Аўстраазіяцкія мовы

моўная сям’я
(Перанакіравана з «Мон-кхмэрскія мовы»)

А́ўстраазія́цкія мовы (радзей: мон-кгмэ́рскія) — сям’я моваў, якія распаўсюджаныя адасобленымі арэаламі ў Паўднёва-Ўсходняй і Паўднёвай Азіі. Сярод гэтых моваў толькі кгмэрская й віетнамская маюць вялікую колькасьць носьбітаў і параўнальна вялікі арэал распаўсюджаньня, толькі тры мовы — кгмэрская, віетнамская, монская, маюць даўнюю літаратурную традыцыю. Астатнія аўстраазіяцкія мовы, як правіла, маюць адносна невялікую колькасьць носьбітаў, ня маючы афіцыйнага статусу і вялікага моўнага арэалу.

Аўстраазіяцкая сям’я
мон-кгмэрская
Народнасьць аўстрааазіяцкія народы
Арэал Паўднёвая й Паўднёва-Ўсходняя Азія
Лінгвістычная клясыфікацыя Аўстрычная макрасям’я (гіпотэза)
  • Аўстраазіяцкая сям’я
Склад
мунда, кгасі-палаўнская, кгму, паканская, віета-катуйская, багнарская, кгмэрская, пэарская, нікабарская, асьлінская, монская, шомпэнская (?) галіны
Колькасьць носьбітаў каля 90 млн чал.

Арэал аўстраазіяцкіх моваў на мапе Паўднёва-Ўсходняй Азіі

Лінгвістычны партал Ethnologue у складзе аўстраазіяцкай сям’і налічвае прынамсі 171 мову[1]. Аўстраазіяцкую сям’ю моваў традыцыйна прынята дзяліць на дзьве галіны: мон-кгмэрскую й мунда, якія, у сваю чаргу, разгаліноўваюцца на 13—14 групаў.

Іншыя клясыфікацыі прапаноўваюць падзел аўстраазіяцкае сям’і на 3 галіны: мунда, кгасі-кгму і ўласна мон-кгмэрскую[2]. Паводле іншых прапаноўваецца адмова ад мон-кгмэрскае галіны ўвогуле, перамяшчаючы тэрмін мон-кгмэрскія мовы ў значэньне сыноніму тэрміну аўстраазіяцкія мовы[3].

Аўстраазіяцкія мовы геаграфічна блізкія да моваў індаэўрапейскай, сына-тыбэцкай, тай-кадайскай, аўстранэзійскай і дравідыйскай сем’яў, якія, аднак зьявіліся ў рэгіёне пазьней за аўстраазіяцкія[4]. Генэтычныя дасьледаваньні носьбітаў аўстраазіяцкіх моваў сьведчаць пра паходжаньне іх продкаў у рэгіёне сучаснай Індыі ды іх міграцыі ў рэгіён Паўднёва-Ўсходняй Азіі з даліны ракі Брахмапутра[5].

Асноўныя рысы

рэдагаваць

Аўстраазіяцкія мовы вылучаюцца на фоне астатніх моўных сем’яў асаблівым узорам складаньня дзеясловаў і назоўнікаў, якія звычайна ўтвараюцца з рэдукаванага і поўнага складу. Часта маюцца таксама інфіксы — марфэмы, якія ўстаўляюцца ў сярэдзіну кораню.

У фанэтыцы й фаналёгіі адзначаецца прысутнасьць вялікае колькасьці галосных, а таксама тры віды іх супрацьпастаўленьня: паводле рэгістру, паводле мадальнага або прыдыхальнага голасу альбо паводле мадальнага або рыпучага голасу[6]; мовы пэарскай і некаторыя мовы віецкай галінаў могуць мець тры або нават чатыры віды супрацьпастаўленьня галосных. Некаторыя з аўстраазіяцкіх моваў страцілі супрацьпастаўленьне паводле рэгістру, замест чаго разьвіліся дыфтонгі або, як, напрыклад, у віетнамскай мове, тоны.

Гісторыя

рэдагаваць

У сучаснай лінгвістыцы праводзяцца дасьледаваньні па рэканструкцыі прааўстраазіяцкай мовы. Сярод падобных працаў адзначаюцца параўнальны слоўнік мон-кгмэрскіх моваў брытанскага лінгвіста Г. Л. Шорта. Тым ня менш, адносна слаба засьведчаныя мовы мунда, распаўсюджаныя на ўсходзе і ў цэнтры Індыі.

Паводле Сыдўэла падаецца наступная рэканструкцыя інвэнтару зычных у прааўстраазіяцкай мове:

*p *t *c *k
*b *d
*m *n
*w *l, *r *j
*s *h

Гук *ʄ лепей захоўваецца ў катуйскіх мовах, якія распаўсюджаныя на паўднёвым усходзе Лаосу і паўночным усходзе Віетнаму. Згодна з тэорыяй Сыдўэла прарадзіма носьбітаў аўстраазіяцкіх моваў месьцілася ў сярэднім цячэньні ракі Мэконг, што ў раёне сутыку межаў Камбоджы, Лаосу й Тайлянду. Ім жа прапаноўваецца тэорыя, паводле якой распад прааўстраазіяцкай мовы адбыўся значна пазьней, прыблізна ў 2000 г. да н.э.[7].

Клясыфікацыя

рэдагаваць

Сучаснымі лінгвістамі традыцыйна прызнаецца падзел аўстраазіяцкае моўнае сям’і на дзьве галіны: мон-кгмэрскую (Паўднёва-Ўсходняя Азія, Паўночна-Ўсходняя Індыя, Нікабарскія астравы) і галіну мунда (часткова ўсходняя ды цэнтральная Індыя, пэўныя раёны Банглядэш). Тым ня менш, існуе мала апублікаваных трывалых доказаў на карысьць падобнай клясыфікацыі.

Узаемнае дачыненьне ніжэй пададзеных групаў унутры аўстраазіяцкай сям’і зьяўляецца прыдметам дыскусіяў. У дадатак да гэтага, ніжэй прыведзеныя іншыя варыянты клясыфікацыі, якія адмаўляюць мон-кгмэрскую галіну наогул. Між тым, для любой з падобных клясыфікацыяў на цяперашні час апублікаваная малая колькасьць інфармацыі. Апрача таго, існуюць гіпотэзы, згодна зь якімі сьцьвярджаецца пра наяўнасьць субстрату іншых аўстраазіяцкіх моваў у некаторых не-аўстраазіяцкіх мовах: у ачэскай (поўнач Суматры), чамскіх мовах (Паўднёва-Ўсходняя Азія) і мовах даяк (Калімантан)[8].

Паводле Сыдўэла

рэдагаваць

Паводле Сыдўэла ў лексыкастатыстычным дасьледаваньні 36 аўстраазіяцкіх моваў, была ўсталяваная наяўнасьць падабенстваў амаль усіх аўстраазіяцкіх моваў, акрамя мунда і нікабарскіх, з багнарскімі і катуйскімі мовамі[9], згодна з чым Сыдўэл прыйшоў да высновы, што дадзеныя мовы патрэбна разглядаць як роўнааддаленыя адна да адной. Паводле Сыдўэла й Блэнча таксама высунутая гіпотэза пра існаваньне кгасі-палаўнскай групы, якая падзяляе шмат рысаў з мовамі кгму[10]. Імі ж было высунутае меркаваньне пра прыналежнасьць да аўстраазіяцкіх моваў шомпэнскай мовы — ізаляванай і мала дасьледаванай мовы, што распаўсюджаная на востраве Вялікі Нікабар Нікабарскіх астравоў.

  • Аўстраазіяцкія мовы:
    • Асьлінскія;
    • Багнарскія;
    • Віецкія;
    • Катуйскія;
    • Кгасі-палаўнская:
      • Кгасі мовы;
      • Палаўнскія;
    • Кгмэрскія;
    • Нікабарскія;
    • Монскія;
    • Мунда;
    • Паканскія;
    • Пэарскія;
    • Шомпэнская (?)

Паводле Дыфлёта

рэдагаваць

Ж. Дыфлёт, адзін з спэцыялістаў па аўстраазіяцкіх мовах, ажыцьцявіў спробу клясыфікацыі аўстраазіяцкіх моваў на аснове наяўнасьці ў іх агульных інавацыяў, якія, аднак, як іншыя доказы тых ці іншых клясыфікацыяў, не былі апублікаваныя:

  • Аўстраазіяцкія:
    • Уласна мон-кгмэрскія («ядзерныя» мон-кгмэрскія):
      • Монскія, асьлінскія, нікабарскія, пэарскія, багнарскія, катуйскія, віецкія мовы, кгмэрская мова;
    • Кгасі-кгму мовы:
      • Кгасі мовы, палаўнскія мовы, паканскія мовы, кгму мовы;
    • Мунда мовы:
      • Кгерварская мова, мова корку, кгарска-джуанскія мовы, савара, рэма.

Гэты варыянт клясыфікацыі ўзгадняецца зь некаторымі дасьледаваньнямі адносна шляхоў міграцыі Y-храмасомнай гаплягрупы O2a1-M95, але тэрміны, атрыманыя ў дасьледаваньнях, значна старэйшыя за лічбы, што даюцца ў лінгвістычных дасьледаваньнях[11][a].

Паводле Пэйраса

рэдагаваць
 
Дрэва клясыфікацыі паводле Пэйраса

Існуе клясыфікацыя паводле Пэйраса, у якой выкарыстаныя лексыкастатыстычныя мэтады і якая засноўваецца на адсоткавай дзелі агульных супадзеньняў у лексыцы. Гэты варыянт клясыфікацыі высоўвае гіпотэзу, што некаторыя з аўстраазіяцкіх моваў могуць быць больш аддаленыя адна ад адной у выніку ўзаемных моўных кантактаў. Ніжэй прыведзены схематычны варыянт гэтае клясыфікацыі, а таксама дрэва гэтае клясыфікацыі на выяве справа (з датамі падзелу).

  • Нікабарскія мовы:
    • Мунда-кгмэрскія:
      • Мунда;
      • Мон-кгмэрскія:
        • Кгасі;
        • Уласна мон-кгмэрскія:
          • Манскія;
          • Віецкія;
          • Паўночна-мон-кгмэрскія:
            • Палаўнскія мовы, кгму мовы;
          • Цэнтральна-мон-кгмэрскія:
            • Кгмэрскія дыялекты;
            • Пэарскія мовы;
            • Асьлі-бангарскія:
              • Асьлінскія;
                • Мон-багнарскія:
                  • Монскія мовы;
                  • Кату-багнарскія мовы:
                    • Катуйскія мовы, багнарскія мовы.

Іншая клясыфікацыя, прынятая Дыфлётам у 1974 годзе, выкарыстоўваецца энцыкляпэдыяй «Брытаніка» і, зь некаторымі нюансамі, лінгвістычным парталам Ethnologue. Між тым, ад гэтай клясыфікацыі адмовіўся сам ейны аўтар.

  • Мунда мовы:
    • Паўночныя мунда мовы:
      • Корку, кгерварскія;
    • Паўднёвыя мунда мовы:
      • Кгарыя-джуанг мовы, карапут мунда;
    • Мон-кгмэрскія:
      • Усходне-мон-кгмэрскія:
        • Кгмэрская мовы, пэарскія, багнарскія, катуйскія, віецкія мовы;
      • Паўночна-мон-кгмэрскія:
        • Кгасі, палаўнскія мовы, кгму мовы;
      • Паўднёва-мон-кгмэрскія:
        • Монская мова, асьлінскія, нікабарскія мовы.

Пісьмовасьць

рэдагаваць

Найбольш рапасўюджаныя мовы сям’і, віетнамская й кгмэрская, выкарыстоўваюць у пісьмовасьці лацініцу і кгмэрскае пісьмо адпаведна. Кгмэрскае пісьмо паходзіць ад старажытнаіндыйскага складовага пісьма брагмі[12], ад брагмі паходзяць таксама пісьмовасьці няроднасных тайскай і лаоскай моваў — тайская ды лаоская пісьмовасьць выкарыстоўваюцца ў пісьмовасьці некаторых малых аўстраазіяцкіх народаў. Мовы санталі, сора і го (распаўсюджаныя ў Індыі) маюць уласныя пісьмовасьці. Пісьмовасьці для санталі й сора створаныя ў ХХ ст. уласнай інтэлігенцыяй, для го — у ХІІІ ст.[13][14][15] У пачатку ХХ ст. для малых народаў Лаосу выкарыстоўвалася ўласнае пісьмо — кгом.

  1. ^ Austro-Asiatic | Ethnologue
  2. ^ Diffloth 2005
  3. ^ Sidwell 2009
  4. ^ Sidwell & Blench, 2011
  5. ^ Reddy, Battini M., et al. 47 // Y-chromosome evidence suggests a common paternal heritage of Austro-Asiatic populations. — BMC Journal of Evolutionary Biology, 2007. — Т. 7.
  6. ^ Dipfloth, Gerard. Proto-Austroasiatic creaky voice. — Ithaca: Dept. of Modern Languages and Linguistics, Merrill Hall, Cornell University, 1989.
  7. ^ Sidwell, Paul; Roger Blench. The Austroasiatic Urheimat: the Southeastern Riverine Hypothesis / Enfield, N.J. — Dynamics of Human Diversity. — Canberra: Pacific Linguistics, 2011. — С. 317-345.
  8. ^ Roger Blench. Are there four additional unrecognised branches of Austroasiatic? / Sidwell, Blench. — Bangkok: 2009.
  9. ^ Sidwell (2009a)
  10. ^ Sidwell & Blench (2011)
  11. ^ Kumar, Vikrant et al. 47 // Y-chromosome evidence suggests a common paternal heritage of Austroasiatic populations. — BMC Evol Biol, 2007. — Т. 7.
  12. ^ Khmer/Cambodian alphabet, pronunciation and language (анг.) Omniglot Праверана 4 сакавіка 2014 г.
  13. ^ Santali alphabet, pronuncation and language (анг.) Omniglot Праверана 4 сакавіка 2014 г.
  14. ^ Sorang Sompeng script (анг.) Omniglot Праверана 4 сакавіка 2014 г.
  15. ^ Varang Kshiti alphabet and Ho language (анг.) Omniglot Праверана 4 сакавіка 2014 г.
  1. ^ Глядзіце таксама мапу, складзеную на аснове пэўных генэтычных дасьледаваньняў, якая адлюстроўвае гістарычныя міграцыі носьбітаў гэтых моваў.

Літаратура

рэдагаваць
  • Adams, K. L. (1989). Systems of numeral classification in the Mon–Khmer, Nicobarese and Aslian subfamilies of Austroasiatic. Canberra, A.C.T., Australia: Dept. of Linguistics, Research School of Pacific Studies, Australian National University. ISBN 0-85883-373-5
  • Bradley, David (2012). „Languages and Language Families in China”, in Rint Sybesma (ed.), Encyclopedia of Chinese Language and Linguistics.
  • Chakrabarti, Byomkes. (1994). A Comparative Study of Santali and Bengali.
  • Diffloth, Gérard (2005). „The contribution of linguistic palaeontology and Austro-Asiatic”. in Laurent Sagart, Roger Blench and Alicia Sanchez-Mazas, eds. The Peopling of East Asia: Putting Together Archaeology, Linguistics and Genetics. 77–80. London: Routledge Curzon. ISBN 0-415-32242-1
  • Filbeck, D. (1978). T'in: a historical study. Pacific linguistics, no. 49. Canberra: Dept. of Linguistics, Research School of Pacific Studies, Australian National University. ISBN 0-85883-172-4
  • Hemeling, K. (1907). Die Nanking Kuanhua.
  • Peck, B. M., Comp. (1988). An Enumerative Bibliography of South Asian Language Dictionaries.
  • Peiros, Ilia. 1998. Comparative Linguistics in Southeast Asia. Pacific Linguistics Series C, No. 142. Canberra: Australian National University.
  • Shorto, Harry L. edited by Sidwell, Paul, Cooper, Doug and Bauer, Christian (2006). A Mon–Khmer comparative dictionary. Canberra: Australian National University. Pacific Linguistics. ISBN 0-85883-570-3
  • Shorto, H. L. Bibliographies of Mon–Khmer and Tai Linguistics. London oriental bibliographies, v. 2. London: Oxford University Press, 1963.
  • Sidwell, Paul (2005). „Proto-Katuic Phonology and the Sub-grouping of Mon–Khmer Languages”. In Sidwell, ed., SEALSXV: papers from the 15th meeting of the Southeast Asian Linguistic Society.
  • Sidwell, Paul (2009a). The Austroasiatic Central Riverine Hypothesis. Keynote address, SEALS, XIX.
  • Sidwell, Paul (2009b). Classifying the Austroasiatic languages: history and state of the art. LINCOM studies in Asian linguistics, 76. Munich: Lincom Europa.
  • Zide, Norman H., and Milton E. Barker. (1966) Studies in Comparative Austroasiatic Linguistics, The Hague: Mouton (Indo-Iranian monographs, v. 5.).

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Аўстраазіяцкія мовысховішча мультымэдыйных матэрыялаў