 Olympics sprint double bid wrecked by Covid-19». BBC Sport.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць