Мікалай Пушкар

беларускі скульптар-кераміст

Мікала́й Мікі́тавіч Пушка́р (па-расейску: Николай Никитович Пушкарь; 8 траўня 1919, в. Барысаўка, Грайваранскі павет Курскай губэрні РСФСР — 29 сьнежня 1993) — беларускі маляр, скульптар-кераміст. Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларускай ССР, сябра Беларускага саюзу мастакоў.

Мікалай Пушкар
Дата нараджэньня 8 траўня 1919
Месца нараджэньня Сьцяг краіны або тэрыторыі Барысаўка Грайваранскага павету Курскай губэрні
Дата сьмерці 29 сьнежня 1993 (74 гады)
Адукацыя Харкаўская мастацкая вучэльня
Месца вучобы
Занятак маляр, скульптар, кераміст
Сябра ў Беларускі саюз мастакоў
Жанры скульптура і кераміка
Узнагароды
ордэн Айчыннай вайны II ступені
Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларускай ССР

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся 8 траўня 1919 року ў Барысаўцы (цяпер у Белгародзкай вобласьці Расеі) у сям’і іканапісцаў[1]. Рана асірацеў, выхоўваўся ў працоўнай калёніі імя Горкага пад кіраўніцтвам пэдагога Антона Макаранкі. Той заўважыў у хлопца здольнасьці да маляваньня і прапанаваў яму намаляваць партрэт Максіма Горкага, каб падараваць пісьменьніку. Максім Горкі ўпадабаў падарунак і паспрыяў у паступленьні ў Харкаўскую мастацкую вучэльню.

Па сканчэньні вучэльні ў 1937 року Мікалай Пушкар працаваў школьным выкладчыкам маляваньня. У 1938—1939 — загадчык клюбу ў вёсцы Стрыгуны Барысаўскага раёну Белгародзкай вобласьці. У 1939 року прызваны на вайсковую службу ў кавалерыйскія войскі. З 1941 року — мэханік-кіроўца ў 46-й танкавай дывізіі(d). У першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны ягоны 91-ы танкавы полк быў разгромлены, сам Пушкар паранены і патрапіў у палон. Да 1945 року быў вязьнем канцлягеру № 315(d) у нямецкім Гамэрштайне(d).

Пасьля вызваленьня вярнуўся на радзіму, дзе арыштаваны за «здраду Радзіме», знаходзіўся пад сьледзтвам у Камсамольску-на-Амуры, у 1946 року асуджаны на 15 гадоў зьняволеньня ў савецкім канцлягеры. Пакараньне адбываў у лягеры паштовая скрыня Р-246.

У 1954 року вызвалены датэрмінова. Рэабілітаваны 6 чэрвеня 1962 Вайсковай калегіяй Вярхоўнага Суду СССР[2] з-за адсутнасьці складу злачынства.

У 1954—1957 роках працаваў мадэлярам усходняй будаўнічай управы ў Карагандзе (Казаская ССР). У 1957 року пераехаў у Калінінград, дзе захапіўся мастацтвам керамікі. Працаваў скульптарам-мастаком на жалезабэтонным заводзе трэсту «Стройпромматериалы» (1957—1959), лепнікам, сьлесарам БМУ-4 трэсту «Калининградстрой» (1959—1966). У 1962 року скончыў завочны народны ўнівэрсытэт мастацтваў у Маскве. У Калінінградзе пазнаёміўся з будучай жонкай Ганнай Міхайлаўнай з Мазыру, а ў 1966 пераехаў на радзіму жонкі. Працаваў мастаком-аздабляльнікам на заводзе мэліярацыйных машынаў (1966—1968). З 1968 — мастак мастацкага фонду Гомельскага аддзяленьня Саюзу мастакоў у Мазыры.

У 1972 року на Мазырскай фабрыцы мастацкіх вырабаў Мікалай Пушкар стаяў ля вытокаў заснаваньня цэху керамікі, навучаў людзей майстэрству абпальваньня і лепкі. Творчыя традыцыі, закладзеныя Пушкаром, працягваюць жыць і разьвівацца ў прадукцыі фабрыкі. У 1976—1977 роках як скульптар браў удзел у стварэньні мэмарыяльнага архітэктурна-скульптурнага комплексу «Курган Славы» вайскоўцам і партызанам, палеглым пры вызваленьні Мазыру ад нацыстаў[3]. У 1978 року мясцовыя ўлады аддалі мастаку закінуты дом, які ён з вучнем і сваякамі адрамантаваў, зрабіў у ім майстэрню (цяпер музэй, які носіць ягонае імя). У 1982 року выйшаў на пэнсію.

Сябра КПСС з 1963 року. Сябра Саюзу мастакоў БССР з 1969 року.

Творчасьць

рэдагаваць

Мікалай Пушкар — адзін з найстарэйшых беларускіх керамістаў, тыповы прадстаўнік фальклёрнай тэматыкі ў дробнай керамічнай плястыцы, што прасочваецца ў ягонай творчасьці з канца 60-х рокаў. Працаваў пераважна з тэракотай, шамотам, карыстаўся прыёмамі ганчарнай тэхнікі.

Ягоныя работы заводзяць гледача ў беларускае Палесьсе, у непаўторны сьвет легендаў, песьняў, казак, звычаяў і ўвасабляюць мінуўшчыну ў чалавечых характарах. Выявы жыхароў гэтага краю з усёй зьменлівасьцю іхняга існаваньня, калі сьмешнага, а калі сумнага, узнаўляе майстра ва ўласных кампазыцыях.

У пошуках спрадвечна палескага фальклёру Мікалай Пушкар шмат езьдзіў па вакольных вёсках, аднак асноўнай крыніцай натхненьня для яго стаў мясцовы рынак, дзе ён выглядаў калярытныя палескія вобразы і ўвасабляў іх у гліне. Найулюбёнейшым героем раньняга пэрыяду ягонай творчасьці стаў 90-гадовы стары ганчар, які, нягледзячы на свой век, спрытна гойсаў і любіў уставіць прымаўкі, прапаноўваючы мясцовым жыхаркам уласны тавар. Ягоны вобраз, на ўласнае меркаваньне самога майстра, максымальна дакладна ўвасабляе характэрныя рысы карэнных палешукоў, такія як выкшталцонае пачуцьцё гумару, уменьне атрымліваць насалоду ад жыцьця, нягледзячы на турботы, і прыродную артыстычнасьць[4].

Яркі нацыянальны калярыт твораў Мікалая Пушкара пераўтварае маленькія керамічныя фігуркі ў сапраўдныя мастацкія творы, у якіх захаваная прыгажосьць душы беларускага народу, ягоная мудрасьць, сардэчнасьць, чуйнасьць, талент і працавітасьць. Асноўныя кампазыцыі: «Беларуская бульба», «Браткі-беларусы», «Паўлінка», «Палешукі», «Рыбак», «Мы з табою, як рыбка з вадою», «Хатняя баталія», «Паляшук-пясьняр», «Тарас на Парнасе», «Палеская прыгажуня», «Дударыкі-дудары» «Кум і кума», «Палескія напевы», «Хор вэтэранаў», «Несьцерка», «Лірнік», «Дзед і баба», «Мой родны кут», «Сон палешука», «Гарманіст», «Музыка», «Дзядуля Мазыр і прыгажуня Прыпяць», «Дзедаўскі мэтад выхаваньня», «Стрыжка пад гаршчок», «Сямейны хор», «Брыльянтавае вясельле», «Сваты», «Ярыла», «Гуканьне вясны».

За 28 гадоў творчай дзейнасьці ягоныя працы выстаўляліся на сусьветных мастацкіх выставах «ЭКСПА-60» (Манрэаль, Канада, 1965), «ЭКСПА-70» (Японія); міжнародных выставах у Баўгарыі, Вугоршчыне, НДР, Польшчы (1961, 1988), Францыі, Чэхаславаччыне (1973); больш за 300 раённых, абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставах. Шматлікія зь іх былі адзначаныя прэміямі. Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусі, фондах Беларускага саюзу мастакоў, Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва, аб’яднаным краязнаўчым музэі аддзелу культуры Мазырскага райвыканкаму і за мяжою[3].

Прэміі і ўзнагароды

рэдагаваць

У 1990 року атрымаў ганаровае званьне «Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларускай ССР»[5].

Ушанаваньне памяці

рэдагаваць

Імем Міколы Пушкара названая вуліца ў Мазыры[6].

  1. ^ Целеш, Лявон (23 верасьня 2010) Мазырскі бераг майстра Праверана 30 кастрычніка 2021 г.
  2. ^ Лобан, Любовь (4 жніўня 2015) Чудесные глиняные истории Николая Пушкаря (рас.) Правда Гомель. Гомельская праўдаПраверана 30 кастрычніка 2021 г.
  3. ^ а б Деятели культуры и искусств Регион / Известные люди. Мазырскі раённы выканаўчы камітэтПраверана 30 кастрычніка 2021 г.
  4. ^ «Его руки просили глины…» Фоторепортаж из Музея-мастерской Николая Пушкаря (рас.). TUT.BY (14 лістапада 2014). Праверана 30 кастрычніка 2021 г. Архіўная копія ад 26 студзеня 2021 г.
  5. ^ Медведева, Екатерина (24 студзеня 2014) Николай Никитович Пушкарь: его руки просили глины… (рас.). Жыццё Палесся. Праверана 30 кастрычніка 2021 г.
  6. ^ Таццяна Нікіціна, Аляксандр Бобр. (26 лютага 2018) У Мазыры ёсьць 17 вуліц, што носяць імёны дзеячаў культуры і навукі. Жыццё Палесся. Праверана 30 кастрычніка 2021 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць