«Незалежная Беларусь» — грамадзка-палітычная і літаратурная газэта, якая выходзіла з 3 верасьня 1919 году[1] ў Вільні пад рэдакцыяй спачатку Аляксандра Карабача, а пасьля Кастуся Мядзёлкі. Публікавала весткі з фронту, змагалася за беларускую адукацыю, інфармавала пра дзейнасьць беларускіх арганізацыяў у Адэсе, працу створанай вясной 1919 году ў Горадні Грамады беларускай моладзі, паведамляла пра стварэньне Беларускай вайсковай камісіі на чале з Паўлам Алексюком, фармаваньне ў Слоніме аддзелаў беларускага войска пад камандаваньнем палкоўніка Гасана Канапацкага. Зьмяшчала на сваіх старонках мэмарыял Беларускай цэнтральнай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны, адозвы і рэзалюцыі Беларускай вайсковай камісіі, інфармацыю пра спыненьне дзейнасьці Беларускай гімназіі ў Будславе, жыцьцё беларусаў у Латвіі. Друкавала некаторыя літаратурныя творы Селяніна і Зьмітрака Бядулі, карэспандэнцыю пра дзейнасьць беларускага тэатру ў Горадні.