Марфэ́міка — разьдзел мовазнаўства, які вывучае структуру слова, яго структурныя часткі — марфэмы, іх віды, будову і спалучальнасьць у слове ці славаформе.

Гісторыя марфэмікі

рэдагаваць

У самастойную галіну навукі марфэміка вылучылася толькі ў 1960—1980-я гады. Дагэтуль марфэміка ўкроплівалася ў марфалёгію ці этымалёгію.

Прадмет дасьледаваньня марфэмікі

рэдагаваць

Прадмет дасьледаваньня — марфэмная будова слова й структурныя часткі слова (марфэмы). Пры гэтым марфэмная будова слова вывучаецца адначасова й з фармальнага, і з сэмантычнага боку.

Задачы марфэмікі

рэдагаваць

Задачы марфэмікі:

  • вывучэньне й дасьледаваньне марфэмнай будовы словаў;
  • вывучэньне марфэмы як структурнай часткі слова з пункту гледжаньня яе формы й зьместу;
  • вывучэньне герархіі марфэмаў: пасьлядоўнасьць разьмяшчэньня марфэмаў у слове, іх набор у мове, статус марфэмаў як моўных адзінак;
  • асаблівасьці спалучэньня марфэмаў у слове;
  • дасьледаваньне марфэмаў з пункту гледжаньня прадуктыўнасьці (частотнасьці ўжываньня) і рэгулярнасьці іх у мове;
  • дасьледаваньне эмацыйна-стылістычнай афарбоўкі словаў.

Сувязь марфэмікі зь іншымі разьдзеламі мовазнаўства

рэдагаваць

Сувязь марфэмікі са словаўтварэньнем асабліва цесная. Сувязным зьвяном паміж імі зьяўляецца слова. Марфэмы існуюць толькі ў складзе слова і выдзяляюцца толькі са словаў, а ўтварэньне новых словаў адбываецца на базе словаў і марфэмаў.

Кожнае новае ўтворанае слова ўключаецца зь лексычны слоўнік мовы, а лексычны слоўнік мовы — аб’ект дасьледаваньня лексыкалёгіі.

Кожнае слова належыць да пэўнай часьціны мовы. Вывучэньнем часьцінаў мовы займаецца марфалёгія. Кожная часьціна мовы мае свае ўнівэрсальныя і спэцыфічныя марфэмы, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэньні новых словаў.

Адзін з сучасных прынцыпаў беларускай артаграфіі называецца марфалягічны. Ён патрабуе графічнай аднастайнасьці перадачы марфэмаў на пісьме незалежна ад іх вымаўленьня.

Спалучэньне марфэмаў у слове заснаванае на фанэтычных законах і суправаджаецца фанэтычнымі зьявамі (чаргаваньне).

У працэсе гістарычнага разьвіцьця мовы марфэмная структура словаў можа зьмяняцца (спрошчвацца).

На базе словазлучэньняў утвараюцца складаныя словы.

Ад устойлівых выразаў утвараюцца словы (скаліць зубы — скалазуб).

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларуская граматыка: У 2 ч. — Мн: Навука і тэхніка. — Ч. 1. Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск, 1985.
  • Граматыка беларускай мовы. У 2 т. Т. 1. Мінск: Навука і тэхніка, 1962.