Малая падарожная кніжка

(Перанакіравана з «Малая падарожная кніжыца»)

«Мала́я падаро́жная кні́жка» — першы ў Беларусі друкаваны малітоўнік для сьвецкіх людзей, выдадзены ў 1522 годзе ў Вільні Францыскам Скарынам[2]. Да сярэдзіны 1970 гг. выданне называлі «Малая падарожная кніжыца», а ў 1975 годзе пасля працы Яраслава Ісаевіча ўсталявалася сучасная назва кнігі.

Малая падарожная кніжыца
Жанр: Малітаўнік
Аўтар: Францыск Скарына
Мова арыгіналу: беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы[1]
Публікацыя: 1522
Выдавецтва: Віленская друкарня Скарыны
Наступны твор: Апостал
Электронная вэрсія

Фармат і зьмест

рэдагаваць

Задума друкаванага малітоўніка для сьвецкіх людзей абумовіла назву і склад, а таксама яго выдавецкі фармат у 1/12 аркуша. У склад кнігі-канвалют, як сьведчыць яго падрабязны зьмест, Скарына ў парадку чарговасьці плянаваў ўключыць 21 выданьне: «Псалтыр», «Часасловец», 8 акафістаў і 10 канонаў, «Шасьцідневец». Зборнік (уключае сьціслыя «Сьвятцы» і «Пасхалію» са зьвесткамі з астраноміі і грамадзянскага календара, пасьляслоўе). Невядома, ці былі ўсе заплянаваныя часткі зборніка аб’яднаныя самім выдаўцом у адзіную кнігу, і ці быў надрукаваны Скарынам агульны да ўсяго выданьня тытульны аркуш з загалоўкам «Малая падарожная кніжыца». Сьлядоў такога тытульнага аркуша не захавалася. Назва зборніка, якая ўжо даўно і трывала ўвайшла ў навуковы ўжытак, аўтарская — так азагаловіў яго сам першадрукар у прыведзеным ім пасьля «Пасхаліі» падрабязным зьмесьце. Ня ўсе часткі «Малой падарожнай кніжкі» аднолькава зьберагліся.[3]

Малітоўнік (у Ікасах 7м і 11м Пятра) гаворыць пра першынство сьв. Пятра і яго наступнікаў.[2]

Гэта 2-ое выданьне «Псалтыра» (1522) Ф. Скарынам, яно зроблена ў якасьці першай часткі «Малой падарожнай кніжыцы» пасьля пераезду з чэскай Прагі ў Вільню. Гэтым выданьнем Псалтыра пачалася кнігадрукарская справа ў ВКЛ. Па колькасьці захаваных асобнікаў «Псалтыр» займае першае месца сярод іншых частак «Малой падарожнай кніжкі». Усяго вядома 9 асобнікаў[3].

Гэтая частка зьмяшчае нязьменныя тэксты дзённых царкоўных службаў бізантыйскага абраду.[2]

У малітоўніку пад тытулам "Пачынаюцца Акафісты на ўсе дні тыдня" зьмешчана 8 акафістаў і злучаных з імі канонаў па адным на кожны дзень тыдня і 2 у чацьверг:

  • Акафіст Магіле Гасподняй у нядзелю
  • Анёлам у панядзеляк
  • Яну Хрысціцелю ў аўторак
  • Багародзіцы ў сераду
  • Апосталам і сьвятому Міколу ў чацьверг
  • Крыжу ў пятніцу
  • Імю Ісусаваму ў суботу.

За выняткам акафісту Багародзіцы, усе іншыя былі надрукаваны ўпершыню.

Каноны належаць да гімнаграфічнай спадчыны Царквы бізантыйскага абраду, якія з 8га ст. ёсьць часткай ранішняй і некаторых іншых службаў.[2]

Акафіст імю Ісуса Хрыста

рэдагаваць

У пададзеным ў «Малой падарожнай кніжыцы» зьмесьце Скарына называе гэты акафіст творам якогасьці Феакціста, у той час як у зьмешчаным у ім акравершы чытаецца: «Делал доктор Скоринич Францискус». Магчыма Скарына перарабіў чужы тэкст, выкарыстаў акафіст іншага аўтара для складаньня патрэбнага акраверша. У санкт-пецярбурскім камплекце выданьняў Скарыны на тытульным аркушы гэтага акафіста пададзена гравюра, у цэнтры якой разьмешчана Багародзіца з Ісусам Хрыстом, а паабапал іх стаяць два анёлы. Пад гравюрай надрукаваны загаловак: «Починаеться акафіст пресладкому імені господа нашего Ісуса Христа, глаголемы по вся дни». Тэкст пасьляслоўя да гэтага акафіства надрукаваны чырвонай кінаварнай фарбай. Ён адкрываецца гравюрай з надпісам: «Господь наш Ісус Христос во храме навчаеть законовчителей Іудейских».[4]

Чацьвёртая складовая частка «Малой падарожнай кніжыкі» «Шестодневець кратькій на всу неделю, поченши от суботы, по обычаю всех восточных церквии». Зьмяшчае выбраныя зьменныя часткі службаў на кожны дзень тыдня[2] і займае 36 аркушаў друкаванага тэксту, але ні прадмовай, ні пасьляслоўем выдаўца не суправаджаецца.[4]

Саборнік

рэдагаваць

Гэтая частка зьмяшчае царкоўны каляндар на ўвесь год.[2]

У гэтай частцы пададзеныя даты сьвятаў Вялікоднага кругу а таксама "нямала цікавых астранамічных вестак".[2]

Мова малітоўніка

рэдагаваць

Мову акафістаў і малітваў Скарыны ў «Малой падарожнай кніжыкі» можна акрэсьліць як "царкоўнаславянскую беларускай рэдакцыі", хоць у некаторых выпадках (напр "Малітве да ўкрыжаванага Хрыста") яна набліжаецца да беларускай літаратурнай мовы пачатку 16га ст.[2]

Гісторыя вывучэньня

рэдагаваць

Упершыню ў навуковы ўжытак «Малую падарожную кніжку» ўвёў Іван Дабраслаўскі ў 1796 годзе. Дабраслаўскі ведаў і пра агульнае пасьляслоўе да кнігі, аднак зьместу яго ён не раскрыў. У 1813 годзе Васіль Сопікаў апісаў Псалтыр, які ён лічыў самастойным выданьнем надрукаваным у Вільне каля 1525 году, а таксама 14 акафістаў і канонаў. У 1825 годзе Пётр Кёпен упершыню назваў Шасьцідневец і Саборнік, якія ён, як і Дабраслаўскі, лічыў часткай аднаго выданьня. У 1849 годзе Іван Сахараў у «Храналягічным росьпісе славяна-рускай бібліяграфіі» апісаў у складзе Малой падарожнай кніжкі 16 акафістаў і канонаў, увеўшы ў навуковы зварот раней не вядомы Акафіст і канон Ісусу. У 1878 годзе Іван Каратаеў у «Апісаньні славяна-рускіх кніг, надрукаваных кірылаўскімі літарамі» апісаў выданьне, як «Малая падарожная кніжка». Адным выданьнем лічыў Малую падарожную кніжку і Уладзіміраў. У савецкі час існавалі меркаваньні, што кожная з кніжак — асобнае выданьне, указваючы на асобную фаліяцыю, выхадныя зьвесткі і ўласны тытульны ліст.

Доўгі час, пачынаючы ад Уладзімірава, лічылася, што гэтая кніга была другім – і апошнім – віленскім выданьнем Скарыны пасьля «Апостала»1525 г. У 1959 г. расейская дасьледчыца Антаніна Зёрнава выказала здагадку, што «Апостал» быў пазьнейшым выданьнем, а «Малая падарожная кніжка» выйшла ў 1523-24 гадох.[5] У 1971 годзе стала вядома пра неапісаны датуль асобнік выданьня, якія захоўваўся ў Каралеўскай бібліятэцы ў Капэнгагене, Данія. У адрозьненьні ад іншых асобнікаў, у дацкім захаваўся поўнасьцю апошні, каляндарны, разьдзел з пасхаліяй, якая лічылая згубленай. На падставе аналізу пасхаліі а. Аляксандар Надсан давёў, што «Малая падарожная кніжка» мусіла выйсьці не пазьней за верасень 1522 году.[6]

Да сярэдзіны 1970 гг. выданьне называлі «Малая падарожная кніжыца», а ў 1975 годзе пасьля працы Яраслава Ісаевіча пачалі называць «Малая падарожная кніжка».

Захаваньне

рэдагаваць

Кнігі «Малой падарожнай кніжкі» захаваліся ў параўнальна невялікай колькасьці. Найбольш распаўсюджанымі зьяўляюцца Псалтыр і Часасловец (па 9 асобнікаў), самыя рэдкія Канон пакаяльны (2 ас.), Саборнік і Шасцідневец (па 4 ас.), а пасхалія, як складовая частка Саборніка, захавалася толькі ў адным капэнгагенскім асобніку.

У сакавіку 2017 году «Белгазпрамбанк» набыў у прыватнага калекцыянэра ў сваю карпаратыўную калекцыю асобнік гэтай кнігі. Перамовы доўжыліся не адзін год. Сума, якую банк заплаціў, не агалошвалася. Гэта адзіны асобнік «Малой падарожнай кніжыцы» ў Беларусі[7][8].

  1. ^ Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А.І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мн.: Наука і тэхніка, 1990. ISBN 5-343-00447-4 С. 210
  2. ^ а б в г д е ё ж  Надсон, Аляксандар Выбраныя малітвы з Малай падарожнай кніжкі. — Лёндан: Божым шляхам, 1992.
  3. ^ а б Скарына Ф.: Творы… С. 174—175.
  4. ^ а б Скарына Ф.: Творы… С. 179—180.
  5. ^ Зёрнова, А. С. Обзор выставки книг кирилловской печати, посвящённой 375-летию со дня смерти Ивана Фёдорова / А. С. Зёрнова // Труды / Государственная библиотека СССР имени В. И. Ленина ; гл. ред. П. М. Богачев. Москва, 1959. Т. 3. С. 211-223.
  6. ^ Аляксандар Надсан (1971) Кніга Скарыны ў Капэнгагене (бел.) Божым шляхам, №5 (128) Архіўная копія
  7. ^ На радзіму вярнулася «Кніжыца» Скарыны. Сума здзелкі не агалошваецца, Народная Воля, 1.03.2017
  8. ^ Алесь Суша Вяртанне “Малой падарожнай кніжкі” Францыска Скарыны ў Беларусь  (бел.) // Беларускі гістарычны часопіс. — 2017. — № 3 (212). — P. 34-37.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць