Міхась Скрыпка
Міха́сь Алякса́ндравіч Скры́пка (26 лістапада 1907, в. Месьціна, Ігуменскі павет, Менская губэрня — 8 кастрычніка 1991) — беларускі пісьменьнік-сатырык.
Міхась Скрыпка | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 26 лістапада 1907 |
Памёр | 8 кастрычніка 1991 (83 гады) |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | перакладнік, пісьменьнік |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Скрыпка (неадназначнасьць).
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 26 лістапада 1907 году ў в. Месьціна Ігуменскага павету Менскай губэрні ў сялянскай сям’і. У 1930 годзе скончыў Рагачоўскі пэдагагічны тэхнікум.
Працаваў настаўнікам у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласьці. У 1940 годзе скончыў завочна літаратурны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту. Падчас нямецка-савецкай вайны быў у партызанах, у 1944—1945 гадох — у Чырвонай Арміі.
Пасьля вайны працаваў настаўнікам у школах Магілеўшчыны і Меншчыны, у тым ліку ў Талькаўскай сярэдняй школе (1952—1954), Турынскай сярэдняй школе[1]. У 1965—1971 гадох працаваў намесьнікам дырэктара бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюзу пісьменьнікаў БССР.
Памёр 8 кастрычніка 1991 году.
Творчасьць
рэдагавацьДэбютаваў у друку ў 1927 годзе. Аўтар зборнікаў баек, вершаў, мініяцюр «Сатыра і гумар» (1958), «Сатырычны калаўрот» (1967), «Ад смеху не ўцячэш» (1975), зборнікаў аповесьцяў, апавяданьняў і гумарэсак «Мая хата не з краю» (1959), «Пад корань» (1962), «Усяк бывае…» (1963), «Шануючы вас» (1982), кніжак антырэлігійных нарысаў «Сьцеражыся цемрашалаў!» (1964), «Дзіва ў кошыку» (1983), «Злазьце — прыехалі!» (1985), «З сэрцам і перцам» (1987), кніжкі апавяданьняў для дзяцей «Дзіва ў рэшаце» (1963) і вершаванага зборніку «Пад сьмешнай вясёлкай» (1971). Выйшла кніга выбраных твораў «І з перцам і з сэрцам» (1977).
Выступаў як драматург. Аўтар сцэнару кароткамэтражнай тэлекамэдыі «Акадэмік» (пастаўлена ў 1963). Аўтар звыш трыццаці аднаактавых п’есаў, камэдый для мастацкай самадзейнасьці «Дадому» (1958), «Тэлеграма» (1959), «Землякі» (1962), «Чорт дапамог» (1963), «Навагодняя сустрэча» (1963), «Небясьпечны госьць» (1964), «На сваю галаву» (1966) і іншых.
Перакладаў з расейскай і ўкраінскай моваў. Пераклаў асобныя вершы А. Твардоўскага, С. Маршака, С. Міхалкова, А. Барто, С. Алейніка, А. Вішні, П. Глазавога і іншых.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Міхась Скрыпка ў Турыне(недаступная спасылка)
Літаратура
рэдагаваць- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
- Скрыпка Міхась // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.