Міхал Аскерка
Міхал Аске́рка (1836, Менск — 10 траўня 1864, Магілёў) — беларускі шляхціч, лекар, удзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў. Быў паўстанцкім камісарам на абшарах Менскай і Магілёўскай губэрняў.
Біяграфія
рэдагавацьНалежаў да старажытнага каталіцкага шляхецкага роду Аскеркаў. Нарадзіўся ў сям’і двараніна Андрэя Аскеркі і Марыі Горват. Скончыў Слуцкую гімназію, мэдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту (1860)[1]. Працаваў лекарам у Магілёве, у тым ліку выконваў абавязкі хатняга лекара ў багатых землеўласьнікаў.
З 1862 году пакінуў дзяржаўную службу і працаваў хатнім лекарам у Сеньненскім і Ашмянскім паветах, удзельнічаў у стварэньні паўстанцкіх арганізацыяў на тэрыторыі Магілёўскай губэрні. Належаў да партыі «чырвоных», трымаў сувязь зь віленскімі паўстанцамі, з Кастусём Каліноўскім. Як камісар паўстанцаў на абшарах Магілёўскай губэрні разам зь Людвікам Зьвяждоўскім узначаліў там узброенае паўстаньне. Паўстаньне на Магілёўшчыне пачалося 5 траўня 1863 году, але хутка пацярпела паразу. З пачатку траўня змагаецца на абшарах Менскай губэрні (Менск і Ігуменскі павет). У жніўні пераняў ад Баляслава Сьвентаржэцкага функцыі паўнамоцнага паўстанцкага камісара Менскай губэрні. Пабываў у шматлікіх паўстанцкіх аддзелах, падымаў баявы дух, дапамагаў зброяй, замежнымі пашпартамі. Арганізаваў выезд за мяжу некалькіх паўстанцаў. Па заданьні Кастуся Каліноўскага ў кастрычніку 1863 разам з І. Ямантам арганізаваў паўстанцкую адміністрацыю Менскай губэрні. Ратуючыся ад рэпрэсіяў, выяжджае ў Санкт-Пецярбург. 21 кастрычніка на станцыі Астроўская[a] быў арыштаваны з падробленым пашпартам. У час допытаў ў Санкт-Пецярбургу і Магілёве адмаўляўся даваць паказаньні. Але яго паплечнікі, якім сказалі, што ён памёр, раскрылі ролю Міхала Аскеркі ў паўстаньні. 22 красавіка 1864 году віленскі генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў падпісаў сьмяротны вырак.
Ён быў расстраляны 10 траўня 1864 году ў Магілёве, нягледзячы на тое, што родныя і сябры здолелі атрымаць ад Мураўёва дакумэнты пра зьмякчэньне прысуду. Але паведамленьне пра скасаваньне сьмяротнага пакараньня было накіравана ў Магілёў у вечар пасьля экзэкуцыі.
Дадзеная калізія апісана Ўладзімерам Караткевічам у рамане «Нельга забыць» («Леаніды ня вернуцца на зямлю»).
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Кісялёў Г. В. Аскерка Міхал Андрэевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 — с.216—217
Заўвагі
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- J.S. (Obiezlerska J.) Ostatnie chwile Michała Oskierki. // Goniec Wilenski. — 1908. — №1,3,4
- Кісялёў Г. В. Аскерка Міхал Андрэевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 — с. 216—217
- Rok 1863. Wyroki śmierci. Wydane pod redakcją Wacława Studnickiego nakładem i drukiem Ludwika Chomińskiego w Wilnie. Księgarnia Stow. Nauczycielstwa Polskiego. Tow. Wyd. «Ignis», Warszawa, вэрсія алічбаваная ў Інтэрнэце, s. 81 электронная вэрсія.
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.