Матэрыялізм

філязофская канцэпцыя
(Перанакіравана з «Матэрыяльнае»)

Матэрыялізм — у філязофіі гэта ўяўленьне аб тым, што ўсе факты (улучаючы факты аб чалавечым розуме і гісторыі чалавецтва) прычынна залежаць ад фізычных працэсаў ці прыводзяцца імі[1]. Аб’ектыўная рэальнасьць, якая адлюстроўваецца адчуваньнямі суб'екта і існуе ў (значнай) незалежнасьці ад іх. Матэрыялізм зьяўляецца адным з двух галоўных кірункаў у філязофіі. Супрацьлеглым кірункам зьяўляецца ідэалізм. Супрацьлегласьць ідэальнага і матэрыяльнага зьяўляецца адноснай: тое, што ідэальна для аднаго, матэрыяльна для іншага, і наадварот.

Матэрыялістычныя тэорыі ў асноўным падзяляюцца на тры групы. Наіўны матэрыялізм вызначае матэрыяльны сьвет з канкрэтнымі элемэнтамі, як то схема з чатырох элемэнтаў агню, паветра, вады і зямлі, якая была вынайдзеная яшчэ ў часы дасакратычнай філязофіі. Мэтафізычны матэрыялізм разглядае асобныя часткі Сусьвету ў статычным, ізаляваным асяродзьдзі. Дыялектычны матэрыялізм адаптуе гэгелеўскую дыялектыку матэрыялізму, разглядаючы часткі Сусьвету ў адносінах адзін да аднаго ў дынамічным асяродзьдзі.

Матэрыялізм цесна зьвязаны з фізыкалізмам, то бок, лічыцца, што ўсё, што існуе ў канчатковым выніку ёсьць фізычным. Філязофія фізыкалізму эвалюцыянавала ад матэрыялізму праз адкрыцьці ў галіне фізыцы, і ўключае ў сябе больш складаныя паняткі матэрыяльнасьці, як то прастору-час, фізычныя энэргію і сілы, цёмную матэрыю, і гэтак далей.

Этымалёгія

рэдагаваць

Слова «матэрыялізм» пачалі ўжываць у XVII стагодзьдзі галоўным чынам у сэнсе фізычных уяўленьняў аб матэрыі, а пазьней у больш агульнам, філязофскім сэнсе (Готфрыд Ляйбніц) для супрацьпастаўленьня матэрыялізма ідэалізму.

Праблемнае поле

рэдагаваць

Матэрыялізм імкнецца даказаць, што сьвет паводле сваёй прыроды матэрыяльны і існуе аб’ектыўна, незалежна ад сьвядомасьці, што матэрыя ёсьць першаснай і вызначальнай да сьвядомасьці. Матэрыяльнае мае анталягічнае адценьне ў адрозьненьне ад рэчаіснасьці. Катэгорыя матэрыі зьяўляецца абагульненьнем катэгорыі матэрыяльнага (і ідэальнага, у сілу іх суадноснасьці).

Прырода матэрыі

рэдагаваць

Прырода і вызначэньне матэрыі, як любога іншага важнага панятка ў навуцы і філязофіі, выклікае гарачыя дэбаты[2]. Спрэчкі вядуцца наконт колькасьці відаў матэрыі, ейнага складу і гэтак далей.

Навуковыя веды пра сьветабудову ўвесь час зьмяняюцца. У XIX стагодзьдзі панавалі погляды бесьперапыннасьці рэчыва. Потым стала зразумела, што рэчыва складаецца з часьцінак — атамаў. Дзякуючы тэорыі рэлятыўнасьці фізычныя палі атрымалі статус сутнасьцяў, матэрыяльнасьці. Квантавая мэханіка вызначыла немагчымасьць адначасовага вымярэньня некаторых фізычных велічынь, напрыклад становішча часьцінкі і ейны імпульс. У канцы ХХ стагодзьдзя адкрыцьці ў галіне астраноміі паказалі, што ня ўсё можна ўбачыць. Выснову пра існаваньне цёмнай матэрыі і цёмнай энэргіі робяць толькі з аналізу кручэньня далёкіх галяктык і паскоранага пашырэньня Сусьвету. Такім чынам, навука пакуль не дае магчымасьць ведаць пра ўсё існае ў Сусьвеце, і няма аніякай упэўненасьці ў тым, што можна будзе высьветліць тое, пра што чалавецтва яшчэ ня ведае.

Паколькі навуковыя ўяўленьні пра матэрыю зьмяняюцца, матэрыялізм ня можа абаперціся на канкрэтную тэорыю матэрыі. Як адзначыў Ноам Чомскі, любую ўласьцівасьць можна абвесьціць матэрыяльнай, калі вызначыць матэрыю так, што матэрыяльнасьць адпавядае менавіта гэтай уласьцівасьці[3].

  1. ^ Materialism (phylosophy). Encyclopædia Britannica
  2. ^ Herbermann, Charles, ed. (1913). «Matter». Catholic Encyclopedia. New York: Robert Appleton Company.
  3. ^ Chomsky, Noam (2000) «New Horizons in the Study of Language and Mind». Cambridge University Press. ISBN 0521658225

Вонкавыя сасылкі

рэдагаваць