Мікола Канстанцінавіч Зэраў (па-ўкраінску: Зеров Микола Костянтинович; 26 красавіка 18903 лістапада 1937) — украінскі літаратуразнавец, паэт, майстра санэтаў, лідэр групы «нэаклясыкаў», перакладчык на ўкраінскую і рускую мовы.

Мікола Зэраў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 14 (26) красавіка 1890
Памёр 3 лістапада 1937(1937-11-03)[1] (47 гадоў)
Пахаваны
Сужэнец Sofia Zerova[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладнік, клясычны філёляг, прафэсар унівэрсытэту, літаратуразнаўца, пісьменьнік
Гады творчасьці з 1912
Мова украінская мова, лацінская мова і старажытнагрэцкая мова

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў Зенькаве (цяпер Палтаўская вобласьць) у шматдзетнай сям’і настаўніка мясцовай двухгадовай школы. Малодшы брат Міколы — Міхаіл — стаў паэтам і перакладчыкам, вядомым пад літаратурным псэўданімам Міхайла Орэст.

Пасьля заканчэньня школы навучаўся ў Ахтырскай і Першай Кіеўскай гімназіях (1903—1908). У 1908—1914 гг. — студэнт гістарычна-філялягічнага факультэта Кіеўскага унівэрсытэта Сьвятога Уладзімера.

У 1912 годзе ў часопісе «Світло» і газэце «Рада» былі надрукаваныя першыя артыкулы і рэцэнзіі Зэрава. З 1914 г. ён працуе выкладчыкам гісторыі Златапольскай мужчынскай, а з кастрычніка 1916 г. — жаночай гімназіі. З 1917 году працуе выкладчыкам у Другой Кіеўскай гімназіі імя Кірыла-Мефодзіеўскага брацтва. У 1918—1920 гадах выкладае ўкраіназнаўства ў Архітэктурным інстытуце, працуе рэдактарам бібліяграфічнага часопіса «Книгарь» (да пачатку 1920 году). З восені 1923 году — прафэсар Кіеўскага інстытуту народнай адукацыі. Менавіта ў гэты час Зэраў увайшоў у элітны гурток дзеячаў украінскай культуры, які сфармаваўся вакол Георгія Нарбута. На зборах гуртка абмяркоўваліся пытаньні разьвіцьця ўкраінскай літаратуры, мастацтва, графікі. У 1920 годзе ажаніўся з Сафіяй Лабадой (якая пасьля сьмерці Зэрава выйшла замуж за іх агульнага сябра — пісьменьніка У. П. Пятрова).

У 1920—1923 гг. працуе ў Барышэўскай сацыяльна-эканамічнай школе. Менавіта там напісаныя вершы яго зборніка «Каліна» (1924), зробленыя на замову многія пераклады і створаны шэраг санэтаў, сатыр і апавяданьняў.

У 1923 годзе гучна заявіла пра сябе група «нэаклясыкаў», якія ладзяць літаратурныя вечары. Наступны час у жыцьці Зэрава — гэта час бурных літаратурных дыскусій, самая значная сярод якіх — дыскусія, што пачалася з артыкула Г. Якавенкі «Пра крытыкаў і крытыку ў літаратуры» («Культура і побут», 1925, 20 красавіка) і адказу на яе М. Хвылявога і доўжылася да 1928 году. Зэраў-крытык стаў на бок Хвылявога, які патрабаваў асэнсаваньня і засваеньня скарбаў украінскай нацыянальнай традыцыі і перанясеньня на ўкраінскую глебу найлепшых твораў эўрапейскай клясыкі і сучаснай літаратуры, што павысіла б «планку мастацкасьці» і ўсталявала б атмасфэру здаровай літаратурнай канкурэнцыі, а не кан’юнктурнага пратэкцыянізму. Гэты выклікала гарачыя спрэчкі.

У 1927 годзе ЦК КП(б)У даў указаньні па палітычнай ацэнцы «нэаклясыкаў», што фактычна абазначала забарону літаратурнай і крытычнай дзейнасьці Зэрава. Адзінае, чым мог займацца пісьменьнік — гэта гістарычна-літаратурныя дасьледваньні. У 1930 годзе Зэраў вымушаны выступіць «сьведкам» на працэсе «Саюза вызваленьня Украіны», у 1933 годзе пачалі патрабаваць публічнага самавыкрыцьця, у 1934 годзе пісьменьніка звольнілі з унівэрсытэту, а 28 красавіка 1935 году ён быў арыштаваны пад Масквой на станцыі Пушкіна. 1-4 лютага 1936 году Вайсковы трыбунал Кіеўскай вайсковай акругі разгледзеў справу Зэрава і асудзіў яго на 10 гадоў, але ўжо 9 кастрычніка 1937 справа была перагледжаная, і Зэрава прысудзілі да расстрэлу. Расстраляны на ст. Мядзьведжая Гара (Сандармох) Карэла-Фінскай АССР (цяпер Мядзьвеж’ягорскі раён, Карэлія, Расея)[2][3][4].

Беларускія пераклады

рэдагаваць

Акрамя Алега Мінкіна (гл. ніжэй), асобныя вершы Зэрава пераклалі Ўладзімер Караткевіч[5] і Аляксей Арцёмаў[6].

  • Выбраная паэзія / пераклад Алега Мінкіна. Мн.: Зміцер Колас, 2019 («Паэты планеты»). ISBN 978-985-23-0029-2.
  1. ^ Mykola Serow // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  2. ^ Возвращенные имена. Книги памяти России  (рас.)
  3. ^ Остання адреса: Розстріли соловецьких в'язнів з України у 1937–1938 роках: В 2 т. — 2-е вид., доопрац. і доп. — Київ: Сфера, 2003.  (укр.)
  4. ^ Сергій Шевченко. Микола Зеров: неокласика політичних репресій // Кримська світлиця. — 2014. — № 39. — 26 вересня.  (укр.)
  5. ^ Уладзімір Караткевіч. Галасы сяброў...
  6. ^ Пад Новы год (Під Новий рік)

Літаратура

рэдагаваць
  • Енциклопедія сучасної України  (укр.)
  • Остання адреса: Розстріли соловецьких в’язнів з України у 1937–1938 роках: В 2 т. — 2-е вид., доопрац. і доп. — Київ: Сфера, 2003.  (укр.)