Агульная тэорыя адноснасьці

геамэтрычная тэорыя прыцягненьня
(Перанакіравана з «Агульная тэорыя рэлятыўнасьці»)

Агу́льная тэо́рыя адно́снасьці[1] (СТА) — геамэтрычная тэорыя прыцягненьня, якая разьвівае спэцыяльную тэорыю адноснасьці (СТА), апублікаваную Альбэртам Айнштайнам у 1915—1916 гадах[2]. У рамках агульнай тэорыі адноснасьці, як і ў іншых мэтрычных тэорыях, пастулюецца, што гравітацыйныя эфэкты абумоўленыя не сілавым узаемадзеяньнем целаў і палёў, якія знаходзяцца ў прасторы-часе, а дэфармацыяй самой прасторы-часа, якая зьяўляецца зьвязанай, у прыватнасьці, з прысутнасьцю масы-энэргіі. Агульная тэорыя адноснасьці адрозьніваецца ад іншых мэтрычных тэорыяў прыцягненьня выкарыстаньнем раўнаньняў Айнштайна для сувязі крывіні прасторы-часу з прысутнай у ім матэрыяй.

Альбэрт Айнштайн — аўтар агульнай тэорыі рэлятыўнасьці (1921 год)

Гэтае сьцьвярджэньне стала асновай шматлікіх адкрыцьцяў, такіх як гравітацыйны чырвоны зрух, скрыўленьне промняў сьвятла каля вялікіх гравітацыйных масаў (як то зорак), чорныя дзіркі, запаволеньне часу ў гравітацыйным полі і г. д. Але варта адзначыць, што з прынцыпу эквівалентнасьці не вынікае адзінасьць раўнаньняў крывіні прасторы-часу, і гэта ў прыватнасьці прывяло да зьяўленьня гэтак званай касмалягічнай сталай, якая фігуруе ў шэрагу тэорыяў.

Мадыфікацыі закона сусьветнага прыцягненьня Ньютана прывялі да першага посьпеху новай тэорыі: карэктнага прадказаньня эфэкту прэцэсіі (ваганьня) пэрыгелію арбіты Мэркурыя. Многія іншыя прадказаньні тэорыі былі ў далейшым пацьверджаны астранамічнымі назіраньнямі. З прычыны высокай складанасьці гэтых назіраньняў і цяжкасьці з дасягненьнем здавальняючай дакладнасьці вымярэньняў набылі права на існаваньне альтэрнатыўныя тэорыі гравітацыі, як то тэорыя Бранза — Дыке або бімэтрычная тэорыя Розэна. Але няма пакуль такіх экспэрымэнтальных зьвестак, якія б маглі выклікаць неабходнасьць перагляду агульнай тэорыі адноснасьці.

Тым ня менш, існуюць тэарэтычныя падставы казаць, што агульная тэорыя адноснасьці зьяўляецца няскончанай тэорыяй. Яна не стасуецца з квантавай мэханікай, а ейнае найбольш прамое квантавае абагульненьне паказвае некарэктныя вынікі ва ўмовах высокіх энэргіяў. Пытаньне аб аб’яднаньні гэтых двух тэорыяў — адна з фундамэнтальных праблемаў сучаснай тэарэтычнай фізыкі.

  1. ^ Н.А. Вераскоўская. Эйнштейнова теория относительности — Эйнштэйнава тэорыя адноснасьці // Слоўнік фізічнае тэрмінолёгіі / рэд. А.Ю. Міцкевіч, каміс. Яўхім Сіроцін, Яўген Сьняткоў, Aляксандар Круталевіч. — Менск: Інбелкульт, 1929. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія).
  2. ^ Albert Einstein. (25 лістапада 1915). «Die Feldgleichungen der Gravitation». Sitzungsberichte der Preussischen Akademie der Wissenschaften zu Berlin: 844—847. Праверана 2006-09-12.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць