Наваградзкая чыгунка

Навагрудская чыгунка — вузкакалейная 600-міліметровая чыгунка з Наваельні да Любчы, якая існавала з 1916 па 1965 год. Працягласць — 70 кіламетраў.

Чыгуначны вакзал у Навагрудку (1920-я гады)

Гісторыя навагрудскай чыгункі

рэдагаваць

Вузкакалейную чыгунку праз Наваградак пабудавалі падчас Першай сусветнай вайны. Яна была патрэбна нямецкім войскам для забеспячэння фронта які пралягаў побач з мястэчкам Любча. Па чыгунцы дастаўлялі баепрыпасы. Чыгунку праклалі за год. Да будаўніцтва прыцягваліся сяляне з бліжэйшых вёсак.

Чыгунка была адгалінаваннем ад чыгуначнага вузла Наваельня. Асобнае адгалінаванне было на станцыі Скрыдлева да Навагрудка[1].

Пасля Першай сусветнай вайны чыгунку пачалі выкарыстоўваць у гаспадарчых і грамадскіх мэтах. У часы Польскай Рэспублікі належала PKP. Пасля далучэння тэрыторыі Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе, вузкакалейка ўваходзіла ў склад Брэст-Літоўскай чыгункі. У 1947 годзе, яна ўвайшла ў склад Беларускай чыгункі. У 1950-х гадах каляіну перашылі з 600 на 750 мм. У навагрудскім чыгуначным парку налічвалася пяць лакаматываў. У 1965 годзе чыгунку закрылі, а каляіну разабралі.

 
Будынак навагрудскага аўтавакзала. Злева будынак былой чыгуначнай станцыі
 
Схема навагрудскай вузкакалейкі 1948 год

Чыгуначны вакзал

рэдагаваць

Будынак чыгуначнага вакзала пабудавалі ў 1925 годзе[2]. Гэта быў цагляны двухпавярховы будынак. Каляіна пралягала, прыклада, па сучаснай вуліцы Міцкевіча. Пасля закрыцця чыгункі ў 1965 годзе, пасажырскі рух замянілі на аўтобусны. Чыгуначную станцыю перапрафілявалі ў аўтастанцыю. Пазней дабудавалі новую частку навагрудскага аўтавакзала.

За гарадскім рынкам захаваўся будынак чыгуначнага дэпо. Падчас працы чыгункі, там рамантавалі вагоны.

Не адзіная вузкакалейка ў раёне

рэдагаваць

Акрамя лініі Наваельня — Любча, немцы праклалі яшчэ дзве каляіны ў бок ракі Сервеч. Першая пралягала з Навагрудка праз вёскі Рутка, Ваўковічы, Паланая да Агароднікаў. Другая — ад вёскі Зарой, каля Янавіч, Катлова да Ваўкоў[3].

Помнікі прысвечаныя навагрудскай вузкакалейцы

рэдагаваць

У 2018 годзе ў вёсцы Зарой усталявалі мемарыяльны знак у памяць пра чыгунку, якая пралягала побач з вёскай. Помнік талакой стварылі мясцовыя жыхары. Усталёўку помніка мясцовыя жыхары не ўзгаднілі з райвыканкамам[4].

 
Помнік «Паравоз» у Навагрудку

У траўні 2023 года ў вёсцы Рабкі ўсталявалі прасторава-дэкаратыўную кампазіцыю «Паравоз», які быў прысвечаны вузкакалейцы. Помнік з’явіўся ў межах краязнаўчага праекта Круцілаўскай сярэдняй школы «Дарога з мінулага»[5].

У верасні 2023 года каля аўтавакзала ў Навагрудку ўсталявалі помнік «Паравоз». Адкрыццё прымеркавалі да Дня народнага адзінства[6].