Лісты́ Гедзімі́на — адзін з самых старажытных помнікаў пісьменства Вялікага княства Літоўскага.

Марка пошты Летувы прысьвечаная лістам Гедзіміна, 2008 г.

Захаваліся копіі шасьці лістоў вялікага князя літоўскага Гедзіміна, напісаных па-латыні ў Вільні ў 1323-1324 гг. і адрасаваных папу рымскаму Яну XXII, уладам ганзэйскіх гарадоў Брэмэну, Кёльну, Любэку, Ростаку, Грайфсвальду, Шчэціну і іншых, таксама нямецкім францысканцам і дамініканцам. У лістах Гедзімін заяўляў аб сваім жаданьні прыняць хрысьціянскую веру. Крыжакі абвінавачвалісь у тым, што яны на самой справе захопнікі і імі рухаюць зусім ня клопат аб хрысьціянізацыі Літвы. Акрамя таго, у Літву запрашаліся рыцары, лекары, рамесьнікі (шаўцы, калесьнікі, каменячосы, срэбранікі, балістарыі, солездабытчыкі, пекары), купцы, земляробы, рыбакі, а таксама сьвятары, прычым паведамлялася, што ўжо выбудаваныя дзьве царквы ў Вільні (in civitate nostra regia dicta Vilna) і Наваградку. Усім гарантавалася бясьпека, свабода перамяшчэньня, поўнае або на некалькі гадоў вызваленьне ад падаткаў і павіннасьцяў. Лісты сьведчаць аб імкненьні літоўскага гаспадара да міжнароднага прызнаньня і дазваляюць бачыць у дзейнасьці Гедзіміна шырокую праграму эканамічнай, культурнай і ваеннай мадэрнізацыі Літвы. У лістах упершыню згадваецца Вільня як сталіца Літвы.

Спалучэньне ў стылістыцы лістоў паганскіх і хрысьціянскіх рыс тлумачаць тым, што яны дыктаваліся паганцам князем, а запісваліся хрысьціянінам пісарам. Лісты ацэньваюцца ня толькі як важная крыніца гісторыі культуры і дакумэнты палітычнай гісторыі, але і як узоры сярэднявечнай эпісталярнай славеснасьці.

Літаратура

рэдагаваць
  • Gedimino laiškai = Послания Гедимина / подготовили В. Г Пашуто и И. В. Шталь. — Вильнюс, 1966.
  • Metraščiai ir kunigaikščių laiškai. — Vilnius, 1996.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць