Маці з плошчы Траўня
«Маці з плошчы Траўня» (па-гішпанску: Madres de Plaza de Mayo) — аргентынская праваабарончая арганізацыя, створаная ў 1977 року ў адказ на распачаты вайсковай дыктатурай Хорхэ Відэлі працэс нацыянальнай рэарганізацыі і з мэтай пошуку зьніклых дысыдэнтаў. Пазьней мэтай руху стала таксама раскрыцьцё злачынстваў супраць чалавецтва рэжыму, асуджэньня і пакараньня.
Маці з плошчы Траўня | |
Madres de Plaza de Mayo | |
Дата ўтварэньня | 1977 (47 гадоў таму) |
---|---|
Штаб-кватэра | Буэнас Айрэс |
Афіцыйныя мовы | гішпанская |
Кіраўніца | Эбэ дэ Банафіні |
Сайт | madres.org |
Назва руху паходзіць ад пляцу Траўня перад прэзыдэнцкай рэзыдэнцыяй у Буэнас Айрэсе, дзе 30 красавіка 1977 року пачаліся жаночыя пратэсты, якія патрабавалі зьвестак пра лёс сваіх зьніклых дзяцей. Пратэсты заставаліся сядзячымі, але з увядзеньнем надзвычайнага стану былі разагнаныя паліцыяй.
Пасьля аднаўленьня дэмакратыі «Маці з плошчы Траўня» працягнулі свае дэманстрацыі з патрабаваньнямі пакараньня вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў зрынаньні Ісабэль Пэрон, і дабіліся сваёй мэты ў 1985 року.
«Маці з плошчы Траўня» сталі першай арганізацыяй, узнагароджанай прэміяй Сахарава за свабоду думкі (1992).
Стварэньне
рэдагавацьУ 1976—1983 роках вайсковая хунта ў Аргентыне праводзіла гэтак званую брудную вайну — тэрор, перасьлед і выкраданьні дысыдэнтаў, сацыялістаў, левых пэраністаў (партызанаў-мантанэрас). Пасьля катаваньняў швадроны сьмерці хавалі забітых у палёх ці безыменных магілах[1].
30 красавіка 1977 року 13 жанчынаў на чале з Асусэнай Вільяфлёр дэ Дэ Вінсэнці[2] сабраліся на плошчы Траўня перад прэзыдэнцкім палацам Каса Расада ў Буэнас-Айрэсе, нягледзячы на забарону сходаў больш за тры чалавекі[3]. У кожнай зь іх вайскоўцы «забралі» прынамсі аднаго нашчадка.
Такія шэсьці сталі паўтарацца шточацьвер, паступова колькасьць удзельніц расла. Яны насілі белыя шалікі як сымбаль падгузкаў сваіх зьніклых дзяцей, на якіх пісалі іхнія імёны і даты нараджэньня. Шпацыруючы парамі, мацяркі спрабавалі дамагчыся ад ураду спыненьня парушэньня правоў чалавека[1].
Дзейнасьць
рэдагаваць«Маці з плошчы Траўня» сталі першым значным арганізаваным рухам, які супрацьстаяў аргентынскаму рэжыму. Такая нетрадыцыйная для жанчынаў Лацінскай Амэрыкі актыўнасьць стала шмат для каго нечаканасьцю і дапамагла прыцягнуць увагу да парушэньняў правоў чалавека на міжнароднай арэне ды разбурыць прапагандысцкія міты хунты[4].
Улады рэагавалі рэакцыйнымі мэтадамі, называючы дзяячак руху «вар’яткамі»[5].
10 сьнежня 1977 року, у Міжнародны дзень правоў чалавека, «Маці з плошчы Траўня» распаўсюдзілі газэту зь імёнамі сваіх зьніклых дзяцей. Тае ж начы заснавальніца руху Асусэна Вільяфлёр была выкрадзеная, катаваная і выкінутая з самалёта[3][6]; падобны лёс напаткаў яшчэ з тузін дзяячак руху. Рэшткі некаторых зь іх дагэтуль ня знойдзеныя. Зьнікненьне францускіх манашак Леані Дуке і Аліс Дамон выклікала міжнароднае абурэньне і заклікі да ААН рассьледаваць злачынствы супраць чалавецтва, аднак аргентынскія ўлады заявілі пра сваю недатычнасьць да выкраданьня францускіх грамадзянак[7].
У 2005 року судмэдэкспэрты выявілі рэшткі целаў, зарытых на беразе пляжу Санта Тэрэсіта каля Буэнас Айрэсу. Па выніках ДНК-тэсту сярод іх былі ідэнтыфікаваныя Асусэна Вільяфлёр і яшчэ дзьве з пачынальніц руху, «зьніклых» у 1977[8][3].
У 1983 року вайскоўцы дыктатуры пачалі раскрываць інфармацыю пра злачынствы рэжыму, назваўшы колькасьць зьніклых падобным чынам — больш за 9000 чалавек. Аднак «Маці з плошчы Траўня» сьцьвярджаюць, што іхняя колькасьць магла дасягаць 30 000[1]. Большасьць зь іх былі старшаклясьнікамі, студэнтамі, маладымі спэцыялістамі, прафсаюзнымі работнікамі у веку найчасьцей да 35 гадоў.
У 1984 року ў распазнаньні знойдзеных парэштак арганізацыі дапамагала генэтык ЗША Мэры-Клэр Кінг. У 1985 року была арганізаваная дзяржаўная камісія па рассьледаваньні зьнікненьняў, аднак пасьля пагрозаў вайскоўцаў захапіць уладу парлямэнт Аргентыны ў 1986 року прыпыніў сьледзтва.
У 2003 року Кангрэс скасаваў дзеяньне гэтага закону(d), а ў 2005 року ён і ўвогуле быў прызнаны неадпаведным канстытуцыі. За часам кіраваньня Нэстара Кіршнэра рассьледаваньне ваенных злачынстваў аднавілася. Большасьць удзельнікаў хунты былі асуджаныя за злачынствы супраць чалавечнасьці[9].
Пасьля зрынаньня дыктатуры «Маці з плошчы Траўня» ўдзельнічаюць у адстойваньні чалавечых, палітычных і грамадзянскіх правоў у Лацінскай Амэрыцы ды па ўсім сьвеце[10]. З дапамогай «Бабуляў з плошчы Траўня» яны здолелі знайсьці 256 зьніклых дзяцей, адабраных немаўлятамі ў жанчын, якія нарадзілі іх у турмах ці лягерох.
У 1986 року «Маці з плошчы Траўня» падзяліліся на дзьве часткі. Першая, вядомая як «заснавальнікі», сканцэнтравалася на заканадаўчай дзейнасьці, пошуку парэштак зьніклых дзяцей, давядзеньні злачынцаў да суду. Больш радыкальнае крыло — «Асацыяцыя Мацярок з плошчы Траўня» — працягнулі палітычную дзейнасьць, якой займаліся іхнія зьніклыя дзеці. Яны адмовіліся ад дзяржаўнай дапамогі і кампэнсацыі, паабяцаўшы не прызнаваць сваіх дзяцей мёртвымі, пакуль дзяржава перад імі не павініцца[11]. Гэтую фракцыю цяпер падтрымлівае моладзь, прыхільная да сацыялізму.
26 студзеня 2006 року ўдзельніцы «Асацыяцыі Мацярок з плошчы Траўня» правялі свой «Апошні марш супраціву», паколькі лічаць, што «ворага ў Доме ўраду больш няма»[12]. Яны ўхвалілі дзейнасьць прэзыдэнта Нэстара Кіршнэра ў прызнаньні неканстытуцыйнымі «Закону поўнага спыненьня» і закону падпарадкаваньня загадам(d)[13], паводле якіх злачынцы заставаліся непакаранымі. «Маці з плошчы Траўня — заснавальнікі» працягваюць як шточацьвярговыя, так і штогадовыя маршы ў памяць пра змаганьне з дыктатурай.
Бабулі
рэдагавацьУ 1977 року паўстала яшчэ адна жаночая арганізацыя, «Бабулі з плошчы Траўня» (гішп. Asociación Civil Abuelas de Plaza de Mayo). Гэта аб’яднаньне жанчын, якія займаюцца пошукам дзяцей, чые маці былі забітыя за часам дыктатуры.
Прэміі і ўзнагароды
рэдагаваць- Прэмія Сахарава за свабоду думкі (Эўразьвяз, 1992);
- Мэдаль гёзаў (Нідэрлянды, 1997);
- Прэмія ЮНЭСКО за мірную адукацыю (1999).
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Meade, Teresa A. 2016.
- ^ Testimonio de Mirta Acuña de Baravalle / 09 de mayo 2012 (гішп.). Biblioteca Nacional Mariano Moreno (9 траўня 2012). Праверана 12 сакавіка 2021 г.
- ^ а б в Clare Hunter. Threads of Life: A History of the World Through the Eye of a Needle. — London: Sceptre (Hodder & Stoughton), 2019. — С. 157—159. — ISBN 9781473687912
- ^ [1]. «Purdue University Press», article, «Textual Strategies to Resist Disappearance and the Mothers of Plaza de Mayo», 2007. Accessed: May 4, 2015.
- ^ Lester Kurtz. «Movements and Campaigns», Nonviolent Conflict website, N.p., n.d. Web. 16 December 2012
- ^ [2]. «Gariwo», article, «Azucena Villaflor: A Mother of the Plaza de Mayo». Accessed: May 4, 2015.
- ^ Durham, Robert B. False Flags, Covert Operations, & Propaganda. — lulu.com. — P. 96. — ISBN 978-1312462885
- ^ [3]. Los Angeles Times, article, "Argentines Remember a Mother Who Joined the 'Disappeared' ", 24 March 2006. Accessed: May 4, 2015.
- ^ [4]. «comisionjuiciocampodemayo.wordpress.com», article, «Listado de condenados por delitos de lesa humanidad», March 19, 2012. Accessed: February 7, 2018.
- ^ [5]. University of Denver, Case Specific Briefing Paper, «Mothers of the Plaza de Mayo: First Responders for Human Rights», 2011. Accessed: May 4, 2015.
- ^ [6]. «The Oxford International Encyclopedia of Peace», Volume 2, «Early Christianity and Antimilitarism — Mass Violence and Trends», 2010. Accessed: May 4, 2015.
- ^ DyN, EFE (news agencies) (26 January 2006) Las Madres de Plaza de Mayo realizaron la última Marcha de la Resistencia Clarin
- ^ Bonafini anunció que las Madres harán la última Marcha de la Resistencia El Pais. Edant (14 January 2006).
Літаратура
рэдагаваць- Rita Arditti. Searching for Life: The Grandmothers of the Plaza De Mayo and the Disappeared Children of Argentina. — University of California Press, 1999. — 251 с. — ISBN 9780520215702
- Marguerite Guzman Bouvard. Revolutionizing Motherhood: The Mothers of the Plaza de Mayo. — Rowman & Littlefield, 1994. — 278 с. — ISBN 9780842024877
- Marguerite Feitlowitz. A Lexicon of Terror: Argentina and the Legacies of Torture. — Oxford University Press, 1998. — 302 с. — ISBN 9780195134162
- Josephine Fisher. Mothers of the Disappeared. — South End Press, 1989. — 168 с. — ISBN 9780896083707
- Teresa A. Meade. History of Modern Latin America: 1800 to the Present. — 2. — Chichester, West Sussex: Wiley-Blackwell, 2016. — 408 с. — ISBN 9781118772485
- Matilde Mellibovsky. Circle of Love Over Death: Testimonies of the Mothers of the Plaza de Mayo / trans. by Matthew Proser, Maria A. Proser. — Curbstone Press, 1997. — 249 с. — ISBN 9781880684382